До дня Великой
Победы осталось

Любі, шануй, размаўляй
21 февраля 2025

Любі, шануй, размаўляй

21 лютага ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння існуе шмат цудоўных моў, непаўторных і мілагучных. Але для нас, беларусаў, найпрыгажэйшай, несумненна, з’яўляецца свая, беларуская. Зазірнулі ў старэйшую группу дзіцячага сада №6 г. Навагрудка, дзе Міжнародны дзень роднай мовы адно з самых любімых свят. Ужо каля 10 гадоў педагогі сада паспяхова выхоўваюць дзяцей па ўнікальнай вучэбна-выхаваўчай праграме, галоўны арыенцір якой – выкарыстанне роднай мовы.

Беларускамоўную групу наведваюць 22 хлопчыкі і дзяўчынкі. Увесь працэс навучання і выхавання дзяцей у ёй ажыццяўляецца на роднай мове. Беларускую гутарку можна пачуць не толькі на занятках, але і ў свабодных зносінах паміж педагогамі і выхаванцамі.

 – З 2022 года ў нашай дашкольнай установе дзейнічае група с беларускай мовай навучання. По выніках анкетавання бацькоў мы даведаліся, што многія з іх жадаюць, каб менавіта на роднай мове ажыццяўлялася навучанне і выхаванне дзяцей, – расказала загадчык дзіцячага сада № 6 Таццяна Радзіеўская. – У нашай беларускамоўнай групе працуюць педагогі з высокай кваліфікацыяй Таццяна Старук і Іна Бахар, якія дапамагаюць дзецям не толькі асвоіць беларускую мову, але і глыбей зразумець культуру і традыцыі нашай краіны. Мы імкнемся стварыць максімальна камфортнае і займальнае моўнае асяроддзе для нашых выхаванцаў.

Знаёмства з беларускай культурай будуецца на аснове малых фальклорных форм – прымавак і прыказак. Дзеці гуляюць у народныя гульні, чытаюць і вучаць вершы. Таксама да выхаваўчага працэсу стараюцца далу чаць і бацькоў: запрашаюць паўдзельнічаць у тэматычных творчых конкурсах і мерапрыемствах. Многія ахвотна адгукаюцца і падтрымліваюць падобныя пачынанні. Як адзначаюць выхавальнікі, дзеці, якія наведваюць беларуска моўную групу, ідуць больш падрыхтаванымі ў школу і паказваюць там добрыя вынікі, маюць вялікі слоўнікавы запас. 

З радасцю дзеці апранаюць нацыянальныя касцюмы падчас гульнявых заняткаў, развучваюць песні і вершы. На беларускай мове ў групе прахо дзяць усе ранішнікі і мерапрыемствы. Вось і ў Дзень роднай мовы хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў цікавае падарожжа па беларускай мове. З самай раніцы яны віталі адзін аднаго і выхавальнікаў на беларускай мове, і прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах. Выхавальнікі расказалі дзецям пра свята, пра яго гісторыю, пра народы, якія жывуць у нашай рэспубліцы, і пра мовы, на якіх гавораць грамадзяне краіны. У гутарках з выхаванцамі было адзначана, што неабходна беражліва ставіцца да нацыянальнай мовы, паважаць традыцыі і звычаі. Дзеці з задавальненнем чыталі вершы на беларускай мове, гулялі ў нацыянальныя гульні, выконвалі цікавыя заданні.

Лагодная, прыгожая, звонкая, матчына, цудоўная, пявучая, пяшчотная, любімая… Менавіта так хлопчыкі і дзяўчынкі характарызавалі родную мову падчас гульні «Добрыя словы пра мову». 

У кожнай з нацыянальнасцей ёсць свае народныя гульні, якія ўсе ведаюць з дзяцінства. Беларуская народная гульня «Зязюлька» вельмі рухомая і гарэзная. Усім удзельнікам яна вельмі спадабалася. Добрыя веды роднай мовы прадэманстравалі хлопчыкі і дзяўчынкі падчас выканання задання «Перакладчыкі».

Гледзячы на гэтых маленькіх беларусаў у нацыянальных касцюмах, складана пераацаніць тую работу, якую кожны дзень вядуць выхавацелі дзіцячага сада № 6. Далучаючы дзяцей да роднай мовы, яны не толькі садзейнічаюць яе ўзбагачэнню, але і развіваюць пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці падрастаючага пакалення, пашыраюць іх веды пра беларускую культуру.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Аўтар: Карына Вальшонак, «НЖ»