До дня Великой
Победы осталось

Дзень роднай мовы адзначылі ва ўстановах адукацыі Навагрудчыны
21 февраля 2022

Дзень роднай мовы адзначылі ва ўстановах адукацыі Навагрудчыны

На 30-й генеральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры з мэтай захавання і развіцця моўнай і культурнай разнастайнасці і падтрымкі шматмоўнай адукацыі ў 1999 годзе быў устаноўлены Дзень роднай мовы, які і сёння адзначаецца 21 лютага. Традыцыйна ў гэты дзень праходзіць агульнарэспубліканскае мерапрыемства – напісанне ўсебеларускай дыктоўкі. У гэтым годзе да напісання дыктоўкі далучыліся ва ўстановах адукацыі Навагрудчыны.

Сярэдняя школа №3 г. Навагрудка

Кожная нацыя – гэта непаўторная культура, гісторыя традыцыі і, канешне, мова. Чалавек не можа існаваць без мовы. З яе дапамогай мы думаем, маем стасункі, ствараем творы мастацтва. У розных краінах свету людзі сёння гавораць на 7139 мовах. Усе яны прызнаюцца роўнымі паміж сабой. Кожная ўнікальным вобразам адказвае запатрабаванням чалавека, ўяўляе сабой каштоўную спадчыну, якую трэба беражліва захоўваць.

Беларуская мова – адна з усходнеславянскіх моў. Прыгожая, напеўная, меладычная, яна паспяхова выконае свае функцыі ў розных сферах зносін беларусаў. Веданне роднай мовы далучае нас да жыццёвага вопыту нашых продкаў, да багатай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага беларускага народа.

У рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г.Навагрудка» далучыўся да правядзення Гродзенскага абласнога дыктанта, арганізаванага галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Праверыць свае веды спрабавалі настаўнікі, бацькі вучняў. Дыктант праводзіўся з мэтай удасканалення ведаў, папулярызацыі беларускай мовы. 2022 год ў рэспубліцы аб’яўлены годам гістарычнай памяці, таму невыпадковай стала тэма дыктанта «Музей паэта». Менавіта Янка Купала стаяў у вытокаў станаўлення беларускай літаратурнай мовы, яго творы і сёння грэюць душы простых людзей. Беларусы прыходзяць у музей , каб пакланіцца геніяльнаму таленту паэта, спасцігнуць таямніцы творчасці песняра.

Дар’я Каравай, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №3 г. Навагрудка

Сярэдняя школа №5 г. Навагрудка

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка прайшоў адзіны дзень дыктанту на беларускай мове, у якім узялі ўдзел і дарослыя, і вучні. Удзельнікі дыктанта ў чарговы раз пераканаліся, што наша родная мова надзвычай прыгожая і мілагучная.


Тэмы дыктантаў былі разнастайныя. Беларускае слова па-свойму раскрыла ўсім свежасць летняга ранку, прыгажосць зімовага лесу, лёгкі подых вясны, цеплыню роднага дома. Кожнае слова і дарослыя, і дзеці старанна выводзілі, каб атрымаць падзяку альбо добрую адзнаку. Вельмі прыемна, што ўсім гэта ўдалося.

 Алена Казак, намеснік дырэктапа па вучэбнай рабоцесярэдняй школы №5 г. Навагрудка

Літаратурная гасцёўка «Каб мова родная гучала» прысвечаная Дню роднай мовы прайшла ў санаторнай сярэдняй групе № 1ясляў - сада № 12 Навагрудка.

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Дзень роднай мовы пачаўся з ранішняй гутаркі з выхаванцамі «Нашы знакамітыя Беларускія песняры». Мы расказалі выхаванцам пра творчасць беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў суправаджэнні прэзентацыі.

Госцем літаратурнай гасцёўкі быў Бульбашык , які загадаў дзецям беларускія загадкі. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі пагулялі ў Беларускую народную гульню «Ходзіць ліска ля ваконца». Дзеці паказалі хуткасць рэакцыі, спрыт і кемлівасць. Не менш цікавымі для нашых дзяцей былі гульнявыя заданні, дыдактычныя гульні «Складзі арнамент», «Адгадай па апісанні», «Апішы прадмет», «Што для чаго», «Скажы па-беларуску» і іншыя. А ладзячы рэжысёрскія гульні з макетам сялянскай хаткі, нашы дзеці змаглі праявіць сваю творчасць, уяўленне, моўныя здольнасці, веданне прадметаў побыту.

Ну а хто ж не любіць слухаць беларускія казкі? Іх выкарыстанне спрыяе пашырэнню кругагляду дзіцяці, фарміраванню ўяўленняў пра побыт і жыццёвы ўклад беларускага народа, народныя традыцыі. З выхаванцамі правялі віктарыну «Знаўцы беларускіх казак» , што дазволіла дзецям паказаць свае веды. Яны ўгадвалі казкі па малюнках ці ўрыўках, пераказвалі казкі па малюнках. Асабліва цікавай была драматызацыя беларускай народнай казкі «Коцік, пеўнік і лісіца», дзе дзеці праявілі камунікатыўных здольнасці, фантазію, творчасць і артыстызм.

Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мілагучнасць – адзін са щляхоў выхавання любові да сваёй Радзімы. Дык будзем з замілаваннем услухоўвацца ў нашу родную мову, разам вучыцца мове, далучацца да невычэрпных крыніц беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі і роднага краю. Неабходна старацца як найлепш карыстацца роднай мовай, з павагай адносіцца да яе, прывіваць любоў і пашану да мовы Бацькаўшчыны нашым дзецям.

Дзень роднай мовы прайшоў цікава і плённа.

Наталля Жуглінская, выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 12 Навагрудка


«Гавары са мной па-беларуску!» –  такую назву мела акцыя, якая прайшла ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы 18 лютага, распачынаючы цыкл мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы.

На перапынках у фае каледжа актыў вучняў прапаноўваў ўсім жадаючым папрактыкавацца ў перакладзе слоў з рускай мовы на беларускую, уставіць прапушчанае слова ў беларускіх прыказках і прымаўках, скласці фразеалагізмы з прапанаванымі словамі.

Янка Купала і Якуб Колас... Іх творчасць даўно стала візітнай карткай Беларусі. Іх ведаюць і любяць у нашай краіне і за яе межамі. У каледжы прайшоў вусны часопіс, прысвечаны 140-й гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа «Славутыя імёны Бацькаўшчыны».
А 21 лютага выкладчыкі каледжа прынялі ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце, які арганізаваны галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, дзяржаўнай установай адукацыі “Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі” ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці..
Мэта – папулярызацыя беларускай мовы, удасканаленне ведаў удзельнікаў па беларускай мове. Тэма – Год гістарычнай памяці. 


Людмiла Букрэй, выкладчык каледжа

Дык гучы, маё роднае слова!

Штогод 21 лютага адзначаецца Мiжнародны дзень роднай мовы. Да гэтай падзеі з хваляваннем рыхтаваліся як настаўнікі, так і вучні сярэдняй школы №3 г.Навагрудка.

«Дык гучы, маё роднае слова!» – гэтыя словы сталі зваротным заклікам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, запланаваных у рамках Тыдня беларускай мовы і талерантнасці «Мова маёй краіны», мэта якога: выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, высокія маральныя якасці вучняў, выклікаць жаданне глыбей вывучаць беларускую мову праз правязденне пазакласных мерапрыемстваў, акцый, класных гадзін, развіваць творчае мысленне, пазнавальная інтарэсы вучняў.

На працягу тыдня ва ўсіх класах прайшлі тэматычныя мерапрыемствы, якія пакінулі ва ўсіх часцінку дабрыні, любові да роднай мовы.

Пачатак тыдня быў сапраўды святочным. Імправізіраваны беларускі куток – пралка, тканыя рушнікі, саламяныя лялькі – яскрава адлюстроўвалі нацыянальны каларыт. Шмат станоўчых эмоцый выклікала акцыя «Размаўляем па-беларуску», у час якой вучням было прапанавана запісаць самае дзіўнае, прыгожае, цікавае слова на роднай мове і прадставіць яго.

Інтэрактыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, Радзіме, народу аб’ядналі вучняў 5-11 классаў. Пяцікласнікі прынялі ўдзел у квэст – гульні «Беларуская скарбонка». Падрыхтаваны для вучняў матэрыял, быў накіраваны на развіцце творчасці і інтэлекту вучняў.    

З мэтай павышэння цікавасці да вывучэння беларускай мовы для вучняў 6 класаў прайшла віктарына" Я – беларус, і я шчаслiвы, што мацi мову мне дала». У ходзе віктарыны вучнi ўспаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, вершы вядомых беларускіх паэтаў, разважалі над пытаннем "Чаму неабходна ведаць сваю родную мову і ставіцца да яе з павагай?".

Для вучняў 7-8 класаў ў бібліятэцы прайшоў шэраг займальных урокаў «Шануйце роднае слова», падчас якіх вучні з цікавасцю слухалі аповед бібліятэкара, актыўна знаёміліся з прапанаванымі для чытання кнігамі на роднай мове, выбіралі сабе кнігу на ўласны густ.

Вучні 10 класа ўдзельнiчалi ў турнiры знаўцаў роднай мовы «Да роднай мовы крок зрабi». З цікавасцю і задавальненнем удзельнікі гульні выконвалі заданні на развiццё арфаграфiчнай i пунктуацыйнай пiльнасцi, звязнага маўлення.

Лагічным працягам гэтых мерапрыемстваў стаў удзел вучняў 3-9 класаў у рэспубліканскім дыстанцыйным конкурсе «Буслiк –2022».

З мэтай далучэння дзяцей да беларускай культуры ў 2-4 класах прайшоў фестываль беларускіх танцаў «Жывуць традыцыi – квiтнее зямля» і карагод народных гульняў «Далучайся да спадчыны». Вынікам гэтых мерапрыемстваў стала жаданне вучняў пазнаваць гістарычную і культурную спадчыну беларускага народа.

Вялікую цікавасць у вучняў выклікала выстава малюнкаў «Скарбы роднага краю» і інтэрактыўная экскурсія «Пазнаём мудрасць продкаў», падчас якой вучні змаглі здзейсніць цікавае падарожжа ў мінулае нашай краіны.

Паэтычныя перапынкі «Беларуская мова – мелодыя сэрца» сталі ўжо добрай святочнай традыцыяй. Вучні чыталі загадзя падрыхтаваныя вершы, вызначалі іх тэматыку, выказвалі свае ўражанні ад прачытанага.

Вельмі насычаным выдаўся Дзень роднай мовы, 21 лютага. Для педагагічных работнікаў і бацькоў вучняў з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, удасканалення ведаў удзельнікаў па беларускай мове быў праведзены гродзенскі абласны дыктант «Музей паэта».

Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня сталі добрымі ўрокамі выхавання духоўнасці, пачуцця адданасці роднаму краю і яго культурнай спадчыне.


Наталля Мігаль, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Сярэдняя школа №3 г.Навагрудка»