Жывая памяць аб вайне ... Яна не сціраецца з гадамі. Захаваць памяць аб бессмяротным подзвігу герояў – наш абавязак. Перамога! Яна прыйшла! Доўгачаканая падзея ўсяго народа! У рамках патрыятычнага выхавання да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе праведзена шмат мерапрыемстваў.
У пачатковай школе адкрылася выстаўка дзіцячых малюнкаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне «Мы – праўнукі Перамогі!». Маленькія вучні адлюстравалі на паперы сваё дзіцячае ўяўленне пра ваенны час: абарону Брэсцкай крэпасці, гераізм салдат, сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай.
Урокі мужнасці «Ніхто не забыты, нішто не забыта» дазволілі яшчэ раз дакрануцца да слаўнай гераічнай спадчыны, адчуць неабходнасць беражліва захоўваць ў душы запаветы дзядоў і прадзедаў. Вучні нашай школы імкнуцца быць дастойнымі іх подзвігу.
Кожны клас прыняў удзел у акцыі «Беларусь памятае!». Усе вянкі, зробленыя сваімі рукамі, з вялікай адказнасцю і любоўю ўскладзены да помнікаў і брацкіх магіл у вёсках Валеўскага сельскага савета: Кудавічы, Тулічава, Заполле-Ятра.
Што мы можам сёння? Схіліць галаву перад помнікам і абеліскам… Як і штогод, сёлета у Дзень Перамогі прайшоў мітынг. Яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка-абеліска. Дырэктар Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Аганоўская Т.Р. гаварыла аб тым, што сваю памяць мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне, як запавет, як сцяг, як сімвал міру. Выключную важнасць Дня Перамогі адзначыў протаіерэй Аляксандр Балахонаў:
– Гэта свята ўрачыстасці дабра над злом, свята, якое аб’ядноўвае ўсіх яго ўдзельнікаў, якія жывуць на зямлі і якія адышлі ў вечнасць, у адзіны народ, які захоўвае ў сэрцы вечную любоў да ісціны, а памяць пра іх самаахвярнасць складае галоўнае багацце нашай душы.
Вучні установы аддалі даніну памяці воінам, якія загінулі, абараняючы нашу вёску і пахаваны на тэрыторыі школы.
Слава героям! Вечная слава і вечная памяць!
І.М. Рачко,
кіраўнік гуртка “Маладое пяро” Валеўскага дз/с-СШ