Да Дня беларускага пісьменства застаўся 1 месяц. Што рыхтуюць арганізатары?
Да Дня беларускага пісьменства застаўся 1 месяц. Што рыхтуюць арганізатары?
03 августа 2019 1805
Месяц застаўся да Дня беларускага пісьменства – галоўнага свята беларускага слова, кнігі, аўтараў і чытачоў. Сёлета яно пройдзе ў 26 раз. Удзельнікаў і гасцей будуць вітаць на гасціннай слонімскай зямлі, у горадзе над Шчарай. Сустрэчы з кнігамі і аўтарамі, аўтограф-сесіі, гульні, беларускія песні і родная мова… Праграма абяцае быць цікавай і насычанай. Што рыхтуюць у сталіцы Дня беларускага пісьменства да свята?
Запрашаем!
Рыхтуючыся да сустрэчы, Слонім і яго жыхары стараюцца ўпрыгожыць свой утульны і прывабны горад.
Популярныеновости
На ўездзе з боку Мінска, Ліды і Ваўкавыска, а таксама ў розных кропках горада і ў Жыровічах усталяваны шэсць прыгожых банераў з выявамі гістарычных будынкаў, асноўных турыстычных аб’ектаў, з беларускімі матывамі і сімваламі, а таксама словамі-прызнаннямі кшталту “Родная мова – гонар і годнасць народа”. Святочныя інфармацыйныя банеры хутка з’явяцца ва ўсіх аграгарадках Слонімскага раёна, а таксама ў райцэнтры.
Будуць упрыгожаны апоры асвятлення на мосце праз Шчару, што ў напрамку сталіцы. На іх размесцяць невялікія банеры – як напамін, што 1 верасня ў Слоніме пройдзе Дзень беларускага пісьменства.
Для зручнасці гасцей з іншых гарадоў і краін у цэнтры горада з’явіліся інфармацыйныя стэнды для турыстаў з картай горада і апісаннем асноўных аб’ектаў, якія варта наведаць, указаннем адлегласці да іх. Такія падказкі застануцца і пасля свята.
Працягваецца праца па аздабленні фасадаў. Рамонтныя работы праведзены і завяршаюцца на многіх будынках. Таксама на фасадзе аднаго з дамоў па вуліцы Чырвонаармейскай ужо з’явілася графіці з выявай гістарычнага будынка тэатра Агінскага. Яшчэ на адным неўзабаве можна будзе пабачыць пазнавальны сюжэт: Скарына працуе над кнігамі. На шматпавярховых дамах дзень за днём можна назіраць новыя малюнкі з беларускім арнаментам.
Адкрыцці свята
Адна з нязменных традыцый Дня беларускага пісьменства – адкрыццё помнікаў і скульптур у сталіцы свята. Да прыкладу, у Навагрудку ўвекавечылі памяць Елісея Лаўрышаўскага, у Смаргоні – Францішка Багушэвіча. Такой знакавай постацю ў Слоніме стаў Леў Сапега. Неўзабаве тут з’явіцца помнік гэтаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, аднаму з аўтараў Статута ВКЛ, які ў 1586 годзе атрымаў ва ўпраўленне Слонім. Аўтары скульптуры – ураджэнец Слонімшчыны Іван Міско, а таксама Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.
У Дзень пісьменства ў горадзе над Шчарай урачыста адкрыецца яшчэ адна кнігарня пад назвай “Санет”. Новы адрас для ўсіх, хто любіць чытаць, – Чырвонаармейская, 40, уваход з тарца. А не так даўно сланімчан запрасілі ў новы павільён “Белсаюздрук”, дарэчы, другі такі ў вобласці. Галоўная асаблівасць – яго шматфункцыянальнасць. Тут можна набыць часопісы, газеты, кнігі, выпіць кубачак кавы ці набыць марозіва, аформіць падпіску, зарадзіць тэлефон… Адным словам, сучасны аб’ект гандлю, выдатны падарунак з нагоды свята.
Сувенір для напаміну
Канешне, галоўным брэндам Дня беларускага пісьменства стануць кнігі: іх будзе прадстаўлена вялікае мноства, таму кожны чытач абавязкова знойдзе сваю.
Багата сувеніраў прапануюць майстры Гродзеншчыны. Таксама спецыяльна да свята была распрацавана сувенірная прадукцыя: карціны і пано з сімволікай Дня пісьменства, вышытыя карціны з беларускім арнаментам, магніцікі, нататнікі ды закладкі з цытатамі беларускіх пісьменнікаў. Яны ўжо ёсць у гандлёвай сетцы. А да свята асартымент пашырыцца.
15 адрасоў, каб завітаць
Кніжная, кветкавая, фальклорная, мастацкая, тэатральная, дзіцячая, спартыўная, мала-дзёжная і іншыя пляцоўкі адкрыюцца падчас Дня пісьменства. Размесцяцца яны ў цэнтры горада – па вуліцах Чырвонаармейскай, Савецкай, Опернай, В. Крайняга і, канешне, на плошчы Леніна.
На кожнай абыграюць дэвіз Дня пісьменства ў Слоніме: “ЛІТАРАльна наша свята”.
Адметна, што першыя пляцоўкі пачнуць працу напярэдадні свята – 31 жніўня. І, увага, часткова размесцяцца ў Жыровічах. Тут пройдзе традыцыйны для свята міжнародны круглы стол, за якім сустрэнуцца аўтары і перакладчыкі з розных краін, каб пагутарыць на тэму яднання розных культур і народаў праз кнігі і літаратуру. Таксама адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні”. У Жыровічы завітае і рэспубліканская навукова-практычная экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, яе ўдзельнікі сустрэнуцца з жыхарамі аграгарадка.
Таксама напярэдадні свята ў Жыровічах пройдзе творчы конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”.
31 жніўня ў Слоніме пройдуць Коласаўскія чытанні, прысвечаныя 75-годдзю стварэння Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я.Коласа, адбудуцца сустрэчы пісьменнікаў з творчай інтэлігенцыяй і моладдзю.
Галоўная сцэна (вул. Чырвонаармейская, 25)
- урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства,
- уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі,
- закрыццё Дня беларускага пісьменства,
- канцэрт майстроў мастацтваў “Льецца песня па-над Шчарай”
* Падчас свята вырашыцца інтрыга, хто ў гэтым годзе атрымае Нацыянальную літаратурную прэмію. У спісе намінантаў – сем дзясяткаў аўтараў, кнігі якіх выйшлі ў мінулым годзе. Прэміі ўручаць у сямі намінацыях, вызначыўшы лепшыя твор ці зборнік паэзіі, твор прозы, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства. Таксама назавуць выданні і аўтараў, якія сталі пераможцамі ў намінацыях “Лепшы дэбют” і “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”.
Спартыўная пляцоўка (вул. Някрасава, вул. Оперная)
- адкрытае першынство Слоніма па веславанні на байдарках і каноэ,
- адкрытыя турніры па гандболе, шашках і шахматах, валейболе, міні-футболе,
- майстар-класы традыцыйных рамёстваў Гродзенскай вобласці па народным ткацтве, ганчарству, кавальству, пляценні з прыродных матэрыялаў, лозапляценні, традыцыйнай выцінанцы і сучасных тэхніках мастацкай работы з паперы,
- выстава нумізматаў краіны.