Чацвёртая хваля COVID-19 прыйшла ў Беларусь

Чацвёртая хваля COVID-19 прыйшла ў Беларусь

Чацвёртая хваля COVID-19 прыйшла ў Беларусь

25 сентября 2021 1142
У бальніцах па ўсёй краіне зноў з’явіліся чырвоныя зоны. Росту захворвання садзейнічае неспрыяльнае надвор’е і традыцыйны «грыпозны перыяд».

– Надзвычайнай сітуацыі няма, аднак яна патрабуе асаблівых намаганняў, – канстатавала намеснік галоўнага ўрача Навагрудскай ЦРБ Марына ФІСЕНКА. – Гэтая хваля накладваецца на сезонную эпідсітуацыю, звязаную з рэзкім пахаладаннем і ростам вострых рэспіраторных вірусных інфекцый у цэлым. Але, на жаль, рост захворвання на кавід мы фіксуем на вельмі высокіх лічбах, якія былі ў папярэднія перыяды захворвання каронавірусам. Калі параўноўваць сітуацыю з ліпенем-жніўнем бягучага года, то захворванне на кавід павялічылася ў 8-10 разоў.

Медыкі стаміліся гаварыць аб тым, што вакцынацыя на сённяшні дзень з’яўляецца адзіным выхадам, каб прыпыніць хвалю захворвання на кавід. Кожны разумны чалавек павінен усведамляць, што прышчэпка абараняе не толькі яго, але і бацькоў, бабуль, дзядуляў і наогул пры праведзенай вакцынацыі як супраць каронавіруса, так і супраць грыпу мы ўносім уклад у агульную перамогу над пандэміяй, – адзначыла Марына Аляксандраўна.

У стацыянары Навагрудскай ЦРБ абсталявана 128 ложкаў для пацыентаў з каронавірусной інфекцыяй, з іх 6 у аддзяленні рэанімацыі, дзе аказваецца медыцынская дапамога пацыентам, у якіх хвароба працякае ў больш цяжкай форме. Акрамя гэтага, 60 ложкаў абсталяваны кіслароднымі кропкамі.

Марына Аляксандраўна падкрэсліла, што сёння лячэбная ўстанова мае ўсё неабходнае для аказання медыцынскай дапамогі: лекавыя сродкі, абсталяванне, сродкі абароны. Вялікую ролю ў правільным вызначэнні дыягназу хворых на кавід пацыентаў адыгрывае апарат камп’ютарнай тамаграфіі. На сённяшні дзень гэта лепшы метад дыягностыкі для многіх захворванняў, у тым ліку захворванняў лёгкіх, сэрца, галаўнога мозга, касцей і г.д. Разам з тым медыкі выяўляюць пнеўманію ўжо на 2-3 дзень захворвання – гэта добра відаць на звычайным флюараграфічным здымку.

Па словах Марыны Фісенкі, сярод пацыентаў як на стацыянарным лячэнні, так і на амбулаторным сустракаюцца адзінкавыя выпадкі захворвання на кавід у тых людзей, якія прышчапіліся. Медыкі адзначаюць, што ў прышчэпленых супраць каронавіруса, калі яны захварэлі, хвароба працякае ў больш лёгкай форме. Медыцынскую дапамогу яны атрымліваюць амбулаторна. Марына Аляксандраўна таксама адзначыла, што многія людзі, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары, вельмі шкадуюць, што не прышчапіліся.

На аснове клінічных праяўленняў, кароткага інкубацыйнага перыяду і іншых прыкмет мы бачым, што сярод тых, хто сёння захварэў каронавірусам, пераважае індыйскі штам «Дэльта». Гэты штам каронавіруса з’яўляецца адным з самых сур’ёзных, – канстатавала Марына Фісенка.

Вакцынацыя. Толькі лічбы На 23 верасня ў раёне прайшлі вакцынацыю першым кампанентам 8495 чал. (20,4 % ад усяго насельніцтва раёна), другі кампанент атрымала 6114 чал. (14,7 %) Больш за ўсіх прышчапілася работнікаў сістэмы аховы здароўя – 869 (83,7 %), адукацыі – 463 (79 %), сацыяльнай абароны – 176 чал. (96,7 %). Таксама праведзена вакцынацыя сярод людзей, якія маюць хранічныя захворванні, – прышчэплена 4293 чал. (58,8 %). Найбольш складаная сітуацыя з правядзеннем вакцынацыі супраць каронавіруснай інфекцыі сярод работнікаў гандлю і грамадскага харчавання – прышчэплена 221 чал. (34 %).

Марына Аляксандраўна, сёння людзі задаюць шмат пытанняў па вакцыне. Усе-такі, на ваш погляд, якую вакцыну лепш уводзіць – расійскую «Спадарожнік V», «Спадарожнік Лайт» ці кітайскую «Berocell»? Тым больш што з’явілася шмат публікацый аб тым, што вектарная вакцына мае больш працяглы эфект.

 – Сёння ў чалавека ёсць права выбару, якой вакцынай прышчапіцца. У Навагрудскай ЦРБ маецца ў дастатковай колькасці расійская «Спадарожнік V» і кітайская «Vero Cell», яны двухкампанентныя. Што тычыцца вакцыны «Спадарожнік Лайт», яна аднакампанентная і паступіць у бліжэйшы час. Мы будзем яе прапаноўваць студэнтам і курсантам, а таксама прызыўнікам, якія будуць прызваны на тэрміновую службу, – паведаміла Марына Фісенка.

Марына Аляксандраўна адзначыла, што за апошнія два тыдні адбыліся выезды вакцынальных брыгад у 26 арганізацый і на прадпрыемствы раёна. У залежнасці ад колькасці працуючых прышчапляецца ад 8 да 50 чал., у сярэднім прышчапляецца каля 20 чал. Гэта, канешне, недастаткова.

 – Найбольш актыўную пазіцыю па арганізацыі прышчэпачнай кампаніі праводзяць такія прадпрыемствы, як «Навагрудскія Дары» філіял «Лідскі малочна-кансервавы камібінат», Навагрудскае РУП ЖКГ, КВУП «Навагрудская сельгастэхніка», Навагрудскі філіял УП «Фільтр» ГА БелТІЗ, філіял «Аўтобусны парк № 5 г. Навагрудак». Сярод работнікаў гандлю актыўна працуюць у гэтым накірунку ТДА «КамРадГандаль», ААТ «Вялікая Крыніца», Навагрудскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, магазіны «Хіт» і «Дабраном». Актыўна прышчапляюцца работнікі Навагрудскага райвыканкама. Праведзена прышчэпачная кампанія ў гандлёва-эканамічным і аграрным каледжах, Навагрудскай спецыяльнай школе-інтэрнат, Навагрудскай раённай бібліятэцы, ЦБУ № 416 ААТ АСБ «Беларусбанк» г. Навагрудка і інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Навагрудскага раёна і інш. Марына Аляксандраўна заўважыла, што там, дзе самі кіраўнікі зацікаўлены ў правядзенні кампаніі па вакцынацыі работнікаў, там і работа добра наладжана. Медыцынскія работнікі і далей гатовы практыкаваць выезды вакцынальных брыгад на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна, а таксама праводзіць тлумачальную работу аб неабходнасці ванцынацыі супраць каронавіруснай інфекцыі. Апошнія даследаванні паказваюць, што прывітыя людзі або не хварэюць на COVID-19, у тым ліку і новымі штамамі, або пераносяць хваробу ў легкай форме, – рэзюмавала намеснік галоўнага ўрача Навагрудскай ЦРБ.

 У тэму На сённяшні дзень расійская вакцына «Спадарожнік V» уваходзіць у тройку самых запатрабаваных вакцын у свеце і прайшла трэцюю фазу выпрабаванняў. Яе эфектыўнасць складае 91,4 %, а развіццё цяжкай формы захворвання яна папярэджвае ў 100 % выпадкаў. «Спадарожнік V» зарэгістраваны ўжо ў 30 краінах, і колькасць дзяржаў, якія адобрылі расійскую вакцыну для выкарыстання, расце кожны дзень. 

«Дэльта». Этапы праяўлення і асаблівасці хваробы

Варыянт коронавіруса «Дэльта» імкліва выйшаў у лідары сярод іншых штамаў інфекцыі. З’явіўшыся крыху больш за паўгода ў Індыі, ён распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя звяртаюць увагу на тое, што інкубацыйны перыяд змяніўся, а прыкметы індыйскага штаму некальк адрозніваюцца ад сімптомаў распаўсюджаных раней форм віруснай інфекцыі.

Інкубацыйны перыяд каронавіруса, які з’явіўся ва Ухані, брытанскай варыяцыі інфекцыі і іншых штамаў, складае 2-14 дзён, у рэдкіх выпадках ён расцягваецца на 21 дзень.

Калі гаворка ідзе аб самым распаўсюджаным сёння варыянце інфекцыі – індыйскім, то сітуацыя выглядае інакш. З моманту заражэння да з’яўлення першых сімптомаў «Дэльта» штаму каронавіруса праходзіць менш часу – усяго 3-4 дні. Пры гэтым большасць людзей нават не здагадваецца аб тым, што заражаныя, свабодна маюць зносіны з іншым і распаўсюджваюць вірус. Сярод заражаных індыйскім штамам нямала дзяцей і падлеткаў.

 У адных хвароба працягвае працякаць бессімптомна або ў лёгкай форме, асабліва ў прывітых супраць каронавіруса, у іншых выклікае вельмі сур’ёзныя наступствы для здароўя. Асаблівасць штаму «Дэльта» ў тым, што ён практычна не выклікае кашлю, хворы чалавек можа мець нармальную або субфебрыльную тэмпературу, але ў яго нават у такім стане надыходзіць цяжкае паражэнне лёгкіх. У дарослых і пажылых людзей вельмі хутка павялічваецца плошча паражэння лёгачнай тканкі. У дзяцей і дарослых на фоне заражэння з’яўляецца насмарк, кашлю практычна не бывае. Калі тэмпература павышаецца, то яна расце надта хутка і збіць яе вельмі складана. Калі перад больш раннімі штамамі каронавіруса дзеці і падлеткі былі практычна непаражальныя, то штам «Дэльта» небяспечны і для іх. У дзяцей пагаршаецца агульны стан, а пасля выздараўлення ўзнікаюць ускладненні з боку ўнутраных органаў.

Сімптомы «Дэльта» штаму каронавіруса пры цяжкім і сярэднецяжкім працяканні хваробы

2-3 дзень – да агульнай слабасці далучаецца галаўны боль;

3-4 дзень – з’яўляецца пяршэнне, сухасць і боль у горле, пачынаецца насмарк (выдзяляецца шмат слізі, якая мае празрысты выгляд);

5-6 дзень – на целе можа з’явіцца сып (невялікія папулы вонкава нагадваюць высыпанні пры вятранцы, пакрываюць плечы, жывот, грудзі), могуць узнікаць млоснасць, рвота, панос;

7-10 дзень – тэмпература можа падняцца да 39 градусаў і вышэй, з’яўляецца цяжар дыхання, назіраецца пачырваненне і гной у вачах, узмоцнены слёзацёк. Гэтыя дні носяць крытычны характар, калі ў некаторых людзей захворванне пераходзіць у цяжкую форму. Пнеўманія становіцца больш выяўленай, хворыя пакутуюць ад моцнай задышкі і кашлю. Пры гэтым яны адчуваюць вялікую слабасць і не могуць завяршыць фразу.

Пры індыйскім варыянце каронавіруса на першым этапе захворвання кашаль узнікае вельмі рэдка, а таксама практычна няма скаргаў хворых на заложанасць носа, адсутнасць пахаў. 

Парады ўрачоў пры індыйскім штаме «Дэльта»

Урачы рэкамендуюць выконваць усе магчымыя меры бяспекі, каб не заразіцца:
 • прайсці вакцынацыю;
• падчас наведвання месцаў масавага збору людзей карыстацца ахоўнай маскай, апрацоўваць рукі антысептыкам;
 • не дакранацца рукамі да носа, вачэй, рота;
 • прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі не менш як 1,5 – 2 м;
 • па вяртанні дадому старанна мыць рукі праточнай вадой з мылам не менш як 40 секунд;
 • не знаходзіцца ў адным памяшканні з людзьмі, якія маюць сімптомы прастуды – кашаль, чханне, насмарк;
 • рабочыя паверхні, гаджэты апрацоўваць антысептычнымі сродкамі;
• пазбягаць цесных абдымкаў, поціскаў рукі.

 А. ЕРМАКОВА, «НЖ».