У сярэдняй школе №3 г. Навагрудка вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню нацыянальнай культуры, шанаванню народных традыцый, абуджэнню павагі да слова беларускага, да ўсяго роднага, блізкага. На гэта накіраваны многія вучэбна-выхаваўчыя мерапрыемствы. Надзвычай цікава ў нашай школе праходзіў Дзень роднай мовы. Ад мерапрыемстваў у вучняў і прысутных засталося шмат успамінаў, яркіх уражанняў і радасных эмоцый.
"Сто гадоў шукай другой красы, а тым больш, што свет зусім не вузкі. Ды калі ты не бязродны сын, гавары са мной па-беларуску". Такімі словамі пачалася гутарка ў час правядзення акцыі «Рускай мове дай разгрузку—гавары па-беларуску». Вучні прынялі актыўны ўдзел у акцыі, бо якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная наша мова. На кожны выпадак у ёй знойдзецца і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды. На гэтай мове размаўляем і мы.
Шмат станоўчых эмоцый падарыў прысутным інтэлектуальны марафон «З любоўю да роднага слова». Вялікую цікавасць выклікаў конкурс-прэзентацыя паэтаў-пачаткоўцаў «Паэтычны вернісаж». Толькі беларускую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёр і лясоў. Таму выстаўка «Вандроўка ў родную мову» ўразіла прысутных. Вучні адчулі смак мілагучных, звонкіх, спеўных слоў нашай мовы.
Знаўцамі ўсіх фанетычных асаблівасцей паказалі сябе вучні 8 “А” класа, якія з радасцю прынялі ўдзел у конкурсе фанетыстаў “Вандроўка ў родную мову”. Выконваючы заданні, расстаўлялі націскі, хто хутчэй вымаўлялі скорагаворкі, лічылі гукі ў словах, перакладалі, называлі гукі, удзельнічалі ў квэст-гульні. Лепшымі ў конкурсе сталі Шкнай Эвеліна, Гуцько Кацярына, Янцэвіч Маргарыта.


Каб прывіць вучням цікавасць і любоў да роднай мовы, быў арганізаваны інтэрактыў «Скарбонка роднай мовы». Вучні на папяровых «сэрцах» пісалі любімыя беларускія словы, з якіх потым утварылася вялікае «Сэрца любімых слоў».

Шмат станоўчых эмоцый падарыў і «Музычны калейдаскоп». На перапынках гучалі запісы беларускіх народных песень і беларускамоўныя эстрадныя песні, вучні чыталі гумарэскі і жартоўныя дыялогі. Кожныя хвілінкі адпачынку былі напоўнены змястоўнымі і цікавымі мерапрыемствамі. Для кожнага з вучняў знайшлося нешта сваё, тое, што ён запомніць надоўга. Для вучняў 7-8 класаў была праведзена пазнавальная гульня-віктарына «Жывое ў вяках беларускае слова». Вучні паказалі свае веды ў віктарыне па гісторыі развіцця роднай мовы. Галоўнае, што ўсе ўсвядомілі: наша беларуская мова жывая і сапраўдная. Дзеці старэйшых класаў разам з настаўнікамі пабывалі «У гасцях у Я. Коласа», чыталі разам «Новую зямлю». Гэта падарожжа з фотакамерай пазнаёміла з творчасцю Я.Коласа. Усе ўпэўніліся, што беларуская мова, якая гучыць з нашых вуснаў, мілагучная, вобразная, спеўная.

Напрыканцы дня прынялі ўдзел у акцыі «Далучыся да мудрасці продкаў». На кляновых лісточках з паперы дзеці пісалі беларускай мове свае пажаданні, пасля чаго гэтыя лісцікі ўпрыгожвалі вялікае маляванае дрэва. Многія вучні жадалі мове шчасця, доўгіх гадоў жыцця і выказвалі спадзяванні, што родная мова ніколі не знікне, будзе гучаць з нашых вуснаў заўсёды, каб яе пачулі нашы нашчадкі.

Вось такія мерапрыемствы—выдатная магчымасць павысіць цікавасць вучняў да роднага слова, выхоўваць беражлівыя адносіны да мастацкага слова, да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа. І таму кожны, хто тут нарадзіўся і жыве, павінен не толькі дасканала валодаць нашай мовай, але шанаваць і захоўваць.
Зоя Белуш, Дар’я Каравай,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №3 г.Навагрудка


















