До дня Великой
Победы осталось

Першыя кветкі – прыгажосць для ўсіх! Не знішчайце іх!
02 марта 2022

Першыя кветкі – прыгажосць для ўсіх! Не знішчайце іх!

Многім здаецца, што букецік першацветаў, сабраных на лясных палянах, з надыходам вясны, – унікальны падарунак. Не будзем аспрэчваць гэта, але звернем увагу на тое, што прырода дорыць першацветы на радасць не аднаму чалавеку, а для ўсіх нас.

Першыя кветкі надта далікатныя. Асноўныя працэсы, якія забяспечваюць іх выжыванне, праходзяць пад зямлёй – у карэннях, клубнях і цыбулінах – і за кароткі час квецені, а доўжыцца ён некалькі тыдняў, раслінам трэба назапасіць пажыўныя рэчывы, неабходныя ў наступным годзе для выспявання і рассейвання насення.

Зрываючы першацветы, мы перашкаджаем ім фарміраваць насенне для новых пакаленняў, паслабляем іх «імунную сістэму», і расліны могуць загінуць. А купляючы першыя кветкі з рук, заахвочваем да супрацьзаконнай дзейнасці браканьераў, якія нажываюцца на жывой прыродзе і знішчаюць яе багацце.

На занятках аб’яднання па інтарэсах «Прырода і прыкладная творчасць» Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якое працуе на базе Любчанскай школы, вучні азнаёміліся з першацветамі і кветкамі-чырвонакніжнікамі. У Беларусі некаторыя віды першацветаў I – III катэгорый нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці занесены ў Чырвоную кнігу, і збор іх у краіне забаронены. У ліку іх расліны сямейства люцікавых, дымянковых, фіялкавых, лілейных, цыбульных – раўнаплоднік васіліснікавы, прастрэл лугавы і раскрыты, фіялка багністая, медуніца вузкалісная і мякенькая, чарамшына. Іх штогадовы масавы збор можа прывесці да поўнага знішчэння пералічаных відаў.

Нас зацікавіла,а што ж пагражае людзям за знішчэнне першацветаў і чырвонакніжнікаў? Мы звярнуліся да інтарнэту і даведаліся, што ў адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» самавольныя выемка, перасадка і выдаленне дзікарастучых раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу, іх незаконны продаж, а таксама іншыя дзеянні, што могуць прывесці да гібелі ці скарачэнню іх колькасці, забаронена.

Сваімі ведамі, назіраннямі, пошукамі вучні падзяліліся з сябрамі, аднакласснікамі, бацькамі. Расказалі, што бяздумнае знішчэнне лясных і палявых раслін можа прывесці да поўнага знішчэння многіх відаў. Хай гэта будзе хоць і маленькая, але пэўная дапамога ў абароне і ахове кветак-прыгажунь.



Наталля Казлова,
педагог дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі