Общество

Праект «Бацькаўшчына». Навагрудскі замак з’яўляецца ўнікальным помнікам абарончага дойлідства эпохі сярэднявечча

14 марта 2022 1374

Навагрудскі замак з’яўляецца ўнікальным помнікам абарончага дойлідства эпохі сярэднявечча.

На працягу XI – XVI стст. умацаванні замка прайшлі шлях ад прасцейшай агароджы-частаколу да магутнейшага шматвежавага замка. У 1506 годзе замак вытрымаў аблогу вялікай татарскай арды султана Біці-Гірэя. У час руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў рускія войскі двойчы бралі Навагрудак. У верасні 1655 года яго занялі казакі І. Залатарэнкі. Часткова адноўлены ў 1660 годзе замак без бою быў заняты войскамі князя А. Хаванскага: наёмны гарнізон, які своечасова не атрымаў плату за службу, адчыніў вароты. Потым вежы замка Менская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама праслы сцен былі разбураны да падмуркаў. Канчаткова ўдар па замкавых мурах нанеслі ў 1706 годзе шведы ў час Паўночнай вайны.

К пачатку ХІХ ст. ад замка на дзядзінцы часткова ўцалелі тры вежы: Дазорца, Шчытоўка і Касцельная.

З 1956 года Навагрудскі замак стаў аб’ектам вывучэння археолагаў, якія адкрылі шмат цікавых старонак з яго гісторыі.

Рэшткі Навагрудскага замка – помнік рэспубліканскага значэння. Ён яркі сведка багатай шматвяковай мінуўшчыны. З 2012 года на замку вядуцца рэстаўрацыйныя работы па захаванні рэшткаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія фінансуцца дзяржавай.