“Мова ёсць душа народа…”, – упэўнены вучні і педагогі сярэдняй школы №5 Навагрудка

“Мова ёсць душа народа…”, – упэўнены вучні і педагогі сярэдняй школы №5 Навагрудка

“Мова ёсць душа народа…”, – упэўнены вучні і педагогі сярэдняй школы №5 Навагрудка

21 февраля 2021 1636

         Напярэдадні святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў сярэдняй школе №5 г.Навагрудка прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Роднай мове прысвячаю”.

Аб пачатку тыдня навучэнцы і настаўнікі даведаліся , як толькі зайшлі ў школу. Падчас акцыі “Цяпло роднага слова” у фае ўсіх віталі Ясь і Янінка і прапаноўвалі выцягнуць з чароўнага куфэрка жартаўлівыя прадказанні на беларускай мове.

На працягу тыдня працавала інтэрактыўнае кафе, дзе дэманстраваліся фільмы, знятыя па творах беларускіх пісьменнікаў. А на перапынках вучні школы станавіліся ўдзельнікамі арт-акцыі “Мая бабуля казала…”, пад час якой кожны яшчэ раз дакранаўся да багатай на прыказкі і прымаўкі роднай мовы. Кніжная паліца-выстава “Беларускія пісьменнікі-юбіляры” прыцягнула ўвагу кожнага аматара чытання. Кожны клас узяў удзел у правядзенні флаер-фэста “Пра рэчы родным словам”. Атрымаўся яркі калейдаскоп з цікавых беларускіх слоў.


У час правядзення мерапрыемства вучні мелі магчымасць стаць удзельнікамі гістарычнай вандроўкі “Таямніцы бабульчынага куфэрка”. Гэта выстава рэдкіх сямейных рэліквій (посуд, тканыя рэчы, фотаздымкі), якімі з задавальненнем падзяліліся настаўнікі і бацькі.
Тыдзень беларускай мовы – гэта перш наперш гучанне ўласна мовы. Гэта прапаганда беларускага слова, яго каларыту і мілагучнасці. Таму шмат цікавага адбывалася непасрэдна ў гэтым накірунку. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі гульні-тэста “Ці добра ведаеце вы беларускія фразеалагізмы?”, віктарыны “Ведай беларускую мову”. Шмат эмоцый выклікала слоўнікавая гульня-забава “Рускай мове дай разгрузку, гавары па-беларуску”. У час гульні дзеці з захапленнем з аднаго кошыка выцягвалі словы на беларускай мове, а у другім шукалі прадметы, што адпавядаюць словам. Малодшыя школьнікі таксама не засталіся ў баку святкавання. Для іх была арганізавана інтэлектуальная гульня “Родная мова, матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова” і літаратурная забава “У дзеда Антося ўсё з загадкі пачалося”. І, безумоўна, не абышлося без літаратурных хвілін. Конкурс чытальнікаў – гэта магчымасць гучання роднай мовы з вуснаў нашчадкаў тых, хто збярог яе, узбагаціў і пакінуў нам ў спадчыну.Таму яркім момантам тыдня сталі конкурсы чытальнікаў урыўкаў з твораў І.Мележа і І.Шамякіна і баек К.Крапівы. Напрыканцы Тыдня беларускай мовы і літаратуры былі падведзены вынікі. Найбольш актыўныя ўдзельнікі акцый і пераможцы конкурсаў і віктарын атрымалі ўзнагароды. Але лепшая ўзнагарода – гэта адчуванне таго, што мова твая жывая і яна гучыць.

Ірына ЖАГАТ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №5 г.Навагрудка