Так, так… Вам не здалося! Яркім (нават спякотным) сонечным днём, гледзячы на прыгажосць прыроды, чамусьці вельмі хочацца размаўляць на роднай беларускай мове. Чаму? Можа таму, што яна такая ж мілагучная, як ранішні звон рачулкі, што бяжыць ля бацькоўскай хаты, а можа таму, што яна ідзе ад самага сэрца, бо з ёю ты нарадзіўся на свет, з ёю крок за крокам ідзеш да самай заветнай мары, з ёю сустракаеш сваё першае каханне…
Маю думку раздзяляюць і выхаванцы дзіцячага аздараўленчага лагера “Творцы” Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Адзін са сваіх творчых маршрутаў яны вырашылі цалкам прысвяціць роднай мове. Тэматычны дзень “Беларускія забавы” пачаўся з акцыі “Гаворым па-беларуску”, якую з вялікім задавальненнем перанялі ўсе госці і супрацоўнікі наша “сонечнага” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

На працягу ўсяго “беларускага дня” дзеці знаёміліся з цікавымі і незвычайнымі гульнямі і абрадамі, успаміналі і праігрывалі традыцыйныя беларускія святы, а ўзорны ансамбль танца “Свіцязяначка” ў падтрымку ініцыятывы правядзення дня роднай мовы падарыў выхаванцам лагера і гасцям цэнтра святочны канцэрт, у які ўвайшлі танцы “Крутуха”, “Вёсачка”, “Прывітальная”. Не засталіся збоку ад канцэртнай праграмы і вакалісты музычнай студыі “Фортэ”, якія дарылі ўсім добры настрой сваімі песнямі на беларускай мове.

Працягам дня стаў конкурс інсцэніроўкі знаёмых беларускіх народных песень “Касіў Ясь канюшыну” і “Рушнікі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем і задорам пераапраналіся ў сваіх герояў, самі зрабілі неабходны рэквізіт і дэкарацыі і адчулі сябе сапраўднымі акцёрамі, рэжысёрамі і аператарамі, так як свае “відэакліпы” яны самі здымалі на фотакамеру, самастойна выконвалі відэамантаж, выкарыстоўваючы магчымасці камп’ютарнага класа цэнтра. Пасля яркага дня ўсе з нецярпеннем чакалі самага адказнага моманту – трансляцыі відэакліпа.

Вынік працы – дзіцячы смех і радасць. Смех – бо побач сапраўдныя сябры і каманда аднадумцаў. Радасць – ад насычанага станоўчымі эмоцыямі дня, ад адчування яднання з родным словам, радасць і гонар, што нарадзіўся і жывеш у Белаурсі, у такім таямнічым і загадкавым, родным сэрцу Навагрудку.
Алена Міклаш,
дырэктар Навагрудскага ЦТДіМ



















