Общество

Клопат пра нерухомасць давяраюць прафесіяналам

Клопат пра нерухомасць давяраюць прафесіяналам

21 февраля 2022 1278

21 лютага сваё прафесійнае свята адзначаюць геадэзісты, картографы, тапографы і землеўпарадчыкі Беларусі. Гэты дзень па-святочнаму асаблівы і для калектыву Навагрудскага філіяла РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры». Калектыў філіяла на працягу многіх гадоў забяспечвае паспяховае кіраванне зямельнымі рэсурсамі, належныя ўмовы для развіцця ўсіх форм маёмасці, даступнасць і высокую якасць паслуг па афармленні правоў на маёмасць і ацэнцы аб’ектаў грамадзянскіх правоў.

Адным спатрэбілася ацэнка нерухомасці ці яе рэгістрацыя, другім афармленне тэхнічнага пашпарта на капітальную пабудову – кожны з нас хоць бы аднойчы звяртаўся да спецыялістаў агенцтва за паслугамі. У мінулым годзе Навагрудскі філіял РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» змяніў месца «прапіскі». Зараз ён размяшчаецца ў сучасным прасторным будынку, добра тэхнічна абсталяваным, з прадуманай планіроўкай, дзе ўсё створана для зручнасці наведвальнікаў і супрацоўнікаў.

– Сімвалічна, што адкрыццё абноўленага будынка адбылося напярэдадні Дня народнага адзінства, – расказвае пра дзейнасць Навагрудскага філіяла яго начальнік Таццяна Лежань. – Мы працуем з нерухомасцю, і для нас важна не толькі весці ўлік аб’ектаў, але і садзейнічаць захаванню старажытных збудаванняў. Таму з асаблівай адказнасцю мы падышлі да рэканструкцыі будынка і пастараліся аднавіць яго ранейшы знешні выгляд, стварыўшы камфортныя і сучасныя ўмовы для нашых наведвальнікаў. У філіял звяртаюцца не толькі навагрудчане, але і жыхары іншых рэгіёнаў і нават краін. Для зручнасці кліентаў працуе электронная чарга, інфармацыйны кіёск з зонай свабоднага Wi-Fi, дзе ўтрымліваецца актуальная інфармацыя. А каб напоўніць будынак філіяла гісторыяй, створана карта гістарычных аб’ектаў Навагрудчыны, а зону для наведвальнікаў упрыгожвае мазаіка, дзе адлюстраваны памятныя мясціны горада.

Навагрудскі філіял – гэта шматфункцыянальны сучасны цэнтр, які забяспечвае адзіны працэс вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастра і ацэнкі нерухомай маёмасці, праводзіць яе дзяржаўную рэгістрацыю. Тут можна атрымаць звесткі і дакументы з дзяржаўнага зямельнага кадастра і адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, даведкі аб кадастравым кошце зямельных участкаў, аформіць засведчанне і рэгістрацыю дагавораў куплі-продажу аб’ектаў. Наведвальнікаў сустракаюць ветлівыя і прафесійныя супрацоўнікі, сучасны інтэр'ер, прыгожыя і зручныя памяшканні.

– Звярнуўшыся ў філіял, кліент можа атрымаць увесь комплекс паслуг: ад замера зямельных участкаў да рэгістрацыі правоў на нерухомасць, – адзначыла Таццяна Дзмітрыеўна. – Да таго ж высокая кваліфікацыя нашых спецыялістаў, вялікі вопыт выканання рознага віду работ дазваляюць філіялу экспарціраваць свае паслугі ў іншыя раёны. Абслугоўваем мы Карэліцкі і Навагрудскі раён, але працуем па ўсёй вобласці. За 2021 год нашым філіялам заключана 605 дагавораў з юрыдычнымі асобамі, 2312 фізічных асоб звярнулася за ажыццяўленнем тэхнічнай інвентарызацыі маёмасці.

Калектыў Навагрудскага філіяла працуе адказна і вынікова, асвойваючы новыя тэхналогіі, укараняючы сучаснае абсталяванне. Сёння супрацоўнікі маюць магчымасць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці самыя сучасныя тэхналогіі. Усё гэта спрашчае работу, аднак патрабуе ад спецыялістаў пастаяннага развіцця і самаўдасканалення.

– Наш калектыў – гэта мэтанакіраваныя, граматныя і дастойныя людзі. Кожны адносіцца да сваіх абавязкаў сумленна, прафесійна і з высокай адказнасцю. Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць ветэранаў прадпрыемства і ўсіх работнікаў філіяла, пажадаць моцнага здароўя, поспехаў у рабоце і сямейнага дабрабыту, – сказала Таццяна Лежань.


Алена Пятрова, «НЖ»