Улоў… каўпачкоў

Улоў… каўпачкоў

Улоў… каўпачкоў

05 Октября 2021 818
Новы трэнд ЦikTok «круціць каўпачкі» набірае абароты сярод падлеткаў 10-14 гадоў. Адзін за адным хлопчыкі і дзяўчынкі працягваюць скручваць каўпачкі з ніпелей аўтамабільных колаў і дэманструюць свой «улоў» у сетцы Інтэрнэт. Кароткія відэа, у якіх дзеці хваляцца колькасцю і прыгажосцю каўпачкоў, набіраюць шмат праглядаў і «лайкаў». На жаль, модны «скрут» дайшоў і да Беларусі.

У апошні час папулярнасць сярод дзяцей і моладзі набірае кітайская сацыяльная сетка ЦikTok, у якой штодня размяшчаюцца сотні тысяч відэаролікаў. Частка кароткаметражных відэазапісаў утрымлівае ў сабе розныя танцы, другая – відэа, зманціравана з відэашэрагу папулярных мастацкіх фільмаў і кліпаў, аднак адной з галоўных фішак ЦikTok былі і застаюцца чэленджы. Але не ўсё так бяскрыўдна, як здаецца на першы погляд.

– Мабільнае прылажэнне «ЦikTok» ведае кожны. Асабліва папулярны ён сярод моладзі. Юнакі і дзяўчаты здымаюць музычныя відэа, вядуць прамыя эфіры, абменьваюцца паведамленнямі, арганізоўваюць челенджы і прыдумваюць трэнды. Іншымі словамі, робяць усё, каб патрапіць у ТОП, набраць кучу лайкаў, атрымаць падпісчыкаў і папулярнасць, – адзначыў інспектар па справах непаўналетніх Навагрудскага РАУС Яўгеній МАРОЗ. – Аднак, на жаль, далёка не ўсе забавы ціктокераў бяскрыўдныя. У апошнія часы пераважна сярод непаўналетніх падпісчыкаў з краін СНД «трэндам» сталі называць супрацьпраўныя дзеянніі, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах.

Інспекцыя па справах непаўналетніх Навагрудскага РАУС прапануе бацькам непаўналетніх «ціктокераў» звярнуць увагу на адзін з новых трэндаў сацыяльнай сеткі пад назвай – «круціць каўпачкі». Гэты трэнд з'явіўся ў Расіі яшчэ ў 2019 годзе. Падлеткі проста падыходзілі да ўпадабанай ім машыны, нахабна скручвалі адзін або некалькі ахоўных каўпачкоў з ніпеляў колаў аўтамабіля і ўцякалі, пасля чаго размяшчалі відэаролік аб сваім «улове» ў ЦikTok. З прыходам летніх канікулаў дадзены трэнд дайшоў і да Беларусі.

– Каўпачкі скручваюць з ніпеляў, прычым у першую чаргу падлеткі шукаюць не звычайныя ніпелі, а з малюнкамі, фірменнымі лагатыпамі, якія часцей за ўсё можна знайсці на дарагіх машынах, – дзеліцца Яўгеній Паўлавіч. – Некаторыя ўдзельнікі чэленджа нацэлены на колькасць і здымаюць нават самыя простыя – чорныя пластыкавыя заглушкі. Удзельнікі чэленджа прыдумалі свае тэрміны, яны называюць сам працэс «скрутам», знойдзеныя за адзін дзень каўпачкі – «уловам», а простыя пластыкавыя заглушкі – «дэфолтам».

Па словах супрацоўніка міліцыі, учыненне вышэйзгаданых дзеянняў можна кваліфікаваць як адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 11.1 КаАП Рэспублікі Беларусь (дробны крадзеж), які цягне накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. А ў выпадку ўчынення падобнага дзеяння групай асоб, правапарушэнне можна аднесці да саставу крымінальнага пакарання, прадугледжанага часткай 2 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж), якое караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

– Паважаныя бацькі! Непаўналетнія часта прадастаўлены самі сабе не толькі на вуліцы, але і ў сетцы Інтэрнэт, што можа прывесці да сумных наступстваў. Каб пазбегнуть непрыемнасцей з законам, трэба весці са сваімі дзецьмі тлумачальную работу, у тым ліку і ў гэтым кірунку, – рэкамендуе Я. Мароз. – У адваротным выпадку вы самі можаце быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў па выхаванні дзяцей, а ў дачыненні да апошніх інспекцыяй па справах непаўналетніх можа быць пачата правядзенне індывідуальнай прафілактычнай работы з усімі вынікаючымі наступствамі.

Па стане на 29 верасня ў Навагрудскім раёне заяў аб крадзяжы менавіта каўпачкоў з аўтамабіляў не паступала. Аднак бацькам трэба заставацца пільнымі. Бо, на першы погляд, дзіцячая забаўка можа стаць сапраўднай праблемай.


К. ВАЛЬШОНАК, «НЖ».