Аляксандр Карачан – чалавек з адкрытым сэрцам і вялікім талентам

Аляксандр Карачан – чалавек з адкрытым сэрцам і вялікім талентам

Аляксандр Карачан – чалавек з адкрытым сэрцам і вялікім талентам

12 февраля 2022 3738

2 лютага споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння асобы з вялікай літары, былога начальніка аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандра Карачана. А 28 лютага будзе 10 гадоў, як спынілася сэрца Аляксандра Мікалаевіча. Рана пайшоў з жыцця, але яго талент, добразычлівасць, шчырасць, рэдкай прыгажосці голас назаўжды застануцца ў памяці шматлікіх навагрудчан. Усё сваё жыццё Аляксандр Карачан прысвяціў людзям. Ён падтрымліваў, дапамагаў, слухаў і раіў, для кожнага знаходзіў час. Аляксандр Мікалаевіч назаўжды застаўся ў памяці родных, калег, сяброў, якія ўспамінаюць яго толькі добрым словам.

Нарадзіўся А.М. Карачан у в. Балотца. Першапачаткова ён выбраў педагагічны шлях. У 1975 годзе закончыў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Я. Купалы па спецыяльнасці «фізіка». Першым працоўным месцам маладога настаўніка стала Кашалеўская СШ. З 1981 па 1985 год працаваў загадчыкам Кашалеўскага сельскага клуба. Аляксандр Карачан выбіраўся дэпутатам Кашалеўскага сельскага Савета дэпутатаў. Актыўнага і ініцыятыўнага работніка заўважыла кіраўніцтва і даручыла яму новую пасаду – старшыні Кашалеўскага сельвыканкама. Нягледзячы на тое, што па адукацыі Аляксандр Мікалаевіч быў фізікам, у душы ён заўсёды быў лірыкам. З часам прыняў прапанову перайсці ў аддзел культуры, які на працягу 24 гадоў узначальваў.

Яўгеній Навагран, былы дырэктар Кашалеўскай СШ:
– Урокі фізікі Аляксандр Мікалаевіч праводзіў на высокім метадычным узроўні, выкарыстоўваў гука-тэхнічныя сродкі і многія наглядныя дапаможнікі, знаёміў вучняў з айчыннымі і замежнымі дасягненнямі ў галіне фізікі. На раённых алімпіядах яго вучні кожны год займалі прызавыя месцы. Загадваў вучэбным кабінетам, палепшыў яго тэхнічны стан. Працаваў таксама і класным кіраўніком. Вучні вельмі паважалі і любілі яго, ён карыстаўся у іх аўтарытэтам. Праводзіў турыстычныя паходы па Навагрудчыне. Часта разам з дзецьмі хадзіў у паходы на возера Кромань, якое знаходзіцца недалёка ад яго малой радзімы. Аляксандр Карачан добра іграў на гітары, прыгожа спяваў, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці настаўнікаў школы. З канцэртамі выязджалі за межы сельсавета.

Уладзімір Захараў, сябар, удзельнік вакальна-інструментальнага ансамбля «Талісман»:
– З Сашам мы пазнаёміліся дзесьці ў 80-я гг., калі ён узначальваў Кашалеўскі сельскі клуб. Тады ў яго ўзнікла ідэя стварыць музычны калектыў. Адразу яны пачыналі ўдвух з Валодзем Каўнацкім. Я на той час жыў у Баранавічах, а з Валодзем служылі ў арміі. З часам я пераехаў у Навагрудак, прыйшоў у калектыў. У пастаянны састаў ансамбля «Талісман» уваходзілі чатыры чалавекі. Гэта Саша Карачан, Вова Каўнацкі, Саша Саладуха і я. Выступалі мы на дыскатэках, канцэртах, раённых і абласных фестывалях, у Літву ездзілі з канцэртамі. Апаратура была добрая ў нас – усё дзякуючы Сашы і кіраўніцтву калгаса, за сродкі якога і была набыта. Саша па характары быў вельмі ветлівы, чулы, шчыры, далікатны, даверлівы, ад людзей чакаў таго ж. З ім заўсёды было лёгка і працаваць, і адпачываць. Выязджалі разам з начлегам на Нёман, захапіў я яго рыбалкай. Вельмі любіў Саша бардаўскія песні, а рэпеціравалі часта да позняй ночы. Мы жылі музыкай, творчасцю… На жаль, не збылася мара Сашы Карачана – пасля выхаду на пенсію зноў выступаць тым жа саставам.

Алена Малчанава, былы спецыяліст па кадрах аддзела культуры:
– Мне пашанцавала працаваць з Аляксандрам Мікалаевічам на працягу 21 года, а знаёмы значна больш. Для мяне гэта чалавек і кіраўнік з вялікай літары. Вельмі шкада, што так рана страшная хвароба забрала яго ад нас. Перад адыходам ён пакінуў у рабочым кабінеце на стале ліст з вершаванымі радкамі:

Уходя, оставьте свет,
Это больше, чем остаться.
Это лучше, чем прощаться,
И важнее, чем дать совет…
У любви гарантий нет –
Это очень скверно, братцы,
Уходя, оставьте свет
В тех, с кем выпадет расстаться…
Жаль, что неизбежна смерть,
Но возможна сатисфакция:
Уходя, оставьте свет –
Это больше, чем остаться…

Гэтыя радкі нібы запавет для ўсіх нас. Ён пакінуў святло – святло сваёй душы, дабрыні, творчасці, умення любіць і паважаць людзей. А яшчэ ён пакінуў бясцэнны след у развіцці культуры Навагрудчыны, заслужыў пашану, павагу і прызнанне. Светлая памяць пра Аляксандра Мікалаевіча жыве ў маім сэрцы, і няхай яму будзе спакойна і добра там, дзе ён зараз.

Наталля Клімко, народны майстар, былы дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў:
– Аляксандр Карачан для нас з мужам Міхаілам перш за ўсё сябар, а пасля кіраўнік вялікага і дружнага калектыву работнікаў культуры Навагрудскага раёна. Як сёння, перад вачыма нашы «пасядзелкі» з гітарай на кухні, на рыбалцы, на любым адпачынку. Аляксандр Мікалаевіч расказваў пра сваю работу, пра святы, якія праводзіліся ў раёне. І мне так хацелася стаць часткай гэтага калектыву. Пазней я перайшла на працу ў культуру. І толькі па яго настойлівасці згадзілася ўзначаліць Цэнтр рамёстваў. Ён цаніў людзей, іх працу і талент. А якія ў яго былі глыбокія веды, які быў незвычайны расказчык! Там, дзе з’яўляўся Аляксандр Мікалаевіч, заўсёды было святло і радасць. А песні, якія ён напісаў пра Навагрудак, могуць быць гімнам горада. Ён вельмі любіў сваіх дзяцей. Такога клапатлівага тату рэдка сустрэнеш. Сваёй дачцэ і сыну ён таксама прысвяціў шмат песень. Вельмі шкада, што так рана пайшоў з жыцця. Колькі яшчэ было планаў!.. Мы ўсе яго вельмі любілі – такой любві ў жыцці заслугоўвае далёка не кожны…        

Вольга Юшкевіч, метадыст-майстар Цэнтра рамёстваў:
– З Аляксандрам Мікалаевічам мяне звязвалі самыя плённыя і цікавыя працоўныя гады майго жыцця. Мы прыйшлі працаваць у культуру адначасова. Былі маладыя, апантана аддаваліся працы. Падымалі вялікі гістарычны і культурны пласт Навагрудчыны. Менавіта дзякуючы ініцыятыве Аляксандра Мікалаевіча ў нас прайшлі першыя мерапрыемствы рэспубліканскага значэння – першае ўсебеларускае Купалле, першыя рыцарскія турніры. Ён гаварыў: «Мы ні на каго не павінны раўняцца, а раўняцца павінны на нас». Усё так і было. Выступленні нашых харавых, вакальных, танцавальных, фальклорных, драматычных калектываў, сольных выканаўцаў, аматарскіх аб’яднанняў – гэта заслуга тых работнікаў культуры, якія працавалі пад кіраўніцтвам А.М. Карачана. З ім заўсёды было лёгка і проста працаваць. Яго паважалі і цанілі як таленавітага кіраўніка, тактоўнага чалавека, які ў цяжкую хвіліну мог падставіць сваё плячо і даць параду. Гэты дасведчаны чалавек, кіраўнік, напэўна, і павінен быў узначаліць аддзел культуры, каб пакінуць свой незабыўны след.

Мікалай Гайба, старшы навуковы супрацоўнік Дома-музея Адама Міцкевіча:
– Няма такіх слоў, каб выказаць той смутак, які напаўняе нашы сэрцы і душы, калі мы ўспамінаем А. Карачана, бо мы ўжо не зможам сказаць звычайны «дзякуй» вялікаму чалавеку, які аддаваў усяго сябе служэнню культуры Навагрудскага раёна. Наша знаёмства адбылося ў далёкім 1991 годзе, калі я прыйшоў на працу ў гістарычна-краязнаўчы музей на пасаду навуковага супрацоўніка. З цягам часу ўзначаліў Дом-музей Адама Міцкевіча. Фактычна ўсе выстаўкі, мерапрыемствы, якія праходзілі ў музеі, наведваў Аляксандр Мікалаевіч. Яму было цікава размаўляць з творчымі людзьмі: мастакамі, фатографамі, навукоўцамі, бо сам быў творчы чалавек. Дарэчы, ён таксама ў свой час захапляўся фатаграфіяй, нярэдка выконваў бардаўскія песні пад гітару ў музеі. У яго была вялікая калекцыя аўдыёкасет, грампласцінак. Музей Адама Міцкевіча ён называў сваёй аддушынай. Пры яго непасрэдным удзеле ў 2001 годзе была адкрыта дзеючая сёння музейная экспазіцыя.

Ганна Андрушкевіч, былы дырэктар Масцішчанскага дома культуры:
– У культуру я прыйшла ў няпростыя 90-я гады юнай, зусім нявопытнай дзяўчынай. І калі б ні Аляксандр Мікалаевіч з яго дабрынёй, увагай і максімальным пазітывам, мне і маім маладым калегам давялося б цяжка. З ім было лёгка і проста. Для ўсіх ён знаходзіў правільныя і цёплыя словы. Мы не былі для яго падначаленымі (мне так здавалася), мы былі незалежна ад узросту і займаемай пасады для яго калегамі. Гэта асабліва шанавалася намі, маладымі спецыялістамі. Колькі было выступленняў, аглядаў, конкурсаў! І Аляксандр Мікалаевіч заўсёды з намі на роўных. Не выпінаючыся з «натоўпу» – у сцэнічным касцюме з вечна юным запалам! Ён ніколі не заставаўся раўнадушным да нашых жыццёвых праблем, не быў абыякавы да чужой бяды. Мы маглі папросту «згубіцца» ў яго працоўным кабінеце за кубачкам кавы і за простымі жыццёвымі размовамі пра дзяцей, працу, хатнія справы. Можа, гэтай шчырасцю, прастатой, неабыякавасцю і разуменнем падкупляў нас? Магчыма, мы проста любілі яго за тое, што ён любіў нас.

Ад аўтара
Мне таксама пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам Аляксандра Мікалаевіча. Як сёння, памятаю, як эмацыянальна дзялюся з калегамі сваімі ўражаннямі пасля першай праведзенай экскурсіі для наведвальнікаў Дома-музея А. Міцкевіча. Я нават і не заўважыла, што зайшоў у музей начальнік аддзела культуры і таксама слухае мой расказ і ўсміхаецца. Затым так шчыра і па-добраму павіншаваў з пачаткам працоўнага шляху. Сапраўды, ні адно мерапрыемства ў музеі не абыходзілася без гэтага выдатнага, добрага і вельмі светлага чалавека з унутраным тактам, інтэлігентнасцю і абсалютнай добразычлівасцю. Для ўсяго калектыву дома-музея, работнікаў аддзела культуры Аляксандр Мікалаевіч быў вельмі паважаным чалавекам ва ўсіх адносінах. І добра памятаю той дзень, калі яго не стала… Упэўнена, што кожны работнік культуры тады страціў не проста кіраўніка, а блізкага і роднага чалавека... Аляксандр Карачан – асоба з вялікай літары – назаўсёды ў сэрцах і памяці былых калег.


Вольга Пісар, «НЖ».