Общество

Пяцёра школьнікаў з нашага раёна паказалі добрыя вынікі на алімпіядзе

Пяцёра школьнікаў з нашага раёна паказалі добрыя вынікі на алімпіядзе

07 февраля 2022 2197

Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах праводзіўся з 10 па 13 студзеня. За пальму першынства ў трэцім туры алімпіяды змагаліся лепшыя хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх раёнаў – навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пяцёра школьнікаў з нашага раёна, дзякуючы выдатнай падрыхтоўцы і імкненню да ведаў, паказалі добрыя вынікі на алімпіядзе. Пра тое, як праходзілі інтэлектуальныя спаборніцтвы, падрыхтоўка да іх, а таксама аб планах на будучыню расказалі самі школьнікі – прызёры алімпіяд па англійскай мове, гісторыі і геаграфіі.

Добры вынік на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове паказаў вучань гімназіі № 1 Кірыл ЮШКЕВІЧ. Юнак узнагароджаны дыпломам II ступені.

Любоў да англійскай мовы зарадзілася ў Кірыла практычна адразу, як гэты прадмет з'явіўся ў школьнай праграме. Юнак вельмі захапіўся новымі замежнымі словамі, іх цікавым гучаннем. Па словах Кірыла, мова яму не толькі падабаецца, але і лёгка даецца. Можна сказаць, яна для вучня свайго роду хобі, занятак для душы і самаразвіцця.

– Я люблю чытаць кнігі ў арыгінале, глядзець фільмы на англійскай мове. У жыцці нават стараюся думаць на гэтай мове, бо лічу, што гэта дапаможа хутчэй авалодаць ёю. Бываюць выпадкі, калі я нават забываюся, як якая-небудзь рэч будзе гучаць паруску, – расказвае Кірыл. – Сакрэт майго поспеху ў тым, што я праводзіў за вучобай вельмі шмат часу. Я чытаў кнігі, усе падручнікі, якія ёсць, паступова развіваючы навыкі. Рабіў усё, нават самыя простыя практыкаванні, каб і вывучыць, і замацаваць веды. Акрамя таго, у мяне вельмі кампетэнтны настаўнік Ірына Лазоўская, якая давала рэкамендацыі і правярала мяне. Яна вельмі адкрыты і цікавы чалавек, легка наладжвае з вучнямі кантакт. Ірына Рыгораўна ў падрыхтоўцы заўсёды выкарастоўвала вельмі цікавыя падыходы і шмат часу адводзіла аўдзіраванню.

Як адзначае Кірыл, складана падлічыць, колькі канкрэтна часу заняла падрыхтоўка – практычна ўвесь вольны час. Канешне, вялікую ролю адыгрываюць эмоцыі, хваляванне. Сёлета, па словах Кірыла, ён хваляваўся нават на школьнай алімпіядзе. Але дабаўляе, што абласны этап у гэтым годзе быў даволі лёгкі.

– Я быў упэўнены ў сабе і ў сваіх ведах. Да таго ж у гэтым годзе было толькі 6 граматычных заданняў, а ў мінулым 10. Вельмі спрасціла задачу і тое, што не было фанетыкі. Не люблю я яе, – расказвае юнак. – На абласным туры я пазнаёміўся з аднадумцамі. Мы маглі часамі размаўляць адзін з адным на англійскай мове і дзяліцца ведамі.

Сваю будучыню Кірыл хоча звязаць з англійскай мовай. Таму паступаць плануе ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт або ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Засталося шмат станоўчых эмоцый пасля абласнога этапу алімпіяды і ў другога вучня гімназіі № 1 Ягора ЯВАРЦА, які заняў 3 месца па гісторыі.

Ягор мэтанакіраваны, начытаны, мае глыбокія і ўсебаковыя веды па гісторыі, захапляцца якой юнак пачаў з самага дзяцінства. Вучань ведае школьную праграму па гэтым прадмеце дасканала, чытае вельмі шмат дадатковай літаратуры. Вялікую ролю ў працэсе вывучэння гісторыі адыграла настаўніца Алена Саракапыт – дасведчаны, вопытны педагог, якая дапамагала вучню падрыхтавацца да алімпіяды.

– Для поспеху важна спалучэнне работы з настаўнікам і самастойнага вывучэння матэрыялу. Трэба паставіць перад сабой мэту – і поспех у тваіх руках, – упэўнены Ягор. – Не люблю расцягваць работу надоўга: лепш патраціць на заняткі меньш часу, але выкладвацца на іх па поўнай. Я ўжо разумею, што нельга расслабляцца, калі атрымаў добры вынік адзін раз.

Па словах юнака, заданні на абласным этапе былі складаныя, але цікавыя. Напрыклад, каб выканаць некаторыя з іх, трэба было добра ведаць карціны, якіх у падручніках няма. Таксама ў выкананні некаторых заданняў Ягора не раз выручала ўважлівасць. Рыхтуючыся толькі па школьнай праграме, адзначае алімпіяднік, можна зрабіць не больш за 60 працэнтаў заданняў.

– Мне вельмі спадабаўся трэці тур алімпіяды: у ім было больш заданняў на «падумаць», чым на веданне канкрэтных гістарычных фактаў. Прыйшлося выкарыстаць не толькі веды, але і аналітычныя навыкі – гэта даволі цікава, – падзяліўся суразмоўца. – І ў цэлым мне вельмі спадабалася, як усё было арганізавана. І кампанія была добрая: усе ўдзельнікі эрудыраваныя, нашы інтарэсы былі аднолькавыя. Мы з карысцю правялі час, часта абмяркоўвалі розныя тэмы і нават крыху спрачаліся.

Каб яшчэ больш удасканаліць свае веды, у вольны час юнак глядзіць гістарычныя фільмы, вывучае мастацтва, чытае іншую літаратуру. Ягор – інтэлігентны, разумны, разважлівы, адказны і адначасова сціплы юнак. Няхай яму пашчасціць з паступленнем.

З выбарам прафесіі вучань яшчэ канчаткова не вызначыўся. Але дакладна ведае, што гісторыя яму спатрэбіцца.

Ян ХАРЫТАНОВІЧ, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 7, уладальнік граматы па англійскай мове:

– Я выбраў гэты прадмет, калі можна так сказаць, спантанна. Спачатку я хадзіў на дадатковыя заняткі па англійскай мове, але яўнай цікавасці не праяўляў. Тое, што англійская мова – гэта мой канёк, стала відаць толькі з часам. І я вырашыў развівацца ў гэтым накірунку. У першую чаргу раўняюся на свайго педагога Святлану Саракапыт. Яна накіроўвае мяне: указвае на мае недахопы, слабыя бакі, дае дадатковую літаратуру, тлума чыць заданні па граматыцы... Падтрымліваць веданне мовы мне дапамагаюць сацыяльныя сеткі, прагляд фільмаў і чытанне кніг на мове арыгінала. Падрыхтоўка да абласной алімпіяды працягвалася ўсю другую чвэрць. А каб яна была больш эфектыўнай, я займаўся дадаткова, наведваў факультатывы. І сёння магу сказаць: гэтыя два месяцы не прайшлі дарма. Я нядрэнна падрыхтаваўся. Абласная алімпіяда моцна адрознівалася ад раённай. Усё было больш строга і ўрачыста. Але, што цікава, я зусім не перажываў. Алімпіяда – гэта не толькі інтэлектуальнае спаборніцтва, гэта і сяброўскія зносіны. Я адчуваў сябе адной камандай са сваімі канкурэнтамі, мы ўсе адзін аднаго падтрымлівалі. Алімпіяда матывуе, натхняе, але гэта не прычына расслабляцца. У наступным годзе я зноў паспрабую свае сілы на алімпіядзе па англійскай мове. Мяне вельмі прыцягвае гэтая сфера. Наконт будучай прафесіі ў мяне пакуль няма ўяўлення, але затое амаль вызначыўся з ВНУ: вельмі хачу паступіць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і вывучыцца на сінхроннага або пісьмовага перакладчыка.

Максім ЛАХАЧ, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 3, атрымаў грамату па геаграфіі:

– У 6 класе ў маім жыцці з'явіўся цікавы і займальны прадмет – геаграфія. Гэта дзіўная навука, вывучаючы якую пастаянна даведваешся нешта цікавае, захапіла мяне цалкам. Бясспрэчным арыенцірам для мяне ў гэтай сферы з’яўляецца мой настаўнік Аляксандр Алесіёнак, які і рыхтаваў мяне да алімпіяды. Тыя веды, якія ён дае, мне самому атры маць было б проста немагчыма. Таксама мяне вельмі маты вуюць былыя вучні нашай школы, якія звязалі сваё жыццё з геаграфіяй. Яны часта прыходзяць у школу і расказваюць, як цікава вучыцца ў ВНУ. Я наведваю дадатковыя заняткі па геаграфіі з 6 класа і аддаю вельмі шмат свабоднага часу вывучэнню гэтага прадмета: чытаю, вучу тэрміны, раблю заданні. У падрыхтоўцы дапамагалі падручнікі – не толькі школьныя, а яшчэ і ВНУ, якія больш глыбока даюць інфармацыю і больш канкрэтныя факты. Чытаў артыкулы навукоўцаў, шукаў у інтэрнэце інфармацыю па пэўных пытаннях, рабіў канспекты, каб лепш усё запомніць. Сёлета я ўпершыню прайшоў на абласны этап. І, вядома ж, хваляваўся і быў няўпэўнены ў сабе. Разумеў, што тут узровень вышэйшы, моцныя сапернікі, заданні больш складаныя, а значыць і перамога будзе давацца цяжэй. З упэўненасцю магу сказаць, што абласны этап даволі складаны. Было шмат пытанняў, якія знаходзяцца па-за рамкамі школьнай праграмы. Будучае жыццё я хачу звязаць з геаграфіяй. Пасля 11 класа планую паступаць у БДУ на геаграфічны факультэт.

Цімафей САВАСЦЮК, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 4, вярнуўся з граматай па гісторыі:

– Гісторыю выбраў таму, што гэта вельмі цікавы і важны прадмет для любога чалавека. Яна развівае нацыянальную свядомасць і сваімі прыкладамі дапамагае не дапусціць паўтарэння памылак мінулага. Вядома, падрыхтоўка да алімпіяды займала шмат часу. Амаль кожны дзень з пачатку снежня і да самой алімпіяды ў мяне былі шматгадзінныя заняткі. Часта сустрэцца з сябрамі або пасядзець за камп’ютарам не было калі. Я вельмі ўдзячны свайму трэнеру Юрыю Карабухіну, які заўсёды быў побач і знаходзіў словы падтрымкі. Думаю, што такім вынікам я абавязаны менавіта яму. На вобласці, безумоўна, было хваляванне, асабліва раніцай перад самой алімпіядай і перад апавяшчэннем вынікаў. На мой погляд, абласная алімпіяда моцна адрознівалася ад раённай. Яна праходзіла ў 2 этапы, заданні былі складанымі, а таксама трэба было быць 4 дні ў Гродне. Для мяне гэта быў свайго роду выхад з зоны камфорту. У наступным годзе я таксама планую рыхтавацца да алімпіяды па гісторыі. Буду зноў імкнуцца да высокага выніку. Зараз я задумваюся аб тым, каб звязаць сваё жыццё з гісторыяй. І лічу, што веданне гэтага прадмета важнае ва ўсіх сферах жыцця. Я мару паступіць на гістарычны факультэт БДУ. Буду даследаваць гісторыю або выкладаць, яшчэ не вырашыў, думаю, вызначуся з гэтым ва ўніверсітэце.

К. ВАЛЬШОНАК, «НЖ».