Общество

75 гадоў Навагрудскай раённай бібліятэцы: прыступкі гісторыі

75 гадоў Навагрудскай раённай бібліятэцы: прыступкі гісторыі

28 сентября 2021 1695
У кожнага, хто нарадзіўся пасля вайны, абавязкова ўспаміны звязаны з першым наведваннем бібліятэкі. На нашай тэрыторыі публічныя бібліятэкі з’явіліся і атрымалі сваё развіццё менавіта ў пасляваенны час. Для людзей таго часу гэта было сапраўднае свята, кніга тады была ў вялікай пашане. Сучасныя ж дзеці бібліятэку разглядаюць як неабходную прыступку ў пабудове свайго дарослага жыцця. Без бібліятэкі нават у час інтэрнэту нельга стаць у поўнай меры самадастатковай асобай – разумнай, адукаванай і паспяховай.

Сёння Навагрудская раённая бібліятэка размяшчаецца па вуліцы 1 Мая, д. 1. Праўда, пакуль бібліятэка трапіла ў гэты будынак, ад моманту яе заснавання прайшло амаль 60 гадоў. У цэлым за 75 гадоў яе існавання бібліятэцы давялося змяніць некалькі адрасоў.

Наваселле Навагрудскай раённай бібліятэкі. Выступае былы начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан. Лістапад, 2004 г.

Сваю дзейнасць бібліятэка пачала восенню 1946 года, размясціўшыся ў будынку райвыканкама. Кніжны фонд тады налічваў крыху больш за тры тысячы экзэмпляраў. А праз год (у 1947 годзе) бібліятэка перасялілася на вуліцу Камсамольскую, д. 18, раней гэты будынак займала кантора леспрамгаса. Цікава, што якраз тады пастановай Савета Міністраў БССР ад 24 ліпеня 1947 года Навагрудскай раённай бібліятэцы было прысвоена імя вядомага беларускага паэта М. Багдановіча. На жаль, з часам гэтае імя было згублена бібліятэкай.

Бібліятэка абслугоўвала не толькі жыхароў Навагрудка, яна мела перасоўкі і ў калгасах, з году ў год іх лік вагаўся ад 15 да 25. Была яна і цэнтрам метадычнага кіраўніцтва, і аказвала дапамогу сельскім бібліятэкарам. На той час у раёне працавалі 22 бібліятэчныя работнікі. На яе базе нават ладзіліся абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі. Нашы папярэднікі працавалі добра, бібліятэка і ўзнагароды атрымлівала адпаведныя – у 1957 г. была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і Беларускага Рэспубліканскага Камітэта прафесіянальнага саюза работнікаў культуры «За добрую арганізацыю ўсіх відаў бібліятэчнай работы і дапамогу ў наладжванні работы сельскіх бібліятэк». Грамата падпісана міністрам культуры БССР Г.Я. Кісялёвым.

На мяжы 50-60 гадоў у бібліятэцы быў аргані- заваны адкрыты доступ да кніжнага фонду, камплектаванне літаратуры вялося з бібкалектара і мясцовых магазінаў. Недастаючая літаратура заказвалася па МБА. У 1967 г. раённая бібліятэка абслугоўвала каля 3-х тысяч чытачоў, кніжны фонд на той час складаў 34 тысячы экзэмпляраў. У 70-я гады работа раённай бібліятэкі вызначалася стабільнасцю. Для бібліятэк горада і раёна яна па-ранейшаму была моцным метадычным цэнтрам. Бібліятэка актыўна практыкавала правядзенне на заводах і ў арганізацыях горада адкрытых праглядаў і дзён інфармацыі.

Вызначальным для далей- шага існавання бібліятэкі стаў 1979 год. 15 студзеня была створана Навагрудская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма (праіснавала да 2015 года, была рэарганізавана ў ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка»), бібліятэка атрымала статус цэнтральнай раённай, 75 бібліятэк увайшлі у склад ЦБС на правах яе філіялаў. Для бібліятэкі было выдзелена памяшканне па вул. Леніна, дом 59 Б. Структуру бібліятэкі ўтварылі аддзелы абслугоўвання, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, методыка-бібліяграфічны аддзел. Ужо ў першы год пасля цэнтралізацыі раённая бібліятэка абслужыла каля 4 тысяч чытачоў.

Так пайшло і далей – насычанае рознымі падзеямі і станоўчымі эмоцыямі змястоўнае жыццё. Трэба адзначыць, што 80-90 гады былі росквітам бібліятэкі. Розныя цікавыя мерапрыемствы, работа клубаў па інтарэсах, аматарскіх аб’яднанняў… – усё гэта, акрамя кніг, вельмі вабіла ў бібліятэку чытачоў. Асабліва трэба адзначыць аб’яднанне «Літаратурныя чацвяргі», якое пачало сваю дзейнасць у 1994 г. і завяршыла ў 2020 г. За 26 гадоў свайго існавання яно падарыла чытачам незабыўныя сустрэчы з рознымі пісьменнікамі і паэтамі, у тым ліку і навагрудскімі.

Пачатак новага стагод- дзя ў Навагрудскую цэнтральную раённую бібліятэку прынёс кардынальныя новаўвядзенні, якія абумовіла аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. Былі набыты камп’ютары, устаноўлены праграмы «Камплектаванне і апрацоўка», «Артыкулы». Аўтаматызаванае абслугоўванне чытачоў пачалося ў 2006 годзе. Разам з базай даных быў арганізаваны Публічны цэнтр прававой інфармацыі, пачаўся прыём юрыстамі сацыяльна неабароненых грамадзян, які, дарэчы, да гэтага часу вядзецца па чацвяргах. Амаль дваццаць гадоў як у нашай бібліятэцы маецца свой сайт, яго адрас – http://novcrb.grodno.by.

У 2004 г. не толькі інтэрнэт прыйшоў у бібліятэку. Была яшчэ адна важная, самая прыемная падзея, якая толькі магла здарыцца. Тым летам бібліятэка перасялілася ў будынак па вуліцы 1 Мая, дом 1. Паводле тэхпашпарта, будынак узведзены ў 1900 годзе, але не выключана, што ён быў пабудаваны раней. Ёсць звесткі, што будынку каля 200 гадоў. Ва ўсякім разе, згодна з гістарычнай крыніцай, уладальнікам дома яшчэ ў 1812 г. быў Камінскі. Яго дом з’яўляўся месцам збору шляхты з ваколіц Навагрудка, у двары якога танцавалі паланэз, кракавяк, мазурку. На другім паверсе знаходзілася зала, дзе ў 1922 г. 13 мая сустракалі сына Адама Міцкевіча Уладзіслава. Пазней дом быў адведзены пад магазін. Частку дома арандаваў Кулакоўскі. З боку вуліцы Замкавай ён трымаў магазін па продажы алкагольных напіткаў. Другую частку дома займаў Сіндыкат Рольнічы – сельскагаспадарчы магазін. Тут прадавалася насенне, саджанцы, сельскагаспадарчыя машыны, косы, малатарні, сячкарні і г.д. У 1939-1940 гады тут прымалі лён, пазней у будынку быў нарыхтоўчы пункт. Пасля вайны ў 1946 г. у доме размясцілася паліклініка, якая праіснавала да 1991 года.

Радасці бібліятэкараў ад перасялення не было канца. Цікава стала працаваць тут, у гэтым гістарычным будынку на скрыжаванні вуліц, адна з якіх – дарога на замак, другая – шлях да Фарнага касцёла. Усё гэта разам узятае і абумовіла далейшы лёс бібліятэкі. У якасці прыярытэтнага накірунку яна абрала краязнаўчую дзейнасць. У 2009 г. распачаўся інфармацыйна-краязнаўчы тур «Праз бібліятэку да дабра і свету», які і сёння з вычарпальнай і змястоўнай праграмай пра малую радзіму і Беларусь курсіруе па аграгарадках і вёсках Навагрудчыны. У 2009 г. адбылося адкрыццё міні-галерэі «Імгненне», дзе арганізоўваюцца персанальныя выстаўкі жывапісу мастакоў-землякоў. У 2017 г. пры бібліятэцы быў адкрыты міні-музей міні-макетаў «Страчаная спадчына».

А ў 2021 г. пры міні-музеі міні-макетаў на грант Прэзідэнта Беларусі за 2020 г. было арганізавана рэтра-фотаатэлье, якое быццам адраджае Навагрудак пачатку ХХ ст.


Асобна трэба сказаць пра Шчорсаўскія чытанні, у ліку арганізатараў якіх Навагрудская раённая бібліятэка. Гэта адначасова і гісторыя, і сучаснасць. Сёлета адбыліся юбілейныя V Шчорсаўскія чытанні, а ўпершыню гэтая навуковая канферэнцыя была праведзена ў 2012 г.


Раённы конкурс «Суперчытач 2012 года». Пераможца сярод дзяцей – Юрый Багель, чытач гарадской дзіцячай бібліятэкі, вучань СШ № 5. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання, студзень 2013 г.

Азіраючыся назад і аналі насць бібліятэкі па ін- зуючы дзейшых накірунках, разумееш, што шмат што зроблена, шмат праведзена, нават не ведаеш, што выбраць, каб расказаць падрабязней. Але на думку адразу прыходзіць успамін пра раённы конкурс «Суперчытач-2012». Мабыць, таму, што гэта быў вельмі маштабны праект. Суперпрызам для пераможцаў тады стала экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з наведваннем музея кнігі.


Літаратурны мікрафон «Спатканне з паэзіяй» каля помніка Я. Коласу (у рамках абласной акцыі «Чытаем творы Я. Купалы і Я. Коласа)», 2016 г.

А яшчэ трэба згадаць пра бібліобус – навіну з 2007 г., сумесны праект з Навагрудскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным каледжам «Чытанне – шлях да ўдасканалення» – навіну 2012 г., летнія чытальні – навіну 2013 г., ЛіТэатр «Церамок» – навіну 2017 г. Колькі было сапраўдных знаходак, колькі перамог! У гэтым артыкуле ўсё нават пералічыць немагчыма. Хачу яшчэ некалькі слоў сказаць пра людзей, бібліятэкараў – гэтых сціплых і разумных жанчын, якія цаной сваёй напружанай працы падтрымліваюць прэстыж установы і кнігі. Нельга кагосьці выдзеліць асобна, не хочацца, забыўшыся, пакрыўдзіць каго-небудзь. Хіба толькі назаву кіраўнікоў бібліятэкі за ўсе гэтыя 75 гадоў. Зараз бібліятэку ўзначальвае Ірына Міхайлаўна Царук, а яе папярэдніцамі былі Цімафеева, Р.А. Бондар, А.С. Шыкуць, С.М. Хмялеўская, Т.М. Мішкіна.

На жаль, зусім нядаўна, у жніўні 2021 года Тацця - на Мікалаеўна Мішкіна, дырэктар бібліятэкі з трыццацігадовым стажам, раптоўна пайшла з жыцця. Ва ўстанове яна адпрацавала 42 гады, а гэта больш чым палова ўзросту бібліятэкі. Сёння, гаворачы пра бібліятэку, цяжка ўяўляць яе без гэтай разумнай і прыгожай жанчыны, шчырага таварыша, справядлівага і мудрага кіраўніка, дзякуючы намаганням якога шмат было зроблена і дасягнута.

Я пастаралася прадставіць вам, паважаныя навагрудчане і чытачы газеты «Новае жыццё», прыступкі гісторыі раённай бібліятэкі. Бібліятэка гэта не толькі наша, яна і ваша, а для кагосьці гэта першая бібліятэка ў жыцці. Хачу пажадаць нашай дарагой бібліятэцы яшчэ доўга служыць сваім чытачам, быць запатрабаванай дзяржавай і людзьмі і ўпэўнена ісці ў нагу з часам!

З юбілеем, Навагрудская раённая бібліятэка!

Фаіна Малюжэнец,
метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі.