Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары со мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц
Пад такім дэвізам прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў СШ №4 г.Навагрудка. У першы дзень настаўнікі і вучні далучыліся да акцыі «Роднаму слову прызнанне ў любові». Усе жадаючыя выказалі шчырае, пяшчотнае, ласкавае прызнанне роднай мове. Мілагучнасць, плаўнасць, меладычнасць нашай мовы адзначылі ўдзельнікі пры складанні «Цэнтона аб роднай мове». Вучні зрабілі выснову, што класічную літаратуру можна чытаць і перачытваць усё жыццё. Без ведання твораў Я.Коласа, Я.Купалы, Н.Гілевіча, М.Багдановіча, Максіма Танка і іншых – чалавека нельга лічыць ні адукаваным, ні культурным.

Не сакрэт, што правільна ўжытае слова – паказчык культуры маўлення. Вучні 5-11 класаў падарожнічалі ў краіну слова, беларускага, роднага, гаваркога. Падчас акцыі «Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску» дзеці змаглі акунуцца ў атмасферу самабытнасці і непаўторнасці роднага слова, адчуць багацце адценняў слоў-перакладаў, паспрабавалі праявіць свае здольнасці ў ролі перакладчыкаў.
Удзельнікі акцыі «Чытаем вершы разам на роднай мове», вучні 5-11 класаў, чыталі вершы П.Броўкі, У.Дубоўкі, Н.Гілевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, М.Танка. Вучні адзначылі, што роднае слова – гэта не толькі найважнейшы сродак нашага духоўнага развіцця, скарбніца гісторыі народа. Яно з’яўляецца самай прыкметнай адзнакай нацыянальнай прыналежнасці чалавека.
Вучні 8-11 класаў прынялі актыўны ўдзел у эрудыт-лато «Беларуская паэзія ў музыцы». Атрымалася сапраўднае свята паэзіі і музыкі, на якім можна было адпачыць, атрымаць станоўчыя эмоцыі, прадэманстраваць зацікаўленасць да розных відаў мастацтва.

Знакавым мерапрыемствам для вучняў 7-х класаў стала гульня-віктарына «Таямніцы беларускіх слоў», якая сабрала сапраўдных аматараў мовы.
У прыказках мала слоў, але вялікая мудрасць у іх заложана, і расказаць яны могуць многа. Крышку ўяўлення, фантазіі – і перад намі разгортваецца цікавы жыццёвы малюнак. Так, вучні 6-х класаў змаглі прадэманстраваць сваё моўнае майстэрства ва «Аўкцыёне прыказак і прымавак». Трэба адзначыць, што прыказкі і прымаўкі закранулі сэрцы і душы нашых удзельнікаў, бо яны вучаць дабру і справядлівасці, перадаюць багаты жыццёвы вопыт, мудрыя думкі народа.
21 лютага завяршыўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Вучні нашай школы прынялі ўдзел у напісанні дыктоўкі , прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Ва ўстанове адбыўся святочны канцэрт. Гучалі паэтычныя радкі У.Караткевіча, Р.Барадуліна, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і іншых. Удзельнікі канцэрта, вучні 2-11 класаў, выконвалі музычныя творы беларускіх аўтараў старанна, выразна, натхнёна і прынеслі вялікую асалоду і задавальненне гледачам.

Тыдзень завяршыўся, але працягваецца школьнае жыццё, і ёсць надзея, што тут, у школе, кожны дзень будзе гучаць мілагучнае беларускае слова… А настаўнікі беларускай мовы і літаратуры прыкладуць да гэтага ўсю сваю творчасць і намаганні.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ №4 г.Навагрудка



















