До дня Великой
Победы осталось

У краіне маленства выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Навагрудка (+відэа)

У краіне маленства выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Навагрудка (+відэа)
13 октября 2020

Установа дашкольнай адукацыі – гэта ўнікальная сістэма, якая забяспечвае дзецям догляд, харчаванне, выхаванне і аздараўленне. Ні адна сістэма не выконвае столькі функцый адначасова. А сучасны дзіцячы сад – гэта яшчэ і прастора вялікіх магчымасцей, дзе дзіцяці прадастаўляецца свабода выбару ў самавыяўленні, у зносінах і кірунках развіцця. Менавіта такім і з'яўляецца дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці (ДЦРД) № 1 г. Навагрудка, які, да слова, не раз уваходзіў у тройку пераможцаў конкурсу «Установа адукацыі ўзорнай якасці і парадку».

– Наш дашкольны цэнтр – гэта ўнікальны астравок дзяцінства, царства казкі, ведаў і творчасці, – гаворыць кіраўнік установы Марына ТРУШЫНСКАЯ. – У цэнтры створаны ўсе ўмовы для яркага, цікавага жыцця нашых выхаванцаў. Педагагічны калектыў пастаянна шукае аптымальныя і займальныя шляхі вырашэння задач па рознабаковым развіцці дзяцей. Абу­джаць інтарэс выхаванцаў да навакольнага свету, дапамагаць ім адкрываць новае, пазнаваць дзівоснае, тварыць асаблівае дазваляе абсталяванае прадметна-развіваючае асяроддзе. Камфортная гульнявая прастора, якую з любоўю падрыхтавалі нашы педагогі, дапамагае дзецям зноў і зноў з радасцю вучыцца і развівацца гуляючы. Сапраўднай матывацыяй дзіцяці да дзейнасці можа быць толькі інтарэс, таму мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых магчымасцей для самавыяўлення нашых выхаванцаў. Інфарматызацыя адукацыйнага працэсу, вывучэнне замежных моў, заняткі па плаванні, аздараўленчыя мерапрыемствы развіваюць комплексна і гарманічна асобу дзіцяці.


– Больш за 10 гадоў на базе ўстановы паспяхова функцыянуюць беларускамоўныя групы. Навучальныя заняткі ў іх праводзяцца на роднай мове, што спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і патрыятычных пачуццяў у маленькіх навагрудчан, – адзначае Марына Аляксандраўна. – А наведванне этнаграфічнага кутка «Беларуская хатка» выклікае ў дзяцей непадробную цікавасць да нацыянальных традыцый.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі дзеці праводзяць немалую частку дня. Таму вельмі важна, каб у дзіцячым садзе, як і дома, яны былі акружаны любоўю, увагай і клопатам. З гэтай задачай выдатна спраўляецца калектыў ДЦРД №1 г.Навагрудка.

– Наш дашкольны цэнтр аб'яднаў у сваіх сценах каманду творчых і таленавітых педагогаў, якія шчыра любяць сваю справу, якія імкнуцца дарыць выхаванцам веды і радасць, якія дапамагаюць бацькам усвядоміць і раскрыць непаўторнасць і ўнікальнасць сваіх дзяцей, – з цеплынёй і гонарам гаворыць Марына Трушынская аб калектыве, якім кіруе ўжо больш чым 7 гадоў.

    Расці здаровым 

Рацыянальнаму рэжыму, рэгулярнаму збалансаванаму харчаванню, паўнавартаснаму сну, фізічнай актыўнасці, частаму знаходжанню выхаванцаў на свежым паветры надаецца вялікае значэнне ў любым дзіцячым садзе. Аднак далёка не кожная ўстанова дашкольнай адукацыі можа пахваліцца наяўнасцю ўласнага басейна і масажнага кабінета.



– Фізкультурна-аздараўленчай рабоце ў нашым цэнтры ўдзяляецца павышаная ўвага, – расказвае кіраўнік фізічнага выхавання Марыя Комар. – Заняткі фізкультурай, дзіцячы фітнес, забавы, святы, водныя працэдуры з'яўляюцца актыўнымі формамі аздараўлення дзяцей. Асаблівую радасць выклікаюць у нашых выхаванцаў заняткі плаваннем, якія яны наведваюць бясплатна.

Для дзяцей, якія часта хварэюць, і выхаванцаў санаторных груп прадугледжаны шэраг аздараўленчых мерапрыемстваў, якія ўключаюць у сябе масаж, розныя фізіяпрацэдуры і інш.

     Бяспека гэта важна! 

  Жыццё ў 21 стагоддзі ставіць перад чалавецтвам шмат новых праблем, сярод якіх адной з самых важных з'яўляецца праблема захавання здароўя. Тое, што вучыць дзяцей правілам бяспечнай жыцця­дзейнасці трэба з ранняга ўзросту, не выклікае сумненняў і ў работнікаў дашкольнага цэнтра.


– Для нас, дарослых, вельмі важна не толькі аберагаць дзяцей ад небяспекі, але і рыхтаваць іх да сустрэчы з магчымымі непрадбачнымі сітуацыямі, – падкрэслівае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 1 г. Навагрудка Кацярына Дземчанкава. Калектыў установы знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы па фарміраванні ў выхаванцаў ведаў і навыкаў паводзін у розных надзвычайных сітуацыях. У цэнтры абуладкаваны «Пакой бяспекі» і тэматычныя веранды па пажарнай бяспецы, а сцены аднаго з калідораў установы ператварыліся ў своеасаблівую памятку па правілах дарожнага руху. Падчас займальных гульняў і квэстаў дзеці замацоўваюць атрыманыя веды на практыцы.


Цудоўны свет прыроды 

Пра тое, што навакольны свет тоіць у сабе нямала загадак, выдатна ведаюць выхаванцы дашкольнага цэнтра. Дзякуючы творчаму падыходу педагогаў і асабліваму акцэнту, які зрабіла адміністрацыя ўстановы на экалагічным выхаванні і адукацыі дзяцей, кожнага з іх можна з упэўненасцю назваць сябрам прыроды.

Звяртае на сябе ўвагу наяўнасць у групавых памяшканнях рознага дыдактычнага і гульнявога матэрыялу, лэпбукаў, якія ператвараюць знаёмства дзяцей са светам флоры і фаўны ў займальную гульню. А крэ­атыўныя рознакаляровыя кантэйнеры гавораць пра тое, што дзяцей з ранняга ўзросту вучаць сарціраваць смецце.

 Больш прадуктыўна праводзіць экалагічныя гульні на свежым паветры дапамагаюць тэматычныя веранды, а таксама экалагічная сцежка.


– Экалагічная сцежка ўключае ў сябе 12 відавых кропак: «Метэастанцыя», «Агарод», «Зялёная аптэка», «Птушыны гарадок», «Клумба для матылькоў» і інш. На метэастанцыі, напрыклад, выхаванцы вывучаюць з'явы прыроды, вучацца з дапамогай такіх прыбораў, як флюгер, круцёлка, асадкамер, тэрмометр, сонечны гадзіннік і інш вызначаць пагоду, – расказвае выхавальнік дашкольнай адукацыі Алена Смаляк. – Адна з самых любімых у дзяцей – станцыя «Сховішча для насякомых». Выхаванцы з задавальненнем назіраюць за насякомымі, знаёмяцца з іх разнастайнасцю, адзначаюць характэрныя прыкметы і асаблівасці. Выхавальнікі звяртаюць увагу і на тое, якую карысць прыносяць насякомыя людзям. У час прахо­джання па маршруце экалагічнай сцежкі нашы выхаванцы вучацца берагчы і ахоўваць прыроду, любавацца яе прыгажосцю.


 Вуснамі дзяцей

Напэўна, лепшай адзнакай работы выхавальніка з'яўляецца шчаслівая ўсмешка на твары дзіцяці. Не адну сотню такіх усмешак я ўбачыла падчас наведвання ўстановы.


Мой дзіцячы сад – самы лепшы ў свеце. Тут весела і цікава, – гаворыць Ксенія  Драчылоўская. – Люблю гуляць са сваімі сябрамі і пазнаваць нешта новае.

– А я ў выхадныя дні сумую па сваіх сябрах і выхавальніках, – дадала Аляксандра
Паўлоўская .

     і Аляксандра 

   Слова бацькам

Зара Букрэй:


– Усе бацькі мараць аб самым лепшым дзіцячым садзе для сваіх дзяцей. Менавіта такім стаў для нас ДЦРД № 1 г. Навагрудка. Сюды хадзіла мая старэйшая дачка Ганна, а цяпер установу наведваюць малодшыя – Лізавета і Кацярына. Камфортныя групы, ветлівыя выхавальнікі і памочнікі, прафесіянальны лагапед, разнастайныя заняткі і гурткі, басейн, заўсёды ідэальны парадак на тэрыторыі – цёплы і ўтульны дашкольны цэнтр стаў другім домам для маіх дзяцей. Падабаецца і тое, што ўстанова мае свой сайт. Бацькі заўсёды могуць знайсці там для сябе карысную інфармацыю па пытаннях навучання і выхавання дзяцей, паглядзець фотасправаздачы з заняткаў і мерапрыемстваў. Вялікі дзякуй калектыву дашкольнага цэнтра за індывідуальны падыход, уважлівасць і беражлівыя адносіны да нашых дзяцей.

Дар’я Каравай:

– Мой сын Арсеній ужо трэці год з задавальненнем наведвае дашкольны цэнтр. І я ні разу не бачыла слёз на яго вачах. Са спакойным сэрцам пакідаю сына ў цэнтры, таму што ўпэўнена: яму там камфортна і ўтульна. Хочацца адзначыць прафесіяналізм педагогаў: усе заняткі і мерапрыемствы з дзецьмі праходзяць на высокім узроўні. Выхавальнікі заўсёды растлумачаць, дадуць параду бацькам, нашы просьбы і заўвагі ніколі не застаюцца без увагі. Для мяне таксама важна, што сын ходзіць у беларускамоўную групу: разумее родную мову і штодня папаўняе свой слоўнікавы запас новымі беларускімі словамі. Вельмі задаволена нашым дашкольным цэнтрам. Жадаю калектыву ўстановы толькі поспехаў!

    Даведка «НЖ»:

1981 год – гасцінна расчыніў свае дзверы яслі-сад № 9 з чароўнай назвай «Казка» (1 снежня);

2009 год – установа атрымала статус «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 г. Навагрудка»;

68 чалавек працуе во установе адукацыі, з іх 35 – педагогаў;

221 дзяцей наведвае дашкольны цэнтр;

12 груп функцыянуе ва ўстанове.


Таццяна Сазановіч, «НЖ»