#Вераскава-Чарэшля. Край партызанскай славы і сівых паданняў

#Вераскава-Чарэшля. Край партызанскай славы і сівых паданняў

#Вераскава-Чарэшля. Край партызанскай славы і сівых паданняў

11 ноября 2021 1316
Малая радзіма!  Яна прыгожая і непаўторная сваімі рэкамі і азёрамі, лясамі і лугамі, помнікамі гісторыі і культуры. Усё гэта наша спадчына, якая аднойчы і назаўсёды даецца кожнаму разам з жыццём. У чарговым падарожжы па родным краі мы пазнаёмімся з багатай гістарычнай спадчынай вёскі Вераскава, пабываем на партызанскай стаянцы і атрымаем асалоду ад прыгожых краявідаў чарашлянскіх азёр.

На першы погляд нічым не прыкметная вёсачка Вераскава здзівіць вас багатай гісторыяй. У 30-х гадах XX ст. мясцовым жыхаром тут былі знойдзены чатыры рымскія манеты, якія былі перададзены ў археалагічны музей. Гісторыкі лічаць, што манеты трапілі сюды ў часы, калі дзейнічаў адзін з «бурштынавых шляхоў» з Рымскай імперыі ў Прыбалтыку па Дняпры і Нёмане. У пачатку XVI ст. маёнткам Вераскава валодаў прадстаўнік старажытнага літоўскага роду Венцлаў Няміра, які падарыў яго сваёй дачцэ Анастасіі. У XIX ст. Вераскава належала прэзідэнту Навагрудскага гарадскога суда Томашу Дыбоўскаму. Яго дачка Гелена выйшла замуж за Ула­дзіслава Брахоцкага. У той час Вераскава было адным з буйнейшых культурна-гістарычных цэнтраў павета. Тут была пабудавана школа, першы народны дом (клуб). Падчас паўстання 1863-1864 гг. вераскоўскі маёнтак ператварыўся ў прытулак для паўстанцаў і склад харчовых запасаў. Пасля падаўлення паўстання  Уладзіслава саслалі ў Сібір, жонка Гелена рушыла ўслед за ім. На радзіму Брахоцкія вярнуліся ў 1874 годзе. Апошні ўладальнік маёнтка Станіслаў Брахоцкі меў 8 тысяч га ворыўнай зямлі, лясоў і лугоў, займаўся сельскагаспадарчай вытворчасцю. Памешчык пабудаваў у Вераскаве спіртзавод, маслабойню, вадзяны млын, лесапільню. 

Маёнтак
Брахоцкіх


Сёння палац Брахоцкіх, пабудаваны ў XIX ст., стаіць у руінах, а пра былую веліч ужо нічога не нагадвае. Нягледзячы на гэта, раім зазірнуць сюды, каб ад­чуць подых гісторыі. Бясспрэчна, палац мае вялікую культурную і духоўную каштоўнасць. Гэта частка нашай гісторыі, якую яшчэ магчыма аднавіць і заха­ваць для нашчадкаў. 
Акрамя самога сядзібнага дома, у Вераскаве сустракаюцца і рэшткі розных гаспадарчых пабудоў. Непадалёк ад былога палаца некалі размяшчаўся парк, які злучаў сядзібу з радавой пахавальняй Дыбоўскіх-­Брахоцкіх. Калі звярнуцца да мясцовых жыхароў, яны пака­жуць сцежку, па якой вы трапіце да каталіцкай капліцы, якая была пабудавана ў XIX ст. У гады Вялікай Айчыннай вайны  капліца была разбурана. Аднаўленне будынка адбылося ў 1994 го­дзе пры падтрымцы мясцовых жыхароў. Капліца выканана ў стылі класіцызму з элементамі народнага дойлідства з каменю і дрэва. Фасад будынка даволі просты, вылучаецца чатырма дарычнымі калонамі і драўляным франтонам. Бакавыя часткі дэкараваны ўстаўкамі з бутавага каменю і дробнай крошкі. Сёння богаслужэнні ў капліцы праводзяцца рэдка, таму пабываць у ёй не атрымаецца.


Царква
Пятра і Паўла

Не менш цікава будзе наведаць яшчэ адзін помнік гісторыі Вераскава – праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Яна размясцілася ў другім канцы вёскі побач з могілкамі. Некалі на гэтым месцы ў XIX ст. стаяла старажытная драўляная царква. Пасля пажару, які знішчыў пабудову, памешчыкам Брахоцкім была пабудавана новая каменная царква. У 1990 годзе намаганнямі жыхароў Вераскава і навакольных вёсак яна была адрэстаўрыравана і дзейнічае па сённяшні дзень. 

Чарашлянскі край

Зусім недалёка ад Вераскава знаходзіцца яшчэ адно адметнае месца Навагрудчыны – Чарашлянскі край. Вёска Чарэшля (упершыню згадваецца ў 1652  годзе) знакаміта не толькі сваёй старажытнай гісторыяй, але і маляўнічымі  краявідамі, якія прыцягваюць сваёй прыгажосцю шматлікіх турыстаў. За два кіламетры ад вёскі на паўночным усходзе на пясчанай дзюне знаходзіцца стаянка чалавека, якая адносіцца да позняга палеаліту і пачатку мезаліту. Каля возера Чарэшля знойдзены крэмневыя прылады і фрагменты керамікі III ст. да н.э. А на ўскраіне вёскі выяўлена паселішча ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі. Да сённяшняга дня на беразе Нёмана захаваліся рэшткі абарончых рубяжоў часоў Першай сусветнай вайны. Тут праходзіла лінія фронту. У хваёвым бары можна ўбачыць месца, дзе калісьці стаяў высокі назіральны маяк. Захавалася дарога, якую людзі ўручную насыпалі да драўлянага моста праз Нёман. Мост быў разбураны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны падчас нямецкай бамбёжкі. Пра гэта нагадваюць варонкі ад скінутых авіябомбаў і рэшткі драўляных апор.

«Партызанская слава»

Дасведчаныя людзі сцвярджаюць, што чарашлянскія прасторы – райскае мястэчка для рыбакоў. Але калі вы захочаце даведацца пра баявое мінулае гэтых мясцін, вас таксама чакае нямала адкрыццяў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны лясны масіў паблізу з Чарэшляй стаў цэнтрам, куды сыходзіліся баявыя дарогі некалькіх партызанскіх злучэнняў. Са снежня 1943 па ліпень 1944 года тут базіраваліся партызанскія атрады імя Жданава і імя Свярдлова, партызанская брыгада імя Дзяржынскага, а таксама падпольны Любчанскі райкам партыі.

Музейная экспазіцыя, прысвечаная партызанскаму руху ў раёне, размяшчаецца ў клубе-музеі в. Чарэшля. Галоўная частка экспазіцыі знаходзіцца ў лесе і налічвае каля 10 тысяч экспанатаў. Можна ўбачыць  зямлянкі, медсанбат, лазню, вучэбны палігон, кало­дзеж. Усё гэта было адноўлена і стала мемарыяльным комплексам.  Насупраць музея ў 1981 годзе быў устаноўлены помнік партызанам брыгады імя Дзяржынскага. На могілках у Чарэшлі пахаваны ўдзельнікі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, партызанка Люся Сечка. 

Аматарам
рыбалкі

Мясцовая прырода непаўторная і цікавая. Прыгожае і вялікае возера Чарэшля раскінулася ў самым цэнтры вёскі. Сцвярджаюць, што сваю назву яно атрымала ад назвы вёскі. Непадалёку яшчэ тры возеры – Пясчанае, Святое і Глухое, маюцца шматлікія  затокі, побач працякае рака Пліса і нават у раку Нёман упадае Заходняя Бярэзіна. Ёсць у Чарэшлі і свая турыстычная інфраструктура. Адпачыць турысту можна ў аграсядзібе «Чарэшля», дзе размесціцца да 10 чалавек.


Адразу здзіўляе і адначасова захапляе двор аграсядзібы, а дакладней – сапраўдны міні-музей! Тут і разнастайныя вырабы з карчакоў і камянёў, і лазня, і альтанка. Гаспадар аграсядзібы Міхаіл Зуевіч прапануе гасцям не толькі камфортныя ўмовы, але і самыя розныя варыянты актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды. Ён арганізоўвае і праводзіць сплавы на байдарках па рэках Бярэзіне, Нёмане і Плісе.  А яшчэ вас могуць навучыць плесці лапці, вязаць рыбалоўныя сеткі ці вырабляць кошыкі з лазы. Акрамя таго, восенню можна адправіцца ў журавіны. Гэта адна з мясцін на Навагрудчыне, дзе расце гэта ягада. 

А яшчэ – абавязкова пабывайце на чарашлянскіх азёрах. Пясчанае, Святое, Глухое – кожнае адрозніваецца сваёй прыгажосцю і загадкавасцю. Мясцовыя жыхары абавязкова раскажуць вам не адну легенду, звязаную з гэтымі мясцінамі. А вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад дзіўнай і непаўторнай прыгажосці чарашлянскай прыроды, адчуеце спакой і сілу гэтага краю.

А. ПЯТРОВА, «НЖ».