Нашы выхаванцы ведаюць, што самае небяспечнае месца на вуліцы – гэта скрыжаванне, дзе перасякаюцца дзве дарогі. Знаходзіцца адным на такім складаным аб’екце – нельга, а дарогу можна пераходзіць толькі ў адпаведным месцы, узяўшы дарослага за руку. Але хутка выхаванцы стануць школьнікамі і ім самім прыйдзецца ацэньваць складанасць паводзін на скрыжаванні, бо нават да самага простага скрыжавання машыны пад’язжаюць з чатырох бакоў. Як жа тут сябе паводзіць? Пра гэта нашы выхаванцы даведаліся ў час гульнявога занятка па канструяванні «Скрыжаванне». Спачатку дзеці разгледзелі аб’екты і складанасці скрыжавання ў час экскурсіі і на сюжэтных малюнках, затым прыняліся за работу.


Выхаванцы з захапленнем рабілі макет скрыжавання: выразалі і клеілі пешаходныя пераходы, тратуары, напаўнялі макет рознымі аб’ектамі, размяшчалі каля іх дарожныя знакі, тым самым замацавалі правілы дарожнага руху, даведаліся пра правілы скрыжавання, пра што паведамляюць дарожныя знакі. Дзецям было цікава абыгрываць макет скрыжавання і так як наша работа атрымалася прывабнай мы вырашалі папоўніць ёй наш «Цэнтр бяспекі».

Ала Гірыс,
Выхавальнік Любчанскага ДЦРД



















