Общество

29 кастрычніка супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адзначаюць прафесійнае свята

29 октября 2019 2184
Мабільнасць і прафесіяналізм службы аховы дазваляюць забяспечыць надзейную і якасную абарону маёмасці грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, аператыўна папярэджваць і раскрываць правапарушэнні. З нагоды свята мы сустрэліся з начальнікам Навагрудскага аддзела Дэпартамента аховы Віталіем Маруком, каб даведацца пра сённяшні дзень аховы, працоўныя будні і дасягненні.



– Віталій Віктаравіч, дзякуючы прафесіяналізму і адказнасці супрацоўнікаў, за апошнія гады на рахунку аддзела нямала добрых вынікаў у службовай дзейнасці. Чым жыве калектыў аховы сёння, якія задачы выконвае?
– Ахова маёмасці ўсіх форм уласнасці, забеспячэнне грамадскага парадку – гэта для супрацоўнікаў Дэпартамента аховы тое, што называецца працоўнымі буднямі. Супрацоўнікі аддзела штодня кругла­сутачана ажыццяўляюць ахову аб’ектаў, жылых дамоў грамадзян з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў і сістэм. Пад аховай аддзела больш за 700 аб’ектаў усіх форм уласнасці і жылых памяшканняў грамадзян. І з кожным годам усё больш людзей аддаюць перавагу надзейнасці і якасці паслуг аховы. А мы ў сваю чаргу імкнёмся ўлічваць усе пажаданні заказчыкаў.
Да таго ж нашы супрацоўнікі забяспечваюць грамадскі парадак на ахоўваемых аб'ектах і ў зонах пастоў і маршрутаў патрулявання. І гэта далёка не ўвесь спіс таго, што робіць калектыў аховы. Наша служба ганарыцца тым, што ўжо шмат гадоў запар няма крадзяжоў з ахоўваемых аб’ектаў. Гэта вынік штодзённай адказнай работы ўсяго калектыву па пашырэнні сферы ахоўных паслуг, прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, укараненні сучасных тэхнічных сродкаў аховы.
– Будучае любога калектыву залежыць ад маладых кадраў. На ваш погляд, аддзел аховы – прэстыжнае месца працы?
– Быць супрацоўнікам аховы не толькі адказна, але і прэстыжна. Гэта стабільнае месца работы з гарантаванай сацыяльнай абаронай. Да нас прыходзяць маладыя кадры, і на сённяшні дзень мы  не набіраем, а адбіраем супрацоўнікаў. Выпадковых людзей у службе аховы няма – і атэс­­таваныя міліцыянеры, і грамадзянскія супрацоўнікі праходзяць сур’ёзны адбор. Перавагу аддаём дысцыплінаваным, сумленным, прынцыповым работнікам, якія па стану свайго здароўя могуць выконваць службовыя абавязкі. У працэсе службы маладыя людзі не толькі атрымліваюць прафесійныя і спецыяльныя навыкі, але і фізічна развіваюцца, становяцца больш вынослівымі і моцнымі. На пастаяннай аснове праводзяцца тактыка-спецыяльныя заняткі, вучэбныя трэніроўкі. Нашы супрацоўнікі дастойна прадстаўляюць аддзел на абласных галіновых спаборніцтвах.
– Наколькі адпавядае тэхнічная аснашчанасць аддзела патрабаванням часу?
– З кожным годам тэхнічнае аснаш­чэнне аддзела аховы ўдасканальваецца. Эфектыўна выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы перадачы паведамленняў, сродкі тэлекамунікацыі, перадавыя тэхналогіі ў галіне ахоўнай дзейнасці. Сёння мы можам ахоўваць аб’екты не толькі з дапамогай традыцыйных ліній сувязі, але і оптавалаконных, а таксама па каналах радыё і GSM-сувязі. А плюсам бесправадной сувязі з’яўляецца магчымасць кантраляваць тэхнічныя сродкі і сістэмы аховы, устаноўленыя на аб'ектах і жылых дамах, размешчаных практычна ў любым месцы, незалежна ад таго ёсць тэлефонная сувязь ці не. Сваім кліентам мы прапануем і ўстаноўку сістэм відэаназірання. Ужо ў бліжэйшы час пачнём устанаўліваць на ахоўваемых аб’ектах бесправадныя датчыкі, што дазволіць значна спрас­ціць мантаж абсталявання. 
– Што дапамагае працаваць надзейна і эфектыўна?
– Калектыў  у нас зладжаны, усе працуюць мэтанакіравана і сумленна, з гонарам выконваюць свае абавязкі. Але ж самае важнае – нашы супрацоўнікі гатовы прыйсці на дапамогу людзям у любы час і ў любой сітуацыі. Стараемся працаваць на папярэджанне: не дапусціць замахаў на ахоўваемыя аб’екты, вулічных правапарушэнняў і злачынстваў. У нашым горадзе спакойна і бяспечна, і ў гэтым вялікая заслуга супрацоўнікаў аддзела аховы. Спадзяюся, што і ў далейшым наш аддзел будзе забяспечваць надзейную абарону правапарадку і захаванне маёмасці працоўных калектываў, жыхароў раёна. 
Хачу павіншаваць усіх супрацоўнікаў Дэпартамента аховы са святам і пажадаць шчасця, здароўя,  энергіі і поспехаў у нялёгкай справе. 

Алена Ганцэвіч, «НЖ»