Прафесійнае свята адзначае калектыў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне

Прафесійнае свята адзначае калектыў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне

Прафесійнае свята адзначае калектыў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне

11 июля 2021 1383
11 ліпеня сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў падаткавых органаў – адзначае калектыў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне, у іх ліку і першы намеснік начальніка інспекцыі Марына Пазднякова – прыгожая і паспяховая жанчына, якая атрымала прызнанне ўласнай працай.

На пасадзе першага намесніка начальніка інспекцыі Марына Віктараўна з 2017 года, а ў падаткавай інспекцыі працуе з 2010 года. У яе абавязкі ўваходзіць курыраванне ўсіх падаткаў, якія паступаюць ад фізічных і юрыдычных асоб. Пра М.В. Пазднякову кіраўніцтва і супрацоўнікі гавораць як пра сапраўднага прафесіянала сваёй справы і высокакваліфікаванага спецыяліста. На яе рахунку нямала падзяк і грамат рознага ўзроўню, асаблівая ўзнагарода – Ганаровая грамата Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

А першым месцам работы Марыны Віктараўны стала ўпраўленне адукацыі Навагрудскага райвыканкама, дзе спачатку працавала бухгалтарам, а пазней і галоўным бухгалтарам. У падаткавай інспекцыі прайшла шлях ад старшага дзяржаўнага падаткавага інспектара да першага намесніка начальніка інспекцыі. За час працы асвоіла практычна ўсе нюансы падаткавай сферы, так што цяпер можа з лёгкасцю пракантраляваць і дапамагчы любому са сваіх калег.

Мяккая і чулая жанчына, клапатлівая жонка і мама дваіх сыноў, у калектыве наша гераіня – аўтарытэтны супрацоўнік.

– Асноўная наша задача – гэта, безумоўна, забеспячэнне выканання даходнай часткі бюджэту ўсіх узроўняў. Мыабавязаны дамагацца таго, каб плацельшчыкі не дапускалі запазычанасці па плацяжах, – гаворыць першы намеснік начальніка падаткавай інспекцыі. – Бо іх плацёж забяспечвае якаснае абслугоўванне насельніцтва ва ўсіх сферах: сацыяльная абарона і медыцына, адукацыя і культура, своечасовы рамонт жылля і дарог.

Сёння для зручнасці ўзаемаадносін з плацельшчыкам створаны больш камфортныя ўмовы. Не выходзячы з дому, з дапамогай камп’ютара і створаных электронных сэрвісаў можна прадаставіць дэкларацыю, атрымаць кансультацыю, аплаціць падатак і іншае. З падаткаплацельшчыкамі ў раёне адладжана інфармацыйна-тлумачальная работа, якая нацэлена на павышэнне ведаў насельніцтва. Гэта дазваляе плацельшчыкам своечасова і ў поўным аб’ёме выконваць свае абавязкі перад бюджэтам.

– Ці цяжка было перайсці з адукацыі ў падаткавую службу? Не скажу, што цяжка, пачынаць было цікава. Вялікі дзякуй калегам за падтрымку і дапамогу. Сёння ўсё інфарматызавана, і гэта, вядома, вялікі плюс. Але ў нашай сферы вельмі вялікая інфармацыйная нагрузка. Неабходна пастаянна ўдасканальваць свае веды ў розных напрамках і сачыць за ўсімі абнаўленнямі і зменамі, у першую чаргу – заканадаўчымі.

Трэба адзначыць, што фарміраванне бюджэту ў 2020 годзе і бягучым складалася і складваецца напружана. Гэта абумоўлена сітуацыяй з каронавірусам. Але разам з тым прафесійнае свята работнікі падаткавай службы сустракаюць з добрымі паказчыкамі.


– Без кваліфікаваных, адданых спецыялістаў паспяхова вырашаць пастаўленыя перад падаткавымі органамі задачы было б немагчыма, – адзначае падчас размовы Марына Пазднякова. – Добрыя вынікі нашай інспекцыі – гэта праца ўсяго калектыву. Кожны спецыяліст – прафесіянал сваёй справы. Сёлета за шматгадовую работу Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Гродзенскай вобласці ўзнагароджана Ганна Дзіско і падзякамі начальніка інспекцыі МПЗ па Навагрудскім раёне – Іна Шайпак, Сяргей Кісялёў, Святлана Мазур, Святлана Мікалаева, Таццяна Кравец, Дзіна Вінаградава. Вялікі дзякуй усім работнікам за добрасумленную працу і прафесіяналізм.

– Паважаныя калегі, ветэраны падаткавай сферы, з надыходзячым прафесійным святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, сямейнага шчасця, дабрабыту і аптымізму. Няхай і ў далейшым наша з вамі праца прыносіць карысць грамадству, – адрасавала словы віншавання М.В. Пазднякова.

Вольга Пісар, «НЖ»