Прафесія абараняць, адстойваць правы, свабоды – прафесійнае свята адзначаюць адвакаты Беларусі

Прафесія абараняць, адстойваць правы, свабоды – прафесійнае свята адзначаюць адвакаты Беларусі

Прафесія абараняць, адстойваць правы, свабоды – прафесійнае свята адзначаюць адвакаты Беларусі

26 июня 2021 766
26 чэрвеня адвакаты Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Людзі гэтай прафесіі абараняюць, адстойваюць правы, свабоды, інтарэсы грамадзян і юрыдычных асоб.

Напярэдадні прафесійнага свята наша размова з загадчыкам юрыдычнай кансультацыі Навагрудскага раёна Вікторыяй Вавулінай тычылася асноўных аспектаў дзейнасці адвакатаў. – Вікторыя Ігараўна, як стаць адвакатам і якімі нарматыўнымі актамі кіруюцца ў рабоце людзі вашай прафесіі?

– Акрамя вышэйшай юрыдычнай адукацыі, усе адвакаты ў нашай рэспубліцы ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, выдадзенай Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, пасля праходжання стажыроўкі і паспяховай здачы кваліфікацыйнага экзамену па ўсіх галінах права. У сваёй дзейнасці людзі нашай прафесіі кіруюцца Законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», правіламі прафесійнай этыкі адваката і іншымі нарматыўна-прававымі актамі.

З’яўляючыся інстытутам грамадзянскай супольнасці, адвакатура мае разам з тым публічна-прававы статус. Ажыццяўляемыя ёю прафесійная крымінальная абарона і грамадзянска-прававое прадстаўніцтва – састаўныя часткі сістэмы правасуддзя. Таму развіццё беларускай адвакатуры цесна звязана з гісторыяй судаўладкавання і судаводства, усёй дзяржаўна-прававой сістэмай, сацыяльным працэсам у цэлым.

– Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць і асаблівасці ў вядзенні спраў?

– Інстытут адвакатуры пастаянна пераўтвараецца, але заўсёды змяняецца толькі форма, змест застаецца ранейшым. Адвакат заўсёды абараняе і прадстаўляе інтарэсы свайго кліента ўсімі законнымі спосабамі. Гэта вельмі складаная задача патрабуе значных працавыдаткаў. Часам кліенты, якія не сутыкаліся ні з юрыдычнымі праблемамі, ні з адвакатамі, у канцы шляху па рашэнні сваёй праблемы гавораць пра тое, што яны і падумаць не маглі, што гэта так складана.

Як паказвае практыка, простых спраў увогуле не бывае, кожная індывідуальная і мае свае нюансы. Найменшая дэталь можа перавярнуць усё з ног на галаву, а часам можна выйграць справу і пры «адсутнасці козыраў», проста выбудаваўшы правільную тактыку. На маю думку, менавіта адвакат, добра тэарэтычна падкаваны і які мае пэўны вопыт, здольны ўбачыць сутнасць праблемы, улавіць дэталі і выбудаваць правільную тактыку, што дае шанс на спрыяльны зыход справы.

– Які з напрамкаў дзейнасці Вы лічыце галоўным і чаго не можа дазволіць сабе адвакат у працэсе работы з кліентам?
– Вядзенне спраў у судах, органах папярэдняга расследавання з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў работы адвакатаў. Прафесійная абарона правоў і інтарэсаў кліентаў па крымінальных, грамадзянскіх справах, справах, якія ўзнікаюць з гаспадарчых (эканамічных) спрэчак, і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях у агульных судах, судах, якія разглядаюць эканамічныя справы, органах, якія вядуць крымінальны або адміністрацыйны працэс, ажыццяўляецца толькі адвакатамі. Адвакат у сваёй дзейнасці незалежны і падпарадкоўваецца толькі закону.

Забараняецца ўмяшанне ў прафесійную дзейнасць адваката, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, альбо перашкода гэтай дзейнасці ў любым выпадку, а таксама патрабаванне ад адваката паведамлення якіх-небудзь звестак, якія складаюць адвакацкую тайну, альбо патрабаванне такіх звестак ад стажораў і памочнікаў адваката. Асноўны прынцып ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці – не нашкодзіць.

– Па якіх пытаннях можна звярнуцца да адваката, акрамя абароны правоў кліентаў у судзе? – Безумоўна, неабходна разумець, што пры ажыццяўленні адвакацкай дзейнасці даводзіцца сутыкацца з масай пытанняў, рашэнне якіх не можа залежаць як ад волевыяўлення і жадання адваката, так і яго кліента. Адвакат не можа гарантаваць станоўчы зыход справы, але прыкладзе максімум намаганняў для атрымання выніку, які адказвае інтарэсам кліента.

Кожны, хто сутыкнуўся з прававой праблемай, можа звярнуцца да адваката за тлумачэннем сутнасці гэтай праблемы, вызначэннем і тлумачэннем прававых нормаў, якія рэгулююць тыя ці іншыя праваадносіны, атрымаць рэкамендацыі адносна спосабаў рэалізацыі і абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў. Кола пытанняў, па якіх адвакаты даюць кансультацыі, вельмі шырокае. Гэта пытанні грамадзянскага, сямейнага, працоўнага, жыллёвага, зямельнага, крымінальнага, банкаўскага, падаткавага, адміністратыўнага і іншых галін права.

У выпадку неабходнасці складання заявы, скаргі або іншага дакумента прававога характару адвакаты акажуць гэты від прававой дапамогі. Як правіла, адвакаты складаюць заявы ў суды, скаргі на судовыя пастановы, а таксама заявы, скаргі, хадайніцтвы ў любыя іншыя дзяржаўныя органы, дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі.

– Што б Вы хацелі пажадаць сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– Так гістарычна склалася, што Дзень утварэння адвакатуры і Дзень работніка пракуратуры святкуецца 26 чэрвеня. У сувязі з гэтым хацелася б павіншаваць і пракурорскіх работнікаў, і сваіх калег-адвакатаў, у прыватнасці, адвакатаў юрыдычнай кансультацыі Навагрудскага раёна – У.Ю. Залатухіна, А.С. Снітко, А.Ю. Папуцэвіч з прафесійным святам, пажадаць творчых поспехаў у вырашэнні найскладанейшых юрыдычных пытанняў, маральнага задавальнення ад ажыццяўляемай дзейнасці, моцнага здароўя.

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»