До дня Великой
Победы осталось

Педагогі спецшколы-інтэрната г. Навагрудка наведалі жамчужыну Палесся – г. Пінск

Педагогі спецшколы-інтэрната г. Навагрудка наведалі жамчужыну Палесся – г. Пінск
01 апреля 2023
У спецшколе-інтэрнаце г. Навагрудка ўжо стала традыцыяй пад час канікулаў калектывам наведваць з экскурсіяй гістарычныя куткі Беларусі.

Кожнаму чалавеку для свайго развіцця карысна калі-нікалі выходзіць з зоны камфорту, змяшчаць сябе ў новыя ўмовы. Такімі ўмовамі з’яўляюцца падарожжы. Так, пад час восеньскіх вакацый педагогі спецшколы-інтэрната г. Навагрудка падарожнічалі ў калыбель беларускай дзяржаўнасці г. Полацк. Вясновыя канікулы не сталі выключэннем, у гэты раз было вырашана здзейсніць падарожжа ў неафіцыйную сталіцу Палесся – г. Пінск.На шляху з Навагрудка да Пінска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці знаходзіцца аграгарадок Моталь, яго не маглі абмінуць падарожнікі, бо гэта месца, якое лепш дапамагае адчуць дух Палесся. Жыхары Моталя зберагалі сваю самабытную культуру, не давалі ёй згубіцца ў стагоддзях, данеслі да сённяшняга дня і з 1995 года захоўваюць гэта багацце ў Мотальскім музеі народнай творчасці. Педагогі спецшколы-інтэрната пазнаёміліся з васьмю экспазіцыйнымі заламі музея, якія расказалі пра гісторыю вёскі, сялянскі побыт, рамёслы, асаблівасці земляробчага працэсу, пра ільноапрацоўку, ткацтва, адметнасці мясцовай вопраткі і сямейныя абрады маталян.

Горад Пінск сустрэў падарожнікаў пяшчотным плёскатам хваль ракі Піны, на беразе якой узвышаюцца магутныя сцены езуіцкага калегіума. Удзельнікі экскурсіі даведаліся, што гісторыя калегіума ў Пінску пачынаецца з ХVII стагоддзя. Дадзены ўзор архітэктуры эпохі рэнесансу быў духоўнай навучальнай установай рэлігійнага ордэна езуітаў. Нягледзячы на тое, што былы калегіум неаднаразова мяняў сваю функцыю і прайшоў з горадам праз мноства гістарычных выпрабаванняў, усё ж захаваў сваё архітэктурнае аблічча. А ў 1994 годзе тут размясціўся музей Беларускага Палесся. У экспазіцыі прадстаўлены разнастайныя матэрыялы па гісторыі, культуры, этнаграфіі і прыродзе мясцовасці. Мастацкая частка музея, якая была адкрыта ў 1960 годзе, таксама не засталася па-за ўвагай удзельнікаў экскурсіі. Увагу прыцягнулі працы выдатных жывапісцаў – І. Айвазоўскага і В. Васняцова.

Асаблівую асалоду падарожнікі атрымалі ад шпацыру па гістарычным цэнтры г. Пінска. Экскурсавод расказаў пра ключавыя гарадскія славутасці: манастыр францысканцаў, палац Бутрымовіча, пра гісторыю Свята-Варварынскага кафедральнага сабора, дом Орды, скульптуру “Па-першае, я з Пінска” і інш. Наогул, сёння ў неафіцыйнай сталіцы Палесся можна ўбачыць больш за 160 гістарычных аб'ектаў, якія складаюць унікальны горадабудаўнічы ансамбль.

Удзельнікі экскурсіі ўпэўніліся, што Пінск справядліва называюць жамчужынай Палесся. Багатая спадчына, дзіўная прырода і самабытнасць культуры мясцовых жыхароў – палешукоў – вылучаюць яе сярод іншых гарадоў краіны.

Падарожжа па роднай краіне – гэта працэс, які дапамагае адкінуць у бок штодзённую мітусню, гэта магчымасць зразумець і асэнсаваць гісторыю. Для настаўніка асабліва важна пазнаваць свет і пашыраць кругагляд праз падарожжа, каб потым перадаваць уласныя веды вучням і заахвочваць іх да вандровак па нашай любімай Беларусі.


 Ірына Хуан, кіраўнік музея «Памяць сэрца» спецшколы-інтэрната г. Навагрудка

Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!