Зямля бацькоў, мая зямля
- Я нарадзіўся і вырас у Навагрудку, - з гонарам гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч. – І шчаслівы тым, што і зараз жыву ў гэтым цудоўным месцы. Навагрудчына заўсёды была ў маім сэрцы. Магчыма, што прыгожыя мясцовыя краявіды, асаблівая гістарычная атмасфера горада яшчэ ў дзяцінстве зарадзілі ў ім пачуццё прыгожага, абудзілі музычны талент і прагу да творчасці. Вячаслаў закончыў дзіцячую музычную школу па класе баяна і паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча. Бацькі не пярэчылі: лічылі, што сын павінен сам выбіраць сваю дарогу ў жыцці. Пра бацькоў ён расказвае з асаблівай цеплынёй: - Простыя, працавітыя людзі, у горадзе іх паважалі. Тата працаваў на Навагрудскай швейнай фабрыцы прасавальшчыкам, маці – партніха ў камбінаце бытавога абслугоўвання, была перадавіком. Калі памятаеце, насупраць будынку гаркама партыі знаходзілася раённая дошка гонару, там змяшчаўся яе партрэт. Маці добра шыла і ў яе заказвалі ўборы жонкі раённага кіраўніцтва. Тыя пыталіся: што вам трэба, а яна сціпла адказвала, што нічога.Крок за крокам
Першым працоўным месцам выпускніка Брэсцкага музычнага вучылішча стала Ляхавіцкая дзіцячая музычная школа, куды ён быў размеркаваны ў 1971 годзе. - Мне падабалася вучыць дзяцей музыцы, - прыгадвае Вячаслаў Лаўрашчук. – Вучні былі старанныя, імкнуліся да ведаў. Да мяне, маладога спецыяліста, у калектыве адносіліся добра, паважалі. Але праз два гады яму давялося апрануць вайсковую шынэль і адправіцца ў армію. Служыў на Украіне ў горадзе Вінніца. - Гэта старажытны горад з высокай культурай, - дзеліцца ўражаннямі Вячаслаў Уладзіміравіч. – Асаблівая архітэктура будынкаў. У горадзе меліся тры тэатры, шмат архітэктурных і гістарычных помнікаў, музеі. У час вайны на гэты горад не ўпала ні адна бомба, бо паблізу знаходзілася стаўка Гітлера «Werwolf». Вельмі прыгожая прырода: побач рака Паўднёвы Буг, скалы, лес. Я служыў у духавым аркестры, які ўдзельнічаў ва ўсіх гарадскіх святах. Гэта дало магчымасць убачыць, як праводзяцца мерапрыемствы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Тады я і ўявіць не мог, што той армейскі вопыт потым спатрэбіцца ў маёй рабоце. Пасля арміі ён вярнуўся ў Навагрудак. Пачаў працаваць у дзіцячай музычнай школе, дырэктарам якой у той час быў Віктар Уладзіміравіч Кручкоў. -Я неяк адразу ж улючыўся ў напружаны рытм жыцця навагрудскіх культработнікаў, - усміхаецца Вячаслаў Уладзіміравіч. - Памятаю, дэмабілізаваўся 14 мая, а праз некалькі дзён на Нёмане адзначалі раённае свята песні і працы. І я ў ім ужо ўдзельнічаў. Неўзабаве мяне ўключылі ў ансамбль «Свіцязь» акампаніятарам. У тыя гады з ансамблем працавалі лепшыя музычныя спецыялісты – Канстанцін Паплаўскі, Янка Хвораст. Музыку пісаў кампазітар Ігар Лучанок, іншыя вядомыя кампазітары.
Новая пасада – новыя абавязкі
У музычнай школе В.У. Лаўрашчук працаваў выкладчыкам па класе баяна, затым завучам. Прапанова ўзначаліць аддзел культуры райвыканкама стала нечаканай. - Асаблівага жадання пераходзіць на адміністрацыйную работу ў мяне не было, - прызнаецца Вячаслаў Уладзіміравіч. – У школе падабалася ўсё: і праца, і вучні, і магчымасць займацца творчасцю. Але на бюро гаркама пераканалі, што трэба пайсці. Першыя ўражанні ад новай пасады – адсутнасць вопыту кіравання. У раёне налічвалася 145 устаноў культуры: клубы, бібліятэкі, дзве музычныя школы, парк – гаспадарча-разліковае самастойнае прадпрыемства. У кожнай – саве праблемы, свая спецыфіка работы. І ва ўсё гэта трэба было ўнікаць. Мелася шмат задумак, але не хапала фінансаў. Патрабаваў рамонту раённы Дом культуры. Гарадскія бібліятэкі знаходзіліся ў маленькім драўляным будынку на вуліцы Мінскай. - Патрабавалася больш прасторнае памяшканне і для дзіцячай музычнай школы, - працягвае ён. – Жадаючых вучыцца музыцы было шмат: школу наведвалі 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, а заняткі вяліся з 8 раніцы да 9 вечара. Лічылася, што музычнай адукацыя – гэта перспектыўна і прэстыжна. Але самае галоўнае – не хапала кваліфікаваных спецыялістаў. Таму маладому кіраўніку давялося вучыцца тэхналогіі кіравання, фарміраваць кадравы патэнцыял, ствараць і выбудоўваць сістэму работы, абапіраючыся на напрацаваны раней вопыт і захоўваючы ўсё лепшае. Галоўную мэту культработнікі раёнавызначылі так: не быць духоўнай правінцыяй! - Шмат было і добрага, - прызнае Вячаслаў Лаўрашчук. - Тры калектывы насілі званне народных: ансамбль «Свіцязь», цырк і Дзяляціцкая капэла. На вёсках – да прыкладу, у Харосіцы, Лаўрышаве, былі пабудаваны новыя будынкі сельскіх дамоў культуры. У асобных устаноў культуры мелася моцная матэрыяльная база, але не ва ўсіх. Высокім быў узровень мастацкай самадзейнасці.У кожным калгасе, сельсавеце быў хор, можна было арганізаваць прыстойную канцэртную праграму. Вссокую планку ў рабоце задаваў раённы Дом культуры, дзе працавалі такія выдатныя спецыялісты, як Алена Малчанава, Сямён Новік. Цікава і ярка праходзілі гарадскія святы з удзеламсямнаццаці духавых аркестраў. Але здаралася ўсялякае. - У першы год маёй працы ў якасці загадчыка аддзела культуры здарылася вельмі прыкрая сітуацыя, - адзначае Вячаслаў Уладзіміравіч. - У адной з бібліятэк раёна былі выяўлены вялікія прыпіскі ў дакументах. Была ўказана значна завышаная колькасць чытачоў на кнігавыдачы – ажно 53 тысячы чалавек. Хтосьці напісаў скаргу. Прайшла праверка. якая паказала, што на самой справе чытачоў было 27 тысяч. Скандал быў вялізны. Пра гэты факт пісалі ў прэсе, а радыёстанцыі «Голас Амерыкі» и «Свабода» паведамлялі, што ў Савецкім Саюзе існуюць прыпіскі. - Ва ўсіх былі непрыемнасці. Але сітуацыя мянялася. Па выніках работы за 1985 год работы мы атрымалі Пераходзячы Чырвоны Сцяг, - удакладняе В. Лаўрашчук. – Гэтаму папярэднічала вялікая работа ўсяго калектыву работнікаў культуры раёна.




















