П’янства, дзіцячыя слёзы, страта працы і нават злачынства ... шмат бед можа нарабіць алкаголь. З ім даўно і сур’ёзна вядуць барацьбу грамадства і дзяржава. Сярод жорсткіх і прэвентыўных, але неабходных мер – накіраванне чалавека, які пакутуе алкагалізмам, у лячэбна-працоўны прафілакторый.
На тэрыторыі Навагрудскага раёна размешчаны і дзейнічае лячэбна-працоўны прафілакторый №5 упраўлення Дэпартамента па выкананні пакаранняў Міністэрства ўунутраных спраў РБ па Гродзенскай вобласці, у якім у 2019 г. утрымлівалася 1435 грамадзян, у 2018 г. – 1600 грамадзян, у 2017 г. – 1697. Усяго ў краіне 8 падобных устаноў. Кожны год у іх па рашэнні раённых судоў краіны змяшчаецца каля 6000 грамадзян Беларусі. Толькі суд Навагрудскага раёна разгледзеў матэрыялаў у дачыненні да асоб і накіраваў у ЛПП №5 у 2019 г. – 46, у 2018 г. – 45, у 2017 г. – 71 чалавек.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 (у рэдакцыі ад 09.01.2017) № 104-З «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх», сёння могуць быць накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый:
- працаздольныя, непрацуючыя грамадзяне, хворыя хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй, якія на працягу года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, былі папярэджаны ва ўстаноўленым парадку аб магчымасці накіравання іх у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і на працягу года пасля дадзенага папярэджання прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;
- працаздольныя, непрацуючыя грамадзяне, абавязаныя кампенсаваць выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, якія двойчы на працягу года парушылі працоўную дысцыпліну па прычыне ўжывання алкагольных напіткаў, спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, у сувязі з гэтым былі папярэджаныя аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый і на працягу года пасля дадзенага папярэджання парушылі працоўную дысцыпліну па прычыне ўжывання алкагольных напіткаў, спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.

Хто не можа быць накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый?
Грамадзяне, якія не дасягнулі ўзросту 18 гадоў і грамадзяне, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту; цяжарныя жанчыны; жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да аднаго года; інваліды I і II групы; грамадзяне, у якіх выяўлены захворванні, якія перашкаджаюць іх знаходжанню ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.
У Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесены на разгляд праект змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 (у рэдакцыі ад 09.01.2017) № 104-З «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх». Змены накіраваны на ўзмацненне жорсткасці парадку знаходжання ў ЛПП асоб, раней судзімых, і асоб, якія накіроўваюцца ў ЛПП паўторна.

Што плануецца змяніць у існуючым парадку ў бліжэйшы час?
Для грамадзян, якія накіроўваліся ў ЛПП тры і больш разоў, мінімальны тэрмін знаходжання ў такіх установах могуць павялічыць з аднаго года да двух.
Умовы прымусовай ізаляцыі будуць падзелены на падвіды. Умовы для грамадзян, якія упершыню накіроўваюцца ў гэтыя ўстановы, будуць больш ільготнымі. Для асоб, раней судзімых, а таксама накіраваных у ЛПП у другі і наступныя разы, плануецца скараціць працягласць асабістага часу з трох да адной гадзіны, паменшыць жылую плошчу на аднаго чалавека ў спальным памяшканні з 2,5 да 2 кв. м., магчыма, скароціцца колькасць дазволеных да атрымання пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў з трох да двух у год. На асабісты рахунак будзе пералічвацца не 25%, а 15% заработнай платы.
Можа з’явіцца трэці новы від умоў знаходжання для грамадзян, якія добраахвотна пажадалі пралячыцца ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі або таксікаманіі і далі згоду на аказанне ім псіхіятрычнай дапамогі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове здароўя.
Такім чынам грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, варта задумацца. Беспакарана п’янстваваць, не працаваць і тым больш здзяйсняць правапарушэнні, атручваючы тым самым жыццё сваім блізкім і ўсяму грамадству, не атрымаецца. Разам з комплексам іншых мер сістэма прымусовай ізаляцыі і лячэння алкагалізму і наркаманіі існуе і ўдасканальваецца.
К. Фурса,
вядучы спецыяліст суда Навагрудскага раёна
Фота носіць ілюстрацыйны характар (з адкрытых крыніц)



















