
Праграма развіцця
Адобраныя сходам асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады прадугледжвалі ў якасці ключавых напрамкаў павышэнне якасці жыцця насельніцтва за кошт росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацый.
Выступаючы перад удзельнікамі сходу, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акрэсліў тры асноўныя адметнасці гэтага важнага дакумента.
– Першая: гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучыні, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў, – сказаў Кіраўнік краіны. – Мы выдатна разумеем: праблемы не вырашаюцца самі сабой, крызісныя з’явы не знікнуць па ўзмаху чароўнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад.
Другая адметнасць: гэта рэальная праграма, без нязбытных планаў. Тут аналізуюцца не толькі аб’ектыўныя цяжкасці, але і нашыя памылкі, і прапануюцца шляхі іх выпраўлення.
І трэцяя адметнасць: гэта праграма эвалюцыі, а не рэвалюцыі. У ёй мы цвёрда захоўваем пераемнасць нашага курса і базавыя асновы беларускай мадэлі развіцця.
Дзяржава для народа, справядлівасць, абарона простага чалавека – тое, на чым стаяла і будзе стаяць беларуская дзяржаўнасць. На УНС былі агучаны лічбы, якія сведчылі аб бясспрэчных поспехах у сферы сацыяльнай палітыкі. Так, па Індэксе чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200 краін сусветнай супольнасці перамясцілася з 68-га ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015 годзе, што забяспечыла месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. У рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі Беларусь знаходзілася ў групе 30 развітых краін і апярэджвала ўсе краіны СНД.
З вялікай увагай слухалі дэлегаты УНС і аб дасягненнях у галіне эканомікі. Дакладчыкі інфармавалі аб завяршэнні тэхнічнага абнаўлення найбуйнейшых дрэваапрацоўчых вытворчасцей, асваенні серыйнай зборачнай вытворчасці легкавых аўтамабіляў, узвядзенні завода па вытворчасці сучасных электрацягнікоў. Пачалося будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Шырокую вядомасць у свеце набыў шэраг камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў.
– Мы заўсёды прытрымліваліся прынцыпу: у любым месцы Беларусі кожнаму чалавеку павінна быць аднолькава камфортна. Не павінна быць разрыву паміж горадам і сялом, паміж сталіцай і рэгіёнам. Усе нашы тэрыторыі павінны развівацца раўнамерна. А тым, каму аб’ектыўна цяжэй, павінна аказвацца падтрымка і дапамога, – падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта палітыка будзе прадоўжана ў бягучай пяцігодцы. Галоўны напрамак – прыцягненне інвестыцый у рэгіёны, якія дадуць новыя працоўныя месцы, годную зарплату і падаткі ў мясцовы бюджэт.
Дзеючы механізм народаўладдзя
На пятым Усебеларускім народным сходзе Навагрудскі раён прадстаўлялі 18 дэлегатаў. Сярод іх – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Наумовіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Маркевіч, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізцыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Каралько, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Максім Чак, старшая медыцынская сястра гінекалагічнага аддзялення УАЗ «Навагрудская ЦРБ» Алена Пальчык і інш. На Усебеларускі народны сход дэлегаты ехалі, настроеныя на канструктыўную працу, а пасля форуму актыўна дзяліліся сваімі ўражаннямі і меркаваннямі з навагрудчанамі, выступалі ў працоўных калектывах і на старонках раённай газеты.
– Галоўная мэта на бягучую пяцігодку – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнетаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця, – адзначаў Анатолій Маркевіч. – У Навагрудскім раёне склалася станоўчая практыка супрацоўніцтва з інвестарамі. Мы зацікаўлены ў стварэнні такіх умоў, каб ім было выгадна рэалізоўваць свае праекты менавіта ў нашым раёне. Бо інвестпраекты – гэта новыя рабочыя месцы для жыхароў раёна, падатковыя паступленні ў бюджэт.
Кіраўнік раёна падкрэсліваў: важна зрабіць усё, каб людзі заставаліся жыць і працаваць у сваім раёне. У першую чаргу гэта датычыцца маладых спецыялістаў. Клопат пра моладзь – гэта разлік на заўтрашні дзень. Рэгіён жыве, калі шчаслівыя яго жыхары.
– На прыкладзе суседніх краін мы ўпэўніліся, што мір – гэта самая вялікая каштоўнасць, а страціць яго можна вельмі хутка, – казаў, выступаючы перад землякамі, Максім Чак. – Важна захоўваць добрасуседскія адносіны з іншымі дзяржавамі і разам з тым падмацоўваць сваю міралюбівую палітыку рэальнай здольнасцю дзяржавы абараніць свой народ.
Пяты Усебеларускі народны сход стаў не проста пунктам у календары палітычнага жыцця краіны, а магутным сігналам аб кансалідацыі грамадства, і на справе даказаў, што стратэгія развіцця краіны – агульная справа мільёнаў беларусаў.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |



















