Шчаслівая сям'я – адзін з прыярытэтаў развіцця на будучую пяцігодку

Шчаслівая сям'я – адзін з прыярытэтаў развіцця на будучую пяцігодку

Шчаслівая сям'я – адзін з прыярытэтаў развіцця на будучую пяцігодку

13 марта 2021 2160

Дзесяцігоддзі развіцця сямейнай палітыкі сфарміравалі ў нашай краіне магутны комплекс мер падтрымкі сем'яў з дзецьмі. На VI Усебеларускім народным сходзе было вызначана, што шчаслівая сям'я – адзін з прыярытэтаў развіцця на будучую пяцігодку. Аб вектарах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, ільготах і гарантыях наша размова з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама Аляксандрай Гарачовай.

– Падтрымка сям'і – нацыянальны прыярытэт дзяржавы, таму і меры сацыяльнай абароны пастаянна ўдасканальваюцца з улікам патрэб сем'яў, з'яўляюцца новыя формы і механізмы, – адзначыла Аляксандра Сяргееўна. – Сёння ў Беларусі створана дзейсная сістэма падтрымкі мацярынства і дзяцінства, што дазволіла многім сем'ям на сабе адчуць рэальны клопат і дапамогу з боку дзяржавы. Для падтрымкі сем'яў з дзецьмі рэалізуецца комплекс мер з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя сем'і:

- выплата дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей;

- прадастаўленне шматдзетным сем'ям сямейнага капіталу;

- сацыяльнае абслугоўванне сем'яў з дзецьмі;

- дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля;

-забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця і іншыя віды дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі;

- гарантыі ў сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсіённага, працоўнага і падаткавага заканадаўства.

У Навагрудскім раёне на 1 студзеня 2021 года статус шматдзетнай маюць 590 сем'яў, у якіх выхоўваецца 1953 дзіцяці. Да параўнання: у 2015 годзе на тэрыторыі раёна пражывала 406 шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўвалася 1334 дзіцяці.

Падтрымка з гарантыяй

Сёння ў рэспубліцы дзейнічае разгалінаваная сістэма дзяржаўных дапамог. У яе ўваходзяць тры групы дапамог: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непраца­здольнасці па доглядзе за дзецьмі – усяго 11 відаў (Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей»). Прычым дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў выплачваецца ўвесь перыяд усім атрымальнікам, незалежна ад узроўню даходаў, факту выплаты страхавых узносаў, занятасці. Маці выплачваецца адна­разовая дапамога: пры нараджэнні першага дзіцяці – 10 БПМ, другога і наступных дзяцей – 15 БПМ. Дадатковыя выплаты прадугледжаны пры нараджэнні двайнят, трайнят на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці.

Дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў устаноўлена на ўзроўні 35-40% сярэднямесячнага заробку па краіне. У Навагрудскім раёне такі від дапамогі атрымлівае 876 чалавек.

Акрамя таго, за кошт сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі атрымліваюць падтрымку сем'і з нізкім узроўнем даходу. Штогод шматдзетным і іншым катэгорыям сем'яў аказваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года. Запатрабаваны паслугі няні для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-­інвалідаў, і сем'яў, дзе нараджаюцца двайняты і больш дзяцей, паслугі сацыяльнай перадышкі. У 2020 годзе Прэзідэнтам быў падпісаны Указ № 171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», згодна з якім для шматдзетных сем'яў перыяд прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі павялічаны да 12 месяцаў (раней – 6 месяцаў), а таксама крытэрый патрэбнасці са 100 % да 115 % БПМ у сярэднім на душу насельніцтва для прызначэння такой дапамогі.

Пенсія для мамы

– На VI Усебеларускім народным схо­дзе Прэзідэнт краіны падкрэсліў, што праца маці павінна ацэньвацца гэтак жа, як і любая іншая, і прапанаваў пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці даць шматдзетнай маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае стаж працы, – пад­крэсліла Аляксандра Гарачова. – І ў гэтым накірунку ўжо многае зроблена. Указам № 171 прадугледжаны меры, накіраваныя на павышэнне прэстыжу мацярынства, дадатковыя пенсіённыя гарантыі для шмат­дзетных маці (уступілі у сілу з 1 студзеня 2021 года). Першае – з 9 да 12 гадоў павялічаны перыяд догляду за малалетнімі дзецьмі, які можа быць залічаны ў агульны стаж для прызначэння пенсіі і вылічэння яе памеру. Норма ўказа будзе прымяняцца не толькі пры першасных прызначэннях пенсій жанчынам, якія нарадзілі чацвярых і больш дзяцей, але і да пенсій, прызначаных да 1 студзеня 2021 года.

У Навагрудскім раёне пенсію за асобыя заслугі атрымліваюць 4 жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі 9 і больш дзяцей альбо ўзнагароджаны адной з узнагарод: ордэнам Маці, «Медалём мацярынства», ордэнам «Мацярынская слава», ордэнам «Маці-гераіня».

Другое новаўвядзенне прадугледжвае зніжэнне страхавога стажу да 10 гадоў для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце жанчынам, якія нара­дзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту. Пачынаючы з 1 студзеня 2021 года, гэтым жанчынам працоўная пенсія па ўзросце па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту будзе прызначацца пры наяўнасці агульнага стажу не менш за 20 гадоў і страхавога стажу не менш за 10 гадоў.

Каб сем’і былі вялікімі

– Галоўная праграма падтрымкі мацярынства «Сямейны капітал» паказала высокую эфектыўнасць: колькасць сем'яў, дзе нараджаецца трэцяе і наступныя дзеці, расце. Таму, згодна з указам Прэзідэнта, тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу падоўжаны з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года. Прызначэнне сямейнага капіталу ажыццяўляецца пры звароце ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Фарміраванне сямейнага капіталу ажыццяўляецца ў беларускіх рублях і на 1 студзеня 2021 года яго памер складае 23 737,5 руб. Пры гэтым памер сямейнага капіталу будзе штогод індэксавацца ў залежнасці ад тэмпаў росту спажывецкіх цэн. Да таго ж, зыходзячы з інтарэсаў шматдзетных сем'яў, напрамкі яго датэрміновага выкарыстання пашыраны.

За 2015-2019 гады для шматдзетных сем'яў раёна адкрыты 444 дэпазітныя рахункі на суму 1 млн 440 тыс. рублёў.

Сёння ёсць магчымасць выкарыстоўваць гэтыя сродкі для паляпшэння жыллёвых умоў, адукацыі, медабслугоўвання, не чакаючы паўналецця дзіцяці. У 2020 годзе Навагрудскім райвыканкамам прынята 124 рашэнні аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам, агульная сума сродкаў сямейнага капіталу на датэрміновае выкарыстанне склала 682 507 руб. Большасць шмат­дзетных сем'яў – 116 (93,5%) датэрмінова выкарыстоўвалі сямейны капітал на паляпшэнне жыллёвых умоў. У тым ліку 54 сям'і – на пагашэнне запазычанасці па крэдытах, 18 – на будаўніцтва і рэканструкцыю адна­кватэрных жылых дамоў, 8 – на набыццё жылля, 5 – на атрыманне адукацыі.

Выступаючы на VI Усебеларускім народным сходзе, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму «Шматдзетная Беларусь» з сур'ёзнымі навацыямі. Адна з іх – яшчэ больш пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу. Пытанне, сапраўды, актуальнае. Думаю, развіццё і ўдасканаленне праграмы сямейнага капіталу бу­дзе садзейнічаць павелічэнню нара­джальнасці.

Акцэнт – шчаслівая сям’я

– Бясспрэчна, работа над рашэннем ключавых для нашых сем'яў пытанняў працягнецца, – падсумавала Аляксандра Гарачова. – У новай Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады галоўны акцэнт зроблены на шчаслівую сям’ю. Прадугледжана пашырэнне мер падтрымкі шматдзетных сем'яў, развіццё сістэмы абароны мацярынства і дзяцінства, такія дадатковыя стымулы для нараджэння дзяцей, як даступнасць камфортнага жылля, удасканаленне сістэмы дзяржаўных дапамог.

Разнастайнасць формаў і відаў паслуг па доглядзе і выхаванні дзяцей рознага ўзросту – у тым ліку ў сельскай мясцовасці, умацаванне інстытута сям'і, даступнасць і гібкасць дашкольнай адукацыі, павышэнне іміджу бацькоўства, маштабная работа з маладзёжнай аўдыторыяй – гэтыя і іншыя моманты адлюстраваны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады.

На мой погляд, шчаслівая сям'я – гэта дзеці, здароўе ўсіх членаў сям’і, магчымасць атрымаць добрую адукацыю і запатрабаваную прафесію, развіць свае навыкі і здольнасці. Гэта выразныя жыццёвыя арыенціры, заснаваныя на традыцыйных каштоўнасцях, якія падзяляюць усе члены сям'і, выхаванне дзяцей у атмасферы ўзаемнай павагі, патрыятызму, мэтанакіраванасці і адказнасці. Шчасце сям’і непарыўна звязана з матэрыяльнымі ўмовамі – прасторным камфортным жыллём, здаровым харчаваннем, доступам да інфраструктуры. Шчаслівая сям'я павінна валодаць магчымасцю больш часу праводзіць разам, займаючыся спортам, актыўным адпачынкам, падарожжамі. Аднак галоўнае – шчаслівай сям'я можа быць толькі ў спакойнай і мірнай краіне.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі і адкрытых крыніц