Адзінства і стратэгічныя рашэнні

24 июля 2026
Снежань 2010 года стаў важнай вехай у гісторыі суверэннай Беларусі. У Мінску, у Палацы Рэспублікі, сабраліся 2,5 тысячы дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны, каб прыняць удзел у IV Усебеларускім народным сходзе.  
photo_2026-09-01_12-50-53.jpg
Для дэлегатаў, сярод якіх былі настаўнікі, урачы, работнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, удзел у сходзе стаў не толькі ганаровай місіяй, але і сур’ёзнай адказнасцю. Яны не проста слухалі даклады, але і ўносілі прапановы, якія затым былі пакладзены ў аснову выніковых дакументаў,  што вызначалі стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. 

У ліку тых, хто прадстаўляў Навагруд­чыну на гэтым форуме, былі Гелена Бужынская (Чарнецкая) і Лана Крысанава.  

Гелена Бужынская ўзначальвала брыгаду тынкоўшчыкаў ААТ  «Навагрудскае БМУ». Яе брыгада лічылася адной з лепшых на прадпрыемстве. 

– У брыгадзе было 13 тынкоўшчыкаў. Калектыў зладжаны, працавіты, – расказ­вае Гелена Мар’янаўна. – У тыя гады якраз ішла забудова вуліц Драздовіча, Карскага, Скарыны. Цяпер мне прыемна ісці па гэтых вуліцах і бачыць вынікі сваёй працы. Прыгожыя дамы, абуладкаваныя двары, гуляюць дзеці. Нам ёсць чым ганарыцца.
 
– У Навагрудскім раёне з пачатку 2006 года па кастрычнік 2010 года было пабудавана 1038 кватэр агульнай плошчай 100,81 тыс. кв. метраў. Толькі ў 2010 годзе ключы ад новых кватэр атрымалі 237 сем’яў, з якіх 179 у горадзе і 58 на сяле, – расказваў напярэдадні IV Усебеларускага народнага сходу на старонках раённай газеты Юрый Калановіч, які на той час працаваў намеснікам старшыні райвыканкама. У бліжэйшых планах было завяршыць  будаўніцтва 40-кватэрнага ЖБК №24 па вул. Драздовіча і 50-кватэрнага ЖБК №26 па вул. Карскага ў горадзе, чатырох кватэр у СВК «Прынёманскі» і па адной у СВК «Уселюб» і СВК «Нягневічы». 

Тэмпы жыллёвага будаўніцтва нарошчваліся. Калі ў 2005 годзе ў гора­дзе быў уведзены ў эксплуатацыю адзін 42-кватэрны дом, то ў 2006 – два (на 60 і 40 кватэр), у 2009 – тры, у 2010 годзе – пяць. 

Кандыдатуру Гелены Бужынскай (Чарнецкай) у дэлегаты УНС вылучылі на агульным сходзе калектыва. «Было нечакана, але прыемна», – прызнаецца яна. 

– Ехала на сход і вельмі хваля­ва­­лася.  Уразіў сам Палац Рэспублікі, у якім я была ўпершыню: велічны, прыгожы, –­­ ­гаворыць жанчына. – А калі пачаўся сход і ў зал зай­шоў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, эмоцыі былі проста неверагодныя. Вось так, блізка, убачыць Прэзідэнта, за якога мы ўсе галасавалі, – не з экрана тэлевізара, не на фатаграфіі ў газеце – гэты момант будзе помніцца заўсёды. 

– Для мяне ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе – важная і сур’ёзная падзея. Я ганаруся тым, што мне быў аказаны такі высокі давер, – працягвае размову Лана Крысанава. У 2010 годзе яна працавала аператарам машыннага даення СВК імя Кутузава і з’яўлялася  дэпутатам Кашалеўскага сельскага Савета дэпутатаў. Ферма была вядомая ў раёне сваімі высокімі паказчыкамі па надоях і прывагах. Лана Міхайлаўна як адна з лепшых работніц была ўдастоена гонару стаць дэлегатам  IV УНС. 
– Памятаю, з якім хваляваннем слухалі выступленне Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, у якім былі абазначаны як дасягненні, так і праблемныя пункты развіцця. Яго ключавы пасыл – «Наша мэта рэальная, зямная: каб заўтра беларускі народ жыў лепш, чым сёння» – стаў арыенцірам для мільёнаў грамадзян, – прыгадвае Лана Міхайлаўна. – Важнейшыя тэзісы, агучаныя з трыбуны, знаходзілі жывы водгук у сэрцах удзельнікаў. Выступленне Кіраўніка дзяржавы неаднаразова перапынялася апладысментамі. Людзі апладзіравалі Прэзідэнту, працоўным дасягненням нашай краіны, у якія была ўкладзена праца кожнага з нас. 

Ёй, прадстаўніцы аграрнага сектара эканомікі, было цікава пачуць, як будзе развівацца вёска. Мадэрнізацыя сельгаспрадпрыемстваў, развіццё аграгарадкоў, будаўніцтва жылля, падтрымка сем’яў  і стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей – гэтыя пасылы акрэслівалі перспектывы і натхнялі на плённую працу. 

– Для удзельнікаў УНС былі прадугледжаны экскурсіі на вытворчасць. Мне пашанцавала пабываць на адной з птушкафабрык, і я была ўражана маштабамі, – адзначае Лана Крысанава. – Мы азнаёміліся з умовамі працы і на канкрэтным прыкладзе пераканаліся, што эканоміка нашай краіны развіваецца.  

«Вялікае бачыцца на адлегласці» – муд­расць гэтага выказвання пацверджана часам. Сёння мы бачым, што рашэнні папярэдніх форумаў заклалі трывалы падмурак нашай дзяржаўнасці і запусцілі механізмы, якія праз гады  пераўтварыліся ў якасныя змяненні: ад новай інфраструктуры ў малых населеных пунктах да ўпэўненасці ў заўтрашнім дні ў кожнай сям’і.  

– Беларусь квітнее і прыгажэе, і гэта вынік сумеснай агульнай працы, – сказалі ў завяршэнне размовы Гелена Бужынская і Лана Крысанава. – А самае галоўнае – што над нашай краінай мірнае неба. І гэты мір трэба цаніць і шанаваць.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |   
Автор: Ольга Новогран «НЖ»