Усе мы родам з дзяцінства. У кожнага ёсць свая школа, якая дала пуцёўку ў жыццё. Ніколі не забываем родную школу, шануем сваіх настаўнікаў. Не забывае Куравіцкую школу і былая настаўніца Таіса Пятроўна Астравух, якая звярнулася ў рэдакцыю і выказала жаданне падзяліцца ўспамінамі аб роднай школе і яе выпускніках.
– На вялікі жаль, Куравіцкай школы даўно няма. Аднак ёсць вучні, якія з удзячнасцю ўспамінаюць школьныя гады, не забываюць нас, настаўнікаў. Ведаеце, на месцы былой Куравіцкай школы наш выпускнік Міхаіл Міхайлавіч Амельяновіч, які ў свой час быў міністрам лясной гаспадаркі, разам з аднакласнікамі, выпускнікамі 1975 года, устанавілі валун як напамін аб школьнай пары. А яшчэ мы ўдзячны за кнігу памяці нам, настаўнікам, дзе ўзгаданы імёны ўсіх, хто ў розныя гады тут выкладаў, – такімі словамі ўдзячнасці пачынае нашу размову Таіса Пятроўна.
– Сама я родам з Вераб’евіч, аднак і для мяне Куравіцкая школа стала роднай, бо тут я ўвасобіла ў жыццё даўнюю мару – стаць настаўнікам. У мяне два запісы ў працоўнай кнізе – у 1963 годзе аб прыёме на працу настаўніцай рускай мовы і літаратуры і ў 1994 г. аб выхадзе на заслужаны адпачынак, – расказвае жанчына. – Калі я, выпускніца БДУ, прыехала на працу ў Куравіцкую школу, яна яшчэ была сярэдняя, дырэктарам працаваў У.В. Саракапыт. Школа немалая, на той час было 223 вучні, па дзве паралелі класаў, школа размяшчалася ў пяці будынках – школьны гарадок называлі. З усёй акругі дзеці вучыліся. Аднак з часам усё менш і менш станавілася вучняў. У 1980 годзе з сярэдняй школа стала базавай, а ў 2004 годзе наогул закрылі. Пазней было прынята рашэнне старыя будынкі знесці.
– Мая праца прыносіла задавальненне, з цеплынёй успамінаю тыя гады. Раней не толькі на вёсцы, наогул настаўнік быў паважаным чалавекам. Дзеці былі больш паслухмянымі, адказнымі, – дадае Т.П. Астравух. – Можна з упэўненасцю гаварыць і пра сямейную дынастыю. У Куравіцкай школе працаваў муж Міхаіл Іванавіч. Перш ён выкладаў вытворчае навучанне, а затым працоўнае навучанне. Педагогі ў нашай сям’і – мае сёстры Святлана (Уселюбская СШ) і Раіса (інспектар пачатковых класаў, настаўнік Пуцэвіцкай БШ), дачка Іна (СШ №7 г. Навагрудак), дзве пляменніцы мужа таксама выкладчыкі. (У 1989 годзе за шматгадовую працу і адданасць прафесіі Т.П. Астравух была ўзнагароджана знакам «Выдатнік народнай асветы» (заўв. аўтара).
Падчас нашай размовы Таіса Пятроўна і Міхаіл Іванавіч з цеплынёй ўзгадвалі сваіх калег, былых дырэктараў. Гэта М.Д. Паўловіч, У.Ф. Гайко, П.М. Мароз, В.А. Астравух. Шмат было настаўнікаў, хто аддана на працягу многіх гадоў даваў добрыя веды сваім вучням. Інакш і не магло быць, бо сярод выпускнікоў школы – М.М. Амельяновіч (былы міністр лясной гаспадаркі), М.П. Батура (былы рэктар БДУІР), А.М. Булыка (член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі), а таксама – старшыні сельскіх гаспадарак, дырэктары школ, начальнікі падатковай інспекцыі, журналісты, архітэктары, будаўнікі, паважаныя людзі самых розных прафесій і пасад.
– З вялікай плеяды настаўнікаў нашай школы ў жывых, на жаль, на сённяшні дзень засталіся толькі мы з мужам, а таксама Л.М. Валенцюкевіч, Т.М. Бахар, М.В. Гаўрош, – дадае Таіса Пятроўна. – Яшчэ раз ад усіх нас хачу выказаць словы ўдзячнасці нашым былым вучням за памяць, за тое, што не зарастае сцяжынка да роднай школы. Дзякуючы выпускнікам 1975 года на месцы школы кніга памяці і валун, а вось абуладкаванне дарожкі з пліткі сёлета арганізавала я. Сродкі на яе сабралі дзеці настаўнікаў. Упэўнена, што заўсёды будзе жыць у сэрцах нашых выпускнікоў памяць аб школьных гадах, аб бескарыслівых і самаадданых настаўніках, якія заўсёды былі гатовы даваць добрыя веды і выхоўваць. Усіх настаўнікаў віншую са святам!
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |Instagram | YouTube | TikTok |