Пасадзілі агарод – паглядзіце, што расце. Выхаванцы яслей-сада №12г. Навагрудка збіраюць ураджай

 Пасадзілі агарод – паглядзіце, што расце. Выхаванцы яслей-сада №12г. Навагрудка збіраюць ураджай

Пасадзілі агарод – паглядзіце, што расце. Выхаванцы яслей-сада №12г. Навагрудка збіраюць ураджай

09 сентября 2021 1088
Агарод для нашай установы з’яўляецца лабараторыяй пад адкрытым небам. Гэта крыніца ведаў аб прыродзе. Нам важна ўвесці дзяцей у свет прыроды, сфарміраваць у іх веды аб яе аб’ектах і з’явах, выхаваць здольнасць бачыць прыгажосць роднай зямлі, любоў і беражлівае стаўленне да яе. Гэта магчыма толькі тады, калі дзяці авалодаюць нескладанымі тэхналогіямі вырошчвання раслін, вывучаць іх біялагічныя асаблівасці.
Якраз для гэтага на тэрыторыі ўстановы і створаны свой агарод. Агарод ва ўстанове дашкольнай адукацыі з’яўляецца адной з умоў экалагічнага выхавання дзяцей. У працэсе назіранняў і пасільнай працы дзеці даведваюцца пра тое, што рост і развіццё раслін залежаць не толькі ад сонечнага святла, цяпла, вільгаці, глебы, але і ад догляду. Назіранне за ростам раслін, якія пасаджаны ўласнымі рукамі, дорыць дзецям незабыўныя моманты шчасця і захаплення. А сумесная праца дазваляе навучыцца адказнасці, спрыяе аб’яднанню дзіцячага калектыву, захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей.
Агарод у дзіцячым садзе — гэта яшчэ і магчымасць бачыць вынікі сваёй працы. Як жа зацікавіць сучасных малышоў агародніцтвам? Вырашыць гэтае пытанне нам дапамагла фантазія, а дакладней — цікавы падыход да стварэння градак.
Дзеці сумесна з выхавальнікамі пасадзілі кроп, пятрушку, буракі, цыбулю, патысоны, кабачкі, памідоры, перац. Гэтыя расліны былі выбраны невыпадкова, бо яны з’яўляюцца непатрабавальнымі культурамі, якія пры любых умовах вырастуць і дадуць ураджай. Выбар гэтых раслін абумоўлены яшчэ і тым, што яны з’яўляюцца складнікамі меню ўстановы.

Паміж градкамі пакінулі адлегласц­ь, каб дзеці маглі свабодна праходзіць паміж імі, не пашкоджваючы пасадкі, а выхавальнік мог арганізаваць дзейнасць і назіранні. Каля кожнай градкі зрабілі шыльды з абазначэннямі агародных культур у выглядзе малюнкаў, паколькі нашы дзеці яшчэ не ўмеюць чытаць.
У нашага вялікага агарода ёсць маленькая асаблівасць — лячэбная. На яго тэрыторыі размясцілася асобная градка пад назвай «Аптэкарскі агарод», якая была створана, каб паказаць дзецям разнастайнасць лекавых раслін, іх біялагічныя асаблівасці. Тут растуць мята перцавая, календула лекавая, шалфей, меліса лімонная.

На нашым цудоўным агародзе вучым дзяцей паліванню, рыхленню, праполцы, тлумачым, што зямлю рыхляць для таго, каб да каранёў раслін лепш паступала паветра, вучым адрозніваць культурныя расліны ад пустазелля. Такая дзейнасць з’яўляецца складнікам экалагічнага выхавання.
 Для педагогаў распрацаваны рэкамендацыі па арганізацыі работы з дзецьмі на экалагічнай сцежцы.

Наталля Рэдзька,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці я/с №12 г.Навагрудка