
– Што маецца на ўвазе пад маральнай шкодай?
– Згодна з ч. 1 арт. 152 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь маральная шкода – гэта пачуцці, якія адчувае грамадзянін сумесна або паасобку:
- фізічныя пакуты – фізічны боль, функцыянальнае расстройства арганізма, іншыя адхіленні ад звычайнага стану здароўя, якія з’яўляюцца наступствам дзеянняў (бяздзейнасці), якія пасягаюць на нематэрыяльныя даброты або маёмасныя правы грамадзяніна;
- маральныя пакуты, якія выяўляюцца ў адчуваннях страху, сораму, знявагі, а роўна ў іншых неспрыяльных для чалавека ў псіхалагічным аспекце перажываннях, звязаных са стратай блізкіх, стратай працы, раскрыццём медыцынскай таямніцы, немагчымасцю працягваць актыўнае грамадскае жыццё, з абмежаваннем або пазбаўленнем якіх-небудзь правоў грамадзян і г.д.
На практыцы фізічнымі і маральнымі пакутамі з-за ДТЗ могуць быць і перажыванні ў сувязі з гібеллю чалавека (сваяка), атрыманнем калецтва, прычыненнем шкоды здароўю.
Такім чынам, маральная шкода пры ДТЗ выцякае з прычынення шкоды жыццю і здароўю, выкліканага ДТЗ. Яна кампенсуецца пацярпеламу незалежна ад кампенсацыі матэрыяльных выдаткаў, звязаных з прычыненнем шкоды жыццю і здароўю (выдаткі на лячэнне і пакупку лекаў, дадатковае харчаванне, догляд і г.д.). Маральную шкоду пакрывае ўладальнік механічнага транспартнага сродку. Уладальнікам аўтамабіля з’яўляецца ўласнік аўтамабіля.
– Калі чалавек трапіў у ДТЗ, куды яму трэба звярнуцца з патрабаваннем аб кампенсацыі маральнай шкоды?
– Калі ў ДТЗ трапіў работнік арганізацыі на аўтамабілі, які належыць гэтай арганізацыі, то па кампенсацыю маральнай шкоды неабходна звяртацца ў арганізацыю.
Калі грамадзянін (уласнік аўтамабіля) перадаў аўтамабіль у бязвыплатнае карыстанне арганізацыі, а супрацоўнік арганізацыі на дадзеным аўтамабілі трапіў у ДТЗ, то прад’яўляць патрабаванне аб кампенсацыі маральнай шкоды неабходна да арганізацыі, якая на момант ДТЗ з’яўлялася аўтаўладальнікам у сілу заключанага дагавора бязвыплатнага карыстання. Аўтаўладальнікам не з’яўляецца вадзіцель, які кіруе аўтамабілем па даручэнні або са згоды ўласніка.
Напрыклад, уласнікам аўтамабіля з’яўляецца муж. Ён перадаў дадзены аўтамабіль для паездак жонцы (даверанасць не афармляў), якая трапіла ў ДТЗ. Прад’яўляць патрабаванне аб кампенсацыі маральнай шкоды неабходна да мужа, так як ён з’яўляецца тытульным аўтаўладальнікам.
– У якіх выпадках аўтаўладальнік вызваляецца ад кампенсацыі маральнай шкоды?
– Аўтаўладальнік вызваляецца ад кампенсацыі маральнай шкоды, калі дакажа, што шкода нанесена па прычынах непераадольнай сілы ці намеру пацярпелага.
Напрыклад, аўтаўладальнік трапіў ва ўраган, і з-за моцнага ветру аўтамабіль выкінула на сустрэчную паласу руху і адбылося сутыкненне з аўтамабілем, які рухаўся насустрач. Калі будзе даказана, што ДТЗ адбылося толькі з-за наяўнасці абставінаў непераадольнай сілы, аўтаўладальнік будзе вызвалены ад кампенсацыі маральнай шкоды.
Наступны прыклад: падлетак раптоўна выбег з-за прыпаркаванага на абочыне аўтамабіля. Аўтаўладальнік, нягледзячы на тармажэнне, не змог пазбегнуць наезду. У выніку ДТЗ падлетку былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні. Аднак паколькі ў кішэні падлетка была знойдзена перадсмяротная запіска (пацярпелы меў намер), аўтаўладальнік будзе вызвалены ад кампенсацыі маральнай шкоды.
Акрамя таго, вызваліць аўтаўладальніка ад кампенсацыі маральнай шкоды (поўнасцю або часткова) мае права суд. Падставай для гэтага можа быць: грубая неасцярожнасць самога пацярпелага, калі яна садзейнічала ўзнікненню шкоды або яго павелічэнню; маёмаснае становішча таго, хто нанёс шкоду.
– Як вызначаецца памер маральнай шкоды і парадак разгляду ў судзе?
– Памер маральнай шкоды пацярпелы ацэньвае самастойна ў грашовай форме. Пры гэтым пацярпеламу мэтазгодна ўлічваць свой узрост, пол, здольнасць да рэабілітацыі і г. д. Напрыклад, адны і тыя ж наступствы выклічуць розныя фізічныя і маральныя пакуты ў дзіцяці і ў пажылога чалавека. Сума кампенсацыі маральнай шкоды павінна адпавядаць цяжару шкоды, а таксама быць разумнай і справядлівай.
Але калі шкода ўзнікла або павялічылася з-за грубай неасцярожнасці самога пацярпелага (напрыклад, у момант ДТЗ пацярпелы не быў прышпілены, пешаход знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення), то памер кампенсацыі маральнай шкоды падлягае змяншэнню.
Для атрымання кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелы павінен звярнуцца непасрэдна да аўтаўладальніка. Зрабіць гэта лепш у пісьмовай форме, каб у аўтаўладальніка было разуменне заяўленых да яго патрабаванняў. Калі ж аўтаўладальнік адмовіцца кампенсаваць маральную шкоду ў добраахвотным парадку або будзе не згодны з сумай кампенсацыі, пацярпелы мае права звярнуцца ў суд.
Парушэнне асобай правілаў дарожнага руху, як правіла, з’яўляецца адміністрацыйным або крымінальным правапарушэннем. Справа ўзбуджаецца непасрэдна ў дачыненні да вадзіцеля, які парушыў ПДР. Калі вадзіцель адначасова з’яўляецца аўтаўладальнікам, то пацярпелы мае права заявіць аб кампенсацыі маральнай шкоды ў рамках разгляду адпаведнай справы. Плаціць за такое патрабаванне не трэба.
Па сваёй ініцыятыве суд не мае права вырашаць пытанне аб кампенсацыі маральнай шкоды. Калі патрабаванне аб кампенсацыі маральнай шкоды не было заяўлена ў рамках адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу альбо дадзенага працэсу не было, пацярпелы мае права звярнуцца ў суд з асобнай іскавай заявай.
Наяўнасць маральнай шкоды неабходна абгрунтаваць (напрыклад, прадставіць заключэнне ўрача). Таму тлумачэнні мужа аб працяглай дэпрэсіі яго жонкі, якая перажыла аварыю, не будзе разглядацца як сур’ёзны довад для прызнання наяўнасці маральнай шкоды.
Падрыхтавала
Алена Ермакова, «НЖ»

















