До дня Великой
Победы осталось

Маштаб – у дэталях. Як на Навагрудчыне спрацавалі ў Год добраўпарадкавання?

Маштаб – у дэталях. Як на Навагрудчыне спрацавалі ў Год добраўпарадкавання?
28 декабря 2025
У Год добраўпарадкавання перад кожным рэгіёнам краіны была пастаўлена задача рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў, якія будуць накіраваны на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя жыццядзейнасці людзей. Навагрудчына з гэтым справілася на выдатна. Маштабныя перамены, якія за 2025 год адбыліся ў раёне, прыемна ўражваюць. Пра дэталі праведзенай работы, якая, дарэчы, працягваецца, пагаварылі з намеснікам старшыні Навагрудскага райвыканкама Аляксандрам Грыцам.

На карысць роднага краю добра папрацавалі ўсе – камунальнікі, дарожнікі, будаўнікі, энергетыкі, газавікі, працоўныя калектывы… Многія ідэі ўвасоблены ў жыццё па ініцыятыве і пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама.

 – Рэалізацыя любога праекта ў першую чаргу патрабуе адпаведнага фінансавання. Правесці вялікую работу ў раёне нам удалося дзякуючы значным сродкам, якія былі выдзелены ў рамках Праграмы развіцця турыстычнага патэнцыялу Навагрудка, а таксама сродкам субвенцый, мясцовага і рэспубліканскага бюджэту, фінасавання ад профільных міністэрстваў, уласных сродкаў суб’ектаў гаспадарання і бізнесу. Большасць праектаў, вядома, – дзяржаўныя, – адзначыў Аляксандр Грыц.

Сучасная інфраструктура

 – У гэтым годзе зрабілі сур’ёзны крок у развіцці дарожнай інфраструктуры, – звярнуў увагу Аляксандр Мікалаевіч. – Так, рамонт вулічна-дарожнай сеткі, якая знаходзіцца на балансе Навагрудскага РУП ЖКГ, выкананы на 96 участках: су цэльнае асфальтаванне вуліц праве дзена ў г. Навагрудку і аг. Уселюб (найбольшыя аб’ёмы, вядома, – у райцэнтры). Агульная плошча работ склала 206,5 тыс. м кв. Для параўнання: у 2024 г. – 52,746 тыс. м кв., 2023 г. – 50,347 тыс. м кв., 2022 г. – 35,177 тыс. м кв., 2021 г. – 10,656 тыс. м кв. Сёлета непасрэдна на асфальтаванне затрачана 7,1 млн руб., на падрыхтоўчыя работы – 360 тыс. руб. Новае пакрыццё абуладкавана на гарадскіх вуліцах 17 Верасня, Кутузава, Суворава, Лермантава, Я. Купалы, 8 Сакавіка, Падгорнай, Мендзялеева і інш.

Работнікамі ДЭУ №56 на аўтамабільных дарогах рэспубліканскага значэння выкананы работы ў рамках бягучага рамонту на ўчастках агульнай працягласцю 20 км 277 м, капітальнага рамонту – 4 км 871 м. Агульны кошт склаў каля 9 млн 900 тыс. руб. У ліку найбольш значных аб’ектаў – рамонт участка аўтадарогі Р-11 каля в. Ваўковічы, участка аўтадарогі Р-11 на ўездзе ў Навагрудскі раён з боку Лідскага раёна.

Дарожнымі рабочымі ДРБУ №189 праведзены маштабныя работы па бягучым рамонце дарог мясцовага значэння агульнай працягласцю 35 км 802 м на суму 8 млн 521 тыс. руб., у тым ліку выкананы рамонт моста праз раку Ізаўка. 

– Варта заўважыць, што дарожныя работы ўключаюць не толькі непасрэдна рамонт пакрыцця дарогі, а таксама прыстасаванне і ўтрыманне тратуараў, пешаходных і веласіпедных дарожак, уладкаванне (рамонт) аўтамабільных і веласіпедных парковак і стаянак, пляцовак аўтобусных прыпынкаў і інш., – патлумачыў Аляксандр Грыц. 

Толькі разам!

Разам з работнікамі Навагрудскага лясгаса жыхары раёна прынялі актыўны ўдзел у акцыях па аднаўленні лясоў і санітарнай уборцы «Дай лесу новае жыццё!», «Тыдзень лесу», «Лес! Дабро! Парадак!». Лесааднаўленне на пашкоджаных участках ветравальна-бураломных насаджэнняў выканана на плошчы ў 8,5 га. 

У год 80-годдзя Вялікай Перамогі асаблівую ўвагу на Навагрудчыне ўдзялілі помнікам і месцам воінскіх пахаванняў – паўсюдна ладзіліся акцыі па добраўпарадкаванні памятных месцаў. Значныя рамонтныя работы праведзены ў райцэнтры на воінскіх могілках па вул. Камсамольскай, на Магіле Невядомага Салдата, у аг. Уселюб, Шчорсы і інш.

– Адзінства і згуртаванасць прадэманстравалі навагрудчане ў ходзе правядзення рэспубліканскіх і раённых суботнікаў, шматлікіх акцый па добраўпарадкаванні. Праведзена істотная работа па навядзенні парадку ў сельскагаспадарчых арганізацыях, на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў Навагрудчыны, у месцах масавага адпачынку і інш., – рэзюмаваў Аляксандр Грыц. – У Год добраўпарадкавання зрабілі многае, але наперадзе яшчэ шмат спраў. Рэалізаваць задачы пяцігодкі якасці, зрабіць яе эфектыўнай і выніковай можна толькі сумеснымі намаганнямі дзяржаўных органаў, арганізацый усіх форм уласнасці і грамадзян. Варта помніць, што адказнасць за тое, у якіх умовах мы жывём, нясе кожны з нас.

Аб рэалізацыі іншых мерапрыемстваў чытайце ў наступных артыкулах.


«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 
Автор: Анастасия Петрова, «НЖ»