Прадзед сучасных фатографаў Ян Булгак

Прадзед сучасных фатографаў Ян Булгак

16 октября 2021 1125
18 кастрычніка ў 1876 годзе ў шляхецкім засценку каля старажытнага Асташына 145 гадоў назад нарадзіўся адзін з найвялікшых фотамастакоў сваёй эпохі Ян Булгак. У 11 гадоў Ян Булгак паступіў ў Віленскую класічную гімназію. Закончыў яе ў 1897 годзе і паступіў на філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Вельмі хутка фінансавыя праблемы вымусілі яго вярнуцца на Радзіму, дзе ён абаснаваўся ў маленькім жывапісным дворыку Пярэсека пад Мінскам.

Ян Булгак пачаў займацца фатаграфіяй амаль выпадкова. Свае першыя фотаздымкі ён зрабіў просценькім фотаапаратам сваёй жонкі, які Ганна Хаціская, родам з Міраціч, атрымала на дзень нараджэння ў 1905 годзе. Гэта былі фотаздымкі сям’і, навакольных двароў, мясцовыя пейзажы.

Справа пайшла на лад, калі знайшоў настаўнікаў – навагрудскага фатографа Баляслава Ігнація Данейку і свайго стрыечнага брата Караля Карповіча з Чамброва.
Фатаграфія захапіла, і ён з усёй пылкасцю зрабіў яе справай свайго жыцця, дасягнуў вышынь сапраўднага мастацтва, стаў прызнаным майстрам святла і ценю. У аб’ектыў фатографа трапляла тое, што хвалявала і цікавіла Яна Булгака як асобу – яго зямля, яе прыродны і архітэктурны ландшафт, двары і сядзібы, тое «бясцэннае дабро, што праходзіць міма незаўважаным», а на самай справе стварае і акрэслівае атмасферу краю. Калі ж даведаўся, што рэдакцыя штодзённай польскамоўнай газеты «Літоўскі кур’ер» у дадатку «Ілюстраванае жыццё» аб’явіла конкурс, паслаў на яго некалькі здымкаў. Як жа здзівіўся, атрымаўшы галоўную ўзнагароду.


Перамогшы ў конкурсе, праведзеным «Ілюстраваным жыццём», Ян Булгак пасапраўднаму паверыў у свае сілы, а таму праз два гады асмеліўся выйсці на міжнародную арэну. У 1910 годзе якраз у Бруселі праводзілася сусветная фатаграфічная выстаўка. Праўда, гэтым разам у лік пераможцаў не трапіў. Пакуль цяжка было на роўных сапернічаць з тымі, хто ўжо стаў прызнаным майстрам.

У Вільні ў 1911 годзе мастак Фердынанд Рушчыц прапанаваў Яну Булгаку стаць гарадскім фатографам. Ян Булгак адчыніў фотастудыю, фатаграфаваў архітэктурныя помнікі Вільні і імкнуўся захаваць на здымках прыгажосць горада. Доўгія гады ён прысвяціў выкладанню фатаграфіі ва ўніверсітэце, напісаў некалькі кніг па фотамастацтве. Параду зды маць выгляд двароў, якія «не страцілі свайго характару і зместу», Яну Булгаку даў знаёмы бацькі Ян Спехальскі, які вельмі любіў навагрудскую зямлю. Адышоўшы ад звычайнай інвентарызацыі, Ян Булгак ператварыў свае здымкі ў творы мастацтва.

 Не абмінаў, канешне, і прыгожых краявідаў, разумеючы, што непаўторнасць іх таксама вартая адлюстравання. Аднак галоўным для яго было сфатаграфаваць тое, што з гадамі страціць свае цяперашнія выявы. Таму са стараннем «прыглядаўся» аб’ектывам да гістарычных мясцін Навагрудка, Міра, Крэва – да таго, што засталося ад колішніх часоў і па-ранейшаму нагадвала пра сваю веліч.



Некалькі соцень здымкаў у наваколлі Мінска і Навагрудка, зробленых на працягу 1905- 1911 гадоў, склалі альбом «Літва ў фотаздымках Яна Булгака». Усяго набралася шэсць тамоў. У «Віленскім штогодніку», «Ілюстраваным штогодніку», у часопісе «Варшаўскі фатограф» было надрукавана 270 здымкаў, сярод якіх былі вясковыя пейзажы, мястэчкі і іх інтэр’еры, замалёўкі Навагрудка, Свіцязі, Міра, Нясвіжа, Крэва, Вілейкі.

У 1919 г. майстар узначаліў фоталабараторыю мастацкай фатаграфіі на факультэце прыгожых мастацтваў ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя.
У 1926-1927 гг. стварыў Віленскі фотаклуб – арганізаваў сустрэчу самых знакамітых фатографаў.
Найбольш плённы перыяд у творчасці Яна Булгака пачаўся з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Зробленае ім па вартасці ацэньвалася на шматлікіх выстаўках мастацкай фатаграфіі: рознага шэрагу ўзнагароды, павальныя водгукі ў друку. Яго ведалі ў Парыжы, Лондане, Бруселі, Нью-Ёрку, Сан-Францыска… Выходзілі альбом за альбомам. Дзякуючы Яну Булгаку, з’явіўся новы тэрмін «фотаграфіка», пад які трапляла і мастацкая фатаграфія.

Свае погляды на мастацтва фатаграфіі Ян Булгак выказаў у работах «Фотаграфіка. Нарыс мастацкай фатаграфіі» (1931), «Тэхніка брому» (1935), «Эстэтыка святла. Прынцыпы фотаграфікі» (1936) і інш.
У 1931-36 гг. выдаў цыкл работ пад агульнай назвай «Вандроўкі фатографа», дзе змясціў не толькі інфармацыю па фатаграфаванні, але і апісанні прыроды, помнікаў архітэктуры і мастацтва.
Свае фотаздымкі публікаваў у форме альбомаў, а таксама ў выглядзе паштовак.
 Асаблівую любоў і зачараванасць Ян Булгак выказваў да сваёй малой радзімы, месца, дзе нарадзіўся. «Усё хатняяе здаецца самым лепшым і самым прыгожым, адзіным і непаўторным, практычна дасканалым… Такім раем для мяне быў Асташын», – пісаў, будучы ўжо дарослым чалавекам, фотамайстар. Галоўным яго творчым прынцыпам было «здымаць сэрцам».



Нягледзячы на тое, што Ян Булгак жыў у розных месцах і многа падарожнічаў, але да роднай Навагрудчыны у яго былі заўсёды трапяткія пачуцці.
Тут ён, гаворачы яго словамі, «паўжыцця прысвяціў назіранню за прыгажосцю гэтай зямлі і адлюстраванню яе на фотаздымках».
Ян Булгак зафіксаваў Навагрудак у перыяд росквіту будаўніцтва і стварэння інфраструктуры ваяводскага цэнтра, калі ў горадзе будаваліся адміністрацыйныя будынкі і цэлыя жылыя раёны для чыноўнікаў, ён фотафіксаваў Навагрудчыну да пачатку Першай сусветнай вайны і пасля яе, дзякуючы яму, мы ведаем, як выглядалі сядзібы і маёнткі Навагрудскай зямлі.
Горад імкліва змяняў сваё аблічча, набываючы еўрапейскі лоск, толькі вулачкі з ніякаватымі драўлянымі дамамі працягвалі захоўваць местачковы патрыярхальны каларыт. Праўдзівы аб’ектыў Яна Булгака захаваў многае з таго, чаго ў Навагрудку больш няма: вежу-млын на Малым Замку, чыгунку, гандлёвыя рады і аўтавакзал на Вялікім Рынку ў цэнтры горада, сінагогу, Дом-музей Адама Міцкевіча да вайны.
Можна з упэўненасцю сказаць, што яму належаць найбольш выразныя па змесце і тэхнічна дасканалыя фотаздымкі архітэктуры і краявідаў Навагрудчыны.
Сваёй малой радзіме Ян Булгак прысвяціў і кнігу ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», якую сам так і не паспеў пабачыць – была выдадзеная ў 2003 г., дзе паказваецца шырокая панарама жыцця Навагрудчыны к. XIX – п. XX ст. Ва ўспамінах Яна Булгака ёсць апісанне самых знакамітых сядзіб у ваколіцах Навагрудка, Міра, Баранавіч, Свяцязі, а таксама каларытных цікавых асоб.

Фатаграфіі Навагрудчыны паказаў Ян Булгак на першай фатаграфічнай выстаўцы (жнівень 1911г.) на вядомым Польскім курорце ў Цяхоцінцы. За працы «Вечарам» (коні на пашы)», «Віхар», «Дарога», «Прынёманскія пяскі» і «Кветкі» ён атрымаў узнагароду. Навагрудскія матывы займалі важнае месца сярод шматлікіх публікацый Булгака ў «Варшаўскім фатографе».

Плённымі сталі стасункі з рэдакцыяй варшаўскага часопіса «Зямля». У гэтым выданні ён не толькі змяшчаў свае здымкі. Выступаў і з артыкуламі. Вялікую ўвагу надаваў краязнаўчай тэматыцы. Гэта было адкрыццё Радзімы. У нечым і для самога сябе, аднак і з такім намерам, каб яно з’явілася і адкрыццём для іншых.
У 1910 годзе ў чэрвеньскім нумары часопіса «Зямля» быў надрукаваны першы тэкст Яна Булгака, прысвечаны легендарнаму возеру Свіцязь. «Экскурсію на Свіцязь» аўтар праілюстраваў пяццю асабістымі здымкамі. Пройдзе яшчэ 14 гадоў – і ўжо вядомы ўдзельнік міжнародных салонаў, гарадскі фатограф Вільнюса, а потым і Варшавы Ян Булгак у час свайго летняга візіту сфатаграфуе на Свіцязі прэзідэнта Вайцяхоўскага.

Колькасць здымкаў даўно перасягнула некалькі тысяч, а ён працягваў працаваць з ранейшай нястомнасцю. Толькі ў асабістым архіве, які згарэў у вайну, былі негатывы і альбомы з 10 тысячамі здымкаў серыі «Польшча ў фатаграфічных карцінах».
 Смерць напаткала Яна Булгака 4 лютага 1950 года. У адным са сваіх вершаў ён пісаў: «…на паперы сею простыя словы, як жыта». Гэтае параўнанне падыходзіць і да яго «фатаграфічнай» творчасці, што ўяўляла сабой «сяўбу» вобразаў простых, як і тое жыта, аднак надзіва непаўторных і значных, якія дазвалялі ад чуць (таксама пакарыстаемся словамі) «дух вечнай Айчыны».

Значная частка твораў Булгака сёння захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта, Архіве дзяржаўнай гісторыі Літвы, Нацыянальным музеі Літвы ў Вільні, Нацыянальным музеі ў Варшаве, Этнаграфічным музеі Расіі ў Маскве. Невялікая, але даволі каштоўная калекцыя арыгіналаў фатаграфій Булгака захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску, асобныя фотаздымкі Булгака ёсць таксама ў зборах Ныцыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі і Гро дзенскага гісторыка-археалагічнага музея.


Людміла Юрчык,
бібліятэкар дзіцячага аддзела Навагрудскай раённай бібліятэкі.