Любімай раёнцы – 85 гадоў!

Любімай раёнцы – 85 гадоў!

Любімай раёнцы – 85 гадоў!

01 октября 2024 973

Бягучы год для Навагрудчыны адзначаны шэрагам юбілейных дат. Адны з іх – невялікія, іншыя – важкія, аднак усе яны так ці інакш упісаны ў лёсы людзей, устаноў і прадпрыемстваў і ўяўляюць сабой пэўныя вехі ў гісторыі малых і вялікіх калектываў. Сярод гэтых слаўных дзён нараджэння і 85-гадовы юбілей раённай газеты «Новае жыццё».

Верасень 1939 года стаў пунктам адліку гісторыі раённай газеты. За 85 гадоў на старонках выдання адлюстравалася ўся гісторыя нашага краю. За гэтыя гады змянілася назва газеты, аднак нязменным заставалася яе прызначэнне і тыя задачы, што стаялі перад калектывам. Старонкі раённай газеты «Новае жыццё» – летапіс Навагрудчыны, гісторыя роднага краю. За гэты час шмат разоў абнаўляўся калектыў, ды і сам працэс выдання газеты стаў іншым. Аднак галоўнымі заўсёды заставаліся прафесіяналізм, адданасць справе і шчырая любоў да вас, паважаныя нашы землякі – героі і чытачы выдання.

29 снежня 2023 года адбылася рэарганізацыя, і калектывы газеты «Новае жыццё», тэлепраграмы «Ново­ТВ» і радыёпраграмы «Навагрудскія навіны» сталі працаваць разам у холдынгу «НаваМедыяКампанія» пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Наталлі Еўдакімавай. Калектывам рэалізуецца шэраг праектаў, прысвечаных гісторыі Навагрудскага краю, яго сучаснаму развіццю, ураджэнцам і жыхарам Навагрудчыны.



Мы пісалі і пішам для вас і пра вас, паважаныя падпісчыкі. Працягваем рэалізоўваць праекты, якія цікавыя нашым чытачам і гледачам. Таксама калектыў рэдакцыі працуе над стварэннем новых. Сярод іх – «Памяць пакаленняў: дзеці вайны», «Без тэрміну даўнасці», «Трагедыя Навагрудскіх вёсак», «Сведкі эпохі», «Кулінарны праект «Навагрудскія прысмакі», «Юбілей пад знакам якасці», «Вайб маладых». За кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту рэалізаваны праект «Кіберзлачыннасць: падман віртуальны – наступствы рэальныя». Водгук у чытачоў знайшоў конкурс «Знайдзі фразу – выйграй кубак», які праводзіўся да юбілею горада і газеты.

Да 85-гадовага юбілею любімай раёнкі прымеркавана і адкрыццё музейнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі перыядычнага друку, тэле- і радыёвяшчання. Выказваем шчырыя словы ўдзячнасці нашым пастаянным чытачам і падпісчыкам, хто адгукнуўся і падзяліўся экспанатамі. Сярод іх – Наталля Пашкоўская, Барыс Шагідзевіч, Таіса Дзяшук, Ганна Валенцік, Міхаіл Касабукін, Генадзій Гоеў і многія іншыя.





– Музейная экспазіцыя будзе папаўняцца новымі экспанатамі і звесткамі аб журналістах, якія працавалі ў рэдакцыі ў розныя часы, а таксама стане месцам тэматычных выставак актыўных чытачоў, тэлегледачоў і радыёслухачоў, якім ёсць чым па­дзяліцца ў новай рубрыцы «Пішам гісторыю раёна разам». А яшчэ тут будуць праводзіцца Дні падпісчыка і прафарыентацыйныя мерапрыемствы для моладзі, – сказала Наталля Еўдакімава.

Шмат цёплых слоў выказалі калектыву газеты ганаровыя госці на чале са старшынёй Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Святланай Каралько і намеснікам старшыні райвыканкама Людмілай Мароз. Калектыву рэдакцыі «НаваМедыяКампанія» былі адрасаваны шчырыя словы віншаванняў з юбілеем і пажаданні плённай працы.


– Трэба адзначыць, што ўсе матэрыялы, якія друкуюцца на старонках газеты і выходзяць у тэле- і радыёпраграмах, датычацца жыцця не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы. Вельмі прыемна чуць ад чытачоў розных узростаў, што даведаліся навіны са СМІ раёна. Гэта гаворыць аб тым, што вы запатрабаваны ў навагрудчан. Было вельмі прыемна чуць, калі падчас прыезду ў наш горад Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч дала высокую ацэнку раённай газеце «Новае жыццё», якая карыстаецца аўтарытэтам, – адзначыла Святлана Каралько. – Жыццё не стаіць на месцы і пастаянна развіваецца. Аднак, нягледзячы на тое, што ўсе навіны можна пачытаць у інтэрнэце, у многіх людзей друкаванае выданне і тэлеперадача застаюцца вельмі запатрабаванымі. – Дазвольце пажадаць вашаму калектыву новых поспехаў і дасягненняў, радаваць чытачоў прыемнымі і цікавымі навінамі, творчага запалу.

– Навагрудскі раён нельга ўявіць без раённых сродкаў масавай інфармацыі. Менавіта вы, рэдакцыя «НаваМедыяКампанія», аўтарытэтнае меркаванне, голас нашага раёна, – сказала Людміла Мароз падчас віншавання. – У святочны дзень хочацца пажадаць вам атрымліваць асалоду і радасць ад працы. Высокая планка выніковасці вашай працы, творчы падыход – гэта ўсё пра вас, паважаныя работнікі рэдакцыі. Ваша праца архіважная, архінеабходная. Дзякуй вам за прафесіяналізм.

За плённую працу і з нагоды юбілею супрацоўнікам рэдакцыі ў святочны дзень ад раённых грамадскіх арганізацый былі ўручаны ўзнагароды.







Паважаныя чытачы, гэта наш з вамі сумесны юбілей. Дзякуючы вам мы пішам артыкулы, асвятляем падзеі і выязджаем на іх месца. Мы працуем для вас і пішам толькі пра вас.



«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |

Автор: «НЖ»