Штогод супрацоўнікі Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку і Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, работнікі культуры ў Міжнародны дзень музеяў, які адзначаецца 18 мая, праводзяць тэматычныя лекцыі, навуковыя чытанні, музейныя заняткі з дзецьмі, тэатральныя паказы. Гэты год не стаў выключэннем. Да Міжнароднага дня музеяў у Наваградку быў падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў.
Міжнародны дзень музеяў з'явіўся ў календары ў 1977 годзе, калі на чарговым пасяджэнні Міжнароднага савета музеяў была прынята прапанова расійскай арганізацыі аб заснаванні культурнага свята. Штогод 18 мая музейныя работнікі ўсяго свету адзначаюць сваё прафесійнае свята. Яшчэ ў 1970-х гадах у Еўропе ў маі музеі адчынялі дзверы для бясплатнага наведвання, а калі наведвальнікі не паспявалі агледзець экспазіцыю, працягвалі час працы. Тады гэтая акцыя называлася «Вясна музеяў». У 1997 годзе ў Берліне прайшла першая афіцыйная акцыя, якая ўвайшла ў гісторыю як «Доўгая ноч музеяў». Адміністрацыя горада прыняла рашэнне ў гэты дзень пускаць наведвальнікаў у музеі бясплатна, а экскурсіі праводзіць усю ноч. Ідэя мела вялікі поспех і ўжо ў наступным годзе да акцыі далучыліся яшчэ 20 гарадоў Германіі. Гісторыя начных музейных гулянняў, якія прымеркаваны да Міжнароднага дня музеяў, у Еўропе пачалася ў 2001 годзе ў Парыжы і заваявала папулярнасць ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. Кожны год свята мае сваю пэўную тэму, якая прысвечана пытанням музейнай дзейнасці.
Асноўная мэта акцыі – паказаць рэсурс, магчымасці сучасных музеяў, прывабіць у іх моладзь. У дзень свята шматлікія музеі адкрываюць свае дзверы для ўсіх наведвальнікаў бясплатна, рыхтуюць новыя экспазіцыі, тэматычныя лекцыі, экскурсіі.
У рамках акцыі «Ноч музеяў» у Навагрудку можна было не толькі паглядзець экспазіцыі абодвух музеяў, але і прыняць актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія разлічаны на аўдыторыю розных узростаў.
Каб не пакрыўдзіць маленькіх наведвальнікаў свята вырашана было пачаць днём, а не позна ноччу. Дзеці наведалі музейныя заняткі і экскурсіі, якія ім прапанавалі музеі.
У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі прайшоў урок-гульня «Звычайныя незвычайныя рэчы» пра калекцыяніраванне прадметаў.
У Доме-музеі Адама Міцкевіча навагрудчане і госці завіталі на прэзентацыю выстаўкі «Адам Міцкевіч і Ігнат Дамейка – славутыя сыны Навагрудскай зямлі». На выстаўцы прадстаўлена калекцыя паштовых марак, паштовак і канвертаў».
У праграме гістарычна-краязнаўчага музея наведвальнікаў зацікавіў майстар-клас па бытавых танцах, які правёў балетмайстар ансамбля «Свіцязь» Сяргей Ліннік.
Шмат гасцей завітала на сустрэчу з паэтэсай Святланай Абдулаевай «Мне ўспамінаецца маленькі гарадок» і на майстар-клас, які правёў фатограф Міхаіл Касабукін.
Наведвальнікі акцыі здзейснілі займальнае падарожжа па розных тэматычных пляцоўках, якія былі напоўнены своеасаблівай атмасферай.
У гэты вечар музеі, здаецца, ажылі, а разам з імі і гісторыя
З цікавасцю навагрудчане паглядзелі мультымедыйныя прэзентацыі «Жанчыны-музы ў жыцці Адама Міцкевіча» і фільм «Сава Сіўко – фатограф Любчанскага краю». У гістарычна-краязнаўчым музеі якраз і экспаніруецца фотавыстаўка Савы Сіўко.
Многія навагрудчане далучыліся і да акцыі «Падары экспанат музею».
Навагрудчанка Ганна Сцяпанаўна Валенцік перадала ў фонды гістарычна-краязнаўчага музея шмат цікавых рэчаў.
Акцыя «Ноч музеяў», у якой прымаюць удзел больш за 150 краін свету, сапраўды, стала цікавым і таямнічым святам для жыхароў нашага горада.
Вольга Пісар, «НЖ»


















