Выстаўка адлюстроўвае помнік гістарычна-культурнай спадчыны «Ансамбль былога палаца Агінскіх пачатку 19 стагоддзя» у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна. У фотасюжэтах майстра прырода, краявіды дзівосных куткоў, дзе жыў і тварыў Міхаіл Клеафас Агінскі, старадаўняя і сучасная архітэктура.
Да прагляду прапануюцца 39 фотаработ. У аснову серыі фатаграфій пакладзены фотаматэрыялы, знятыя ў розныя гады, сюжэты, прысвечаныя актуальным пытанням захавання культурнага асяродку, паказаны стан палацавага ансамбля «Паўночныя Афіны», яго мінулае і сучаснасць.
На сустрэчу з фотамастаком прыйшлі навучэнцы Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа.
Міхаіл Крыжаноўскі як эканаміст-мэнэджар расказаў, што патрэбна ведаць, каб займацца фотасправай на прафесійным узроўні, правёў экскурсію па выстаўцы фотаздымкаў. Адбылося знаёмства Міхаіла Крыжаноўскага з фатографам-аматарам Міхаілам Касабукіным, у калекцыі якога не адна тысяча фотаздымкаў, прысвечаных прыгажосці роднай Навагрудчыны, фотамайстры падзяліліся ўражаннямі і парадамі.
Міхаіл Крыжаноўскі – адзін з лепшых фотамастакоў Беларусі, удзельнік міжнародных фотавыставак і конкурсаў, удзельнічае ў дабрачынных праектах, арганізуе іх пры абласным і гарадскім таварыствах інвалідаў Мінска. Як сапраўдны майстар партрэтных, рэпартажных і мастацкіх здымкаў, умее адшукаць, адкрыць і адлюстраваць у кадры самае патаемнае, няўлоўнае і індывідуальнае, што надае непаўторнасць і прыцягальнасць кожнай з яго работ.
Фатаграфіі фотамастака нікога не пакінулі абыякавымі, напэўна таму, што яго творы адлюстроўваюць любоў да радзімы.
Невядомыя старонкі жыцця і творчасці пра асобу Агінскага адкрыла кніжная выстава.
Прыемную атмасферу і асабовы настрой стваралі чароўныя гукі ля-мінорнага паланэза Агінскага. Музыка, якой гучаць вечна…
Выстаўка працуе да 30 мая. Запрашаем гасцей і навагрудчан у міні-галерэю.
Вольга Пісар, «НЖ»,
Ірына Царук, дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі
Стоит почитать:
К республиканскому субботнику присоединились работники учреждений культуры Новогрудчины
Школьники городских учреждений образования стали участниками квеста «Познай Новогрудок»



















