Общество

“Паклон сялу і людзям, якія ў ім жывуць”. Свята вёскі адбылося ў Гнесічах

“Паклон сялу і людзям, якія ў ім жывуць”. Свята вёскі адбылося ў Гнесічах

27 августа 2019 2812
Свята вёскі – заўсёды асаблівая падзея для яе жыхароў. Гэты дзень чакаюць з нецярпеннем. Суботні дзень 24 жніўня ў вёсцы Гнесічы быў незвычайным – з музыкай, песнямі, віншаваннямі, духмянымі пірагамі і выпечкай, вясёлымі дзіцячымі галасамі, сустрэчамі старых сяброў, радаснымі тварамі мясцовых жыхароў, якія сабраліся на свята вёскі.

А пачалося свята з абходу двароў. Сваёй самабытнасцю, харызмай, адметным убранствам кожны двор сустракаў прадстаўнікоў Шчорсаўскага сельскага выканаўчага камітэта, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Шчорсаўскага сельскага Дома культуры. А затым свята прадоўжылася на імправізаванай пляцоўцы на беразе Нёмана. Са святам жыхароў вёскі павіншаваў старшыня Шчорсаўскага сельвыканкама Алег Міхайлавіч Марушка. Ён пажадаў усім дабрабыту, росквіту і добрага адпачынку.

У гэты дзень шмат было сказана пра гісторыю вёскі. Як аказалася, у гэтым годзе Гнесічам споўнілася 460 гадоў. Хтосьці ўжо ведаў гісторыю сваёй вёскі, а хтосьці пачуў яе ўпершыню, але слухалі ўсе без выключэння з вялікай цікавасцю і ўвагай.

Традыцыйным на святах вёсак з’яўляецца ўшанаванне яе жыхароў. Не абышлося без гэтага і на нашым мерапрыемстве. Лепшыя з лепшых ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі памятныя падарункі. Гэта  ветэраны працы, у адрас якіх было сказана  шмат добрых і шчырых слоў: Ірына Яцэкаўна Лазарэвіч, Валянціна Яўгеньеўна Вілімовіч, Ганна Уладзіміраўна Шарэйка, Надея Кляменцеўна Жарыч, Васіль Мікалаевіч Емельяновіч, Аляксандр Міхайлавіч Амельяновіч, Аляксандра Андрэеўна Анісім. На свяце ўшанавалі лепшых працаўнікоў гаспадаркі – Ганну Васільеўну Вілімовіч, Галіну Уладзіміраўну Паляшук, Кірыла Яўгеньевіча Белавусава, Леаніда Георгіевіча Казец.



Цёплыя словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні на свяце прымалі старэйшыя жыхары вёскі Ганна Адольфаўна Яцукевіч, якой 15 ліпеня споўнілася 100 год і Ганна Аляксандраўна Емельяновіч, якая адзначыла ў гэтым годзе сваё 95 годдзе. Гучнымі апладысментамі сустракалі вяскоўцы мужа і жонку Наталлю Мікалаеўну і Аляксандра Мікалаевіча Калала, якія 45 гадоў пражылі ў каханні і згодзе і менавіта 24 жніўня святкавалі сваё сапфіравае вяселле.  Не забыліся маладых бацькоў Дзяніса Віктаравіча Захарава і Валерыю Валер’еўну Захарчанка, у якіх у 2018 годзе нарадзілася дачушка Лізавета.  Асаблівыя словы падзякі былі выказаны шматдзетным і апякунскім сем’ям Несцярэнка і Садавых.

Моцнага здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця вядучыя пажадалі і юбілярам – Веры Карпееўне Калала, Марыі Аляксандраўне Вілімовіч, Алене Васільеўне Казец. Ну і, вядома ж, даніна павагі і ўдзячнасці была аддадзена работнікам сферы абслугоўвання – прадаўцу Наталлі Уладзіміраўне Ламака і Ніне Паўлаўне Бузук, якая працавала шмат гадоў цырульнікам. 

На свяце падвялі вынікі конкурсу на лепшы падворак. За дом узорнага парадку адзначана Любоў Анатольеўна Глябовіч. Прыгожым квятніком здзівіла пры абходзе двароў Людміла Пятроўна Вілімовіч. Смачнай выпечкай парадавалі членаў камісіі Наталля Віктараўна Сокал і Таісія Мікалаеўна Навіцкая. А які духмяны каравай атрымаўся ў Любові Анатольеўны Глябовіч.

alt alt alt alt alt alt alt alt

Святочны настрой на свяце дарылі жыхарам вёскі таленавітыя ўдзельнікі калектыву аматарскай творчасці Шчорсаўскага сельскага Дома культуры-цэнтра тэатральнай творчасці. Гледачам вельмі спадабаліся выступленні артыстаў, ну а пацверджанне таму – бурныя і працяглыя апладысменты.

Свята ўдалося! У прыўзнятым настроі разыходзіліся вяскоўцы, абмяркоўваючы яркія моманты.

 

 

Г.Л. Міранцова,

дырэктар Шчорсаўскага СДК-ЦТТ