Фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам» прайшоў ва Уселюбе

Фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам» прайшоў ва Уселюбе

Фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам» прайшоў ва Уселюбе

19 августа 2023 843
У маляўнічым аграгарадку Уселюб на тэрыторыі касцёла Святога Казіміра 19 жніўня адбыўся фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам», прысвечаны 590-годдзю асвячэння касцёла. Правядзенне фестывалю ва Уселюбе стала штогадовай традыцыяй. А сёлета арганізатары – парафія Святога Казіміра і аддзел культуры Навагрудскага райвыканкамама – парадавалі ўсіх прысутных яшчэ большай разнастайнасцю цікавых лакацый.

Пры ўваходзе ў храм раздаваліся гукі арганнай музыкі. Мерапрыемства пачалося са святой Імшы.

Затым на тэрыторыі касцёла адбылося ўрачыстае тэатралізаванае адкрыццё свята, на якім прысутнічалі паважаныя госці: старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Каралько, дырэктар ААТ «Прынёманскі» Іван Ярмац і старшыня Уселюбскага сельвыканкама Іван Чарнель.З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Сяргей Чаркоўскі.

– Сёння вельмі яркі, сонечны і святочны дзень для маленькага кутка нашай краіны, які збірае шмат гасцей не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Касцёл Святога Казіміра – гэта месца, куды прыязджаюць людзі, каб адпачыць ад мітусні, знайсці заспакаенне, яднанне з Богам. Я вельмі рады прысутнічаць на фестывалі і раздзяліць такую значную дату – 590-годдзе асвячэння касцёла – разам з вамі. Не магу не выказаць словы асаблівай падзякі ксяндзу Віталію, дзякуючы якому мы ўсе сёння сабраліся тут. Калі б не яго ініцыятыўнасць і ідэйнасць, то нічога падобнага тут не было. Прыехаўшы першы раз у касцёл Святога Казіміра, я адразу адчуў, што гэта цудоўнае месца і сюды хочацца вяртацца зноў і зноў. І ўсё гэта дзякуючы вам, ксёндз Віталій, – адзначыў Сяргей Сяргеевіч. – Жадаю ўсім мірнага неба, дабрабыту, любові і добрага настрою.

На галоўнай сцэне выступіў хор «Каласанс» з горада Шчучына. Адбылася сустрэча з праваслаўнай і каталіцкай сем'ямі з горада Гродна. Зацікавіла ўсіх прэзентацыя хрысціянска-каталіцкага праекта «Чужыя сэрцы» Людмілы Казловай.

Шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў у гасцей свята выклікалі выступленні творчых калектываў Навагрудчыны, дзіцячых калектываў раённага цэнтра культуры і выступленне народнага ансамбля музыкі і песні «Прынямонне» Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Жыхары і госці аграгарадка Уселюб змаглі наведаць тэатральны куток. З задавальненнем сустрэліся з артыстамі народнага клуба аматараў тэатра «Мудрасць Плюс». Засталіся ў захапленні ад прагляду спектакля  «Без Ягора будзе гора!» народнага драматычнага калектыву і анімацыйна-гульнявой праграмы «О’Руркіна моўка».

На ўсёй тэрыторыі вакол касцёла разгарнуліся цікавыя інтэрактыўныя пляцоўкі, якія карысталіся асаблівай папулярнасцю ва ўдзельнікаў фестывалю: дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя, фотазоны, літаратурны салон, фотавыстаўкі «Імгненні жыцця, застыўшыя ў фота... » Міхаіла Кір'янавіча Касабукіна і «Гісторыя сям'і ў фотаздымках». Таксама тут былі прадстаўлены кветкавыя кампазіцыі і выстаўка-прэзентацыя турыстычных магчымасцей Навагрудчыны. Не засталася без увагі і выстаўка карцін сучаснага мастацтва Ігара Кудзі, якая была арганізавана ў летнім кафэ. На фудкорце гасцям свята прапаноўвалі грыль-меню, бліны і плоў.

Паўдзельнічаць у кулінарных майстар-класах, майстар-класах па ганчарнай, кавальскай справах, саломапляценні, ткацтве і іншых рамёствах, а яшчэ і набыць сувеніры народных умельцаў – усё гэта можна было зрабіць на інтэрактыўных лакацыях «Кулінарныя вынаходствы» і «Горад майстроў».

У доме паломніка, які дзейнічае пры касцёле, на ўтульнай тэрасе гасцей частавалі свежай выпечкай, кавай і травяным чаем. 

Разам з тым удзельнікі свята маглі наведаць фотавыстаўку на духоўную тэматыку. Маглі пазнаёміцца з тэматычнымі экспазіцыямі, якія прысвечаны гісторыі касцёла і Уселюба. А ячшэ ва ўсіх была магчымасць паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі і атрымаць суперпрыз.

Завяршыў гэты цудоўны дзень канцэрт класічнай музыкі «Музычныя шэдэўры» ў касцёле Святога Казіміра.

  Алена Крупіч з сынам Міхаілам:

– На фестываль у касцёл Святога Казіміра прыязджаю не першы раз. Тут заўсёды душэўная атмасфера. І так прыемна адчуваць, што заўсёды рады гасцям, прымаюць як родных. На свяце кожны мог знайсці сабе занятак па душы. У гэтым годзе вельмі парадавала насычаная праграма фестывалю, а сыну спабалася гульнёва-забаўляльная пляцоўка і майстар-клас па ганчарнай справе.


«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |
Автор:: Юльяна Лазар, «НЖ»