Асабістыя фінансы са «знакам якасці»

Асабістыя фінансы са «знакам якасці»

21 марта 2024 179

Тэматыкай Тыдня фінансавай граматнасці 2024 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 3 г. Навагрудка імя В.Г. Гаховіч» стала якасць арганізацыі сістэмы асабістых фінансаў – «Асабістыя фінансы са знакам якасці».

2024 год аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. На класнай гадзіне мы разам з вучнямі і прадстаўнікамі Белгазпрамбанка Аксанай Літвін і Наталляй Нос разбіраліся, як жа якасна кіраваць сваімі фінансамі, якія асабістыя якасці дапамогуць нам дасягнуць і падтрымліваць фінансавы дабрабыт. А дапамагалі нам у гэтым дракончык Цмок, а таксама яго сябры ‒ брат і сястра Ваня і Соня. Цмок – дракон не просты, а фінансавы. Ён нарадзіўся на самым сапраўдным манетным двары і шмат чаго ведае пра грошы, амаль усё.

Аксана Барысаўна расказала нам, што дзеці неяк сустрэлі Цмока па дарозе са школы і паклікалі да сябе дадому. З таго часу Цмок пачаў жыць з імі. Ён расказвае дзецям гісторыі і дапамагае разабрацца ў фінансавых пытаннях. Цмок дакладна ведае, што фінансавы дабрабыт ‒ гэта не проста наяўнасць грошай у кашальку, а цэлая сістэма кіравання сваімі фінансамі, разуменне сваіх фінансавых мэт, наяўнасць ведаў для прыняцця дальнабачных рашэнняў, а галоўнае ‒ задзел для захавання якасці нашага жыцця ў будучыні. Цмок упэўнены, што за свой дабрабыт адказны найперш сам чалавек. І ніколі не позна і не рана пачаць фармаваць звычкі, якія дазволяць палепшыць ваш фінансавы дабрабыт.

Наталля Іванаўна прапанавала нам разам з Соняй і Янкам паслухаць апавяданні Цмока і падумаць, якія карысныя фінансавыя звычкі ў нас ужо ёсць, а якія варта пачаць фармаваць прама сёння!

Адна з самых галоўных фінансавых звычак ‒ уменне ператварыць жаданне ў фінансавую мэту.
Ваня цэлы год марыў аб пакупцы ровара. Прасіць веласіпед у бацькоў ён не стаў, таму што хацеў купіць яго сам, назапасіўшы патрэбную суму з кішэнных грошай, якія яму выдаюць бацькі. Гэтая мара так бы і засталася толькі марай, калі б Цмок не расказаў, чым адрозніваецца мара ад фінансавай мэты.

Такім чынам, фінансавая мэта абавязкова павінна быць рэалістычнай, канкрэтнай і мець пэўны тэрмін для выканання. Усё проста ‒ трэба адказаць на тры пытанні: што? колькі? і ў які тэрмін?
Каб вызначыць, ці дасягальная наша фінансавая мэта, задайце сабе такія пытанні:
- Колькі грошай у вас ёсць на дадзены момант?
- Ці ёсць у вас даўгі або абавязацельствы?
- Ці будуць паступленні пастаяннымі або ад выпадку да выпадку?
- Ці ёсць у вас запас на выпадак непрадбачаных выдаткаў?

Праўдзівае ўяўленне аб бягучым фінансавым стане дасць вядзенне бюджэту.

Аксана Барысаўна Літвін адзначыла, што перш за ўсё трэба вызначыцца з тым, як мы будзем весці ўлік грашовых сродкаў. «Звычка весці асабісты бюджэт будзе працаваць, – працягнула Аксана Барысаўна, – калі вы станеце фіксаваць усе свае прыбыткі і выдаткі за абраны перыяд, напрыклад, за месяц». Далей мы супастаўляем даходы і выдаткі. Калі даходы перавышаюць выдаткі ‒ значыць, мы правільна плануем бюджэт і можам выкарыстоўваць гэтую розніцу, напрыклад, на планаванне летняга адпачынку або проста адкладаць у свой фінансавы рэзерв. Калі ж вы марнуеце ўсё падчыстую, то трэба старанна ацаніць і, магчыма, перагледзець свае траты.

Аксана Барысаўна заўважыла, што, каб паспяхова дасягнуць сваёй мэты, трэба навучыцца складаць асабісты фінансавы план.
Далей Цмок прапанаваў нам разгледзець некалькі варыянтаў асабістага фінансавага плана і самім паспрабаваць распрацаваць такі план. Мы з задавальненнем працавалі ў камандах і паспрабавалі скласці фінансавы план на вясновыя канікулы. Атрымалася выдатна!

А яшчэ Наталля Іванаўна расказала нам аб тым, што мы не ўмеем гаварыць «не» бяздумным тратам. І прывяла прыклад. Соня вельмі любіць хадзіць па крамах і купляць што-небудзь. Менавіта «што-небудзь», таму што часта грошы траціліся марна, а на сапраўды патрэбныя рэчы магло ўжо і не хапіць. Наталля Іванаўна параіла зноў звярнуцца па дапамогу да Цмока. Наш сябар парэкамендаваў нам завесці наступныя звычкі:
- Складаць спіс пакупак.
- Уважліва чытаць цэннікі.
- Крытычна ацэньваць маркетынгавыя акцыі.
- Рабіць паўзы.

Цмок сказаў нам: «Імкніцеся да таго, каб вы кіравалі сваімі тратамі, а не яны вамі. І заўсёды памятайце: зэканоміў – лічы, зарабіў!»

На класнай гадзіне мы таксама даведаліся, што адным з самых распаўсюджаных і надзейных спосабаў захавання зберажэнняў з'яўляюцца банкаўскія ўклады ‒ дэпазіты.

Пацікавіліся ў работнікаў Белгазпрамбанка, як правільна выбраць банкаўскі ўклад. Даведаліся, што такое фінансавая піраміда.

Асаблівую ўвагу звярнулі нашы госці на такое паняцце, як Вішынг ‒ выманьванне інфармацыі па тэлефоне. Падрабязна распавялі нам, па якіх асноўных прыкметах можна пазнаць ашуканцаў. Папярэдзілі, што павінна нас насцярожыць:
– званок з незнаёмага нумара;
– спроба напалохаць (напрыклад, вам гавораць пра нейкую непрыемнасць) ці ўзрадаваць (напрыклад, паведамляюць пра буйны выйгрыш);
– заклік да неадкладнага дзеяння (тэрмінова перайсці па спасылцы, устанавіць мабільны дадатак, паведаміць даныя карткі або коды з апавяшчэнняў ад банка);
– просьба паведаміць канфідэнцыйную інфармацыю (нумар карткі, пашпартныя даныя, паролі, сеансавыя ключы і інш.).

Параілі як засцерагчы сябе:
1. Нікому не паведамляць ніякую асабістую інфармацыю.
2. Захоўваць спакой і ніколі не здзяйсняць імпульсіўных дзеянняў пад ціскам.
3. Пакласці трубку і расказаць пра ўсё бацькам.

З інфармацыі Аксаны Барысаўны і Наталлі Іванаўны мы даведаліся, што зламыснікі могуць стварыць падроблены сайт, вельмі падобны знешне да афіцыйнага сайта банка, крамы ці якой-небудзь іншай арганізацыі, а яго вэб-адрас будзе адрознівацца ўсяго адным ці некалькімі сімваламі.

Ашуканцы спадзяюцца, што чалавек, нічога не падазраючы, увядзе свае даныя на такім сайце, а яны атрымаюць іх. Такі від махлярства называецца фішынг.

У любым выпадку трэба быць асцярожнымі і не трапляцца на хітрыкі ашуканцаў.

І на заканчэнне нашай сустрэчы Аксана Барысаўна і Наталля Іванаўна падзякавалі нам за ўвагу. А таксама параілі авалодаць асноўнымі сакрэтамі фінансавага дабрабыту: весці ўлік, ставіць фінансавыя мэты, берагчы, удасканальваць свае навыкі і веды па фінансавай граматнасці.

Жана Бяльчыцкая,
класны кіраўнік 4 «А» класа Дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 3 г. Навагрудка імя В.Г. Гаховіч» Гродзенскай вобласці