Экономика

На тэрыторыі Навагрудскай бальніцы ўстанавілі малую сонечную станцыю

На тэрыторыі Навагрудскай бальніцы ўстанавілі малую сонечную станцыю

28 мая 2020 2658

Дзякуючы міжнароднаму праекту «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі», у горадзе быў рэалізаваны шэраг энергаэфектыўных ініцыятыў, якія спрыяюць паляпшэнню экалогіі і энергазберажэнню. Сёлета праект завяршае сваю работу, і хацелася б падрабязней расказаць чытачам аб яго выніках для нашага раёна.

Сумесны праект Еўрапейскага Саюза і Навагрудскага райвыканкама на агульную суму каля 600 тыс. еўра стартаваў у 2015 го­дзе. Праект прадугледжваў пабудову цеплавых калектараў, якія забяспечаць раддом, хірургічнае і рэанімацыйнае аддзяленні на круглы год гарачай вадой. Дзякуючы эканоміі, якая ўтварылася пры рэалізацыі першай чаргі пілотнага праекта, па прапанове менеджара праекта Уладзіміра Кузьміча і пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама ўдалося рэалізаваць другі этап – пабудаваць малую сонечную электрастанцыю.

У гэтым месяцы на тэрыторыі ЦРБ вырас  новы аб’ект – малая сонечная станцыя магутнасцю 45 кВт на аснове крамянёвых панэлей. Акрамя таго, усе, хто жыве ў нашым горадзе і раёне, а таксама госці старадаўняй сталіцы ВКЛ, могуць на свае вочы пабачыць сучасныя тэхнічныя пабудовы на тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы: 40 цеплавых сонечных калектараў на аснове вакуумных трубак з 2 цеплавымі насосамі і 8 бакамі-акумулятарамі для падагрэву вады.

Гэта абсталяванне дазво­ліць Навагрудскай ЦРБ штогод эканоміць 6071 еўра і размеркаваць зэканомленыя сродкі на паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання. У межах дзейнасці праекта распрацавана 7 тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў для патэнцыяльных інвестараў па розных напрамках аднаўляльнай энергетыкі.

Істотны складнік у дзейнасці праекта належыць і адукацыйнай рабоце. На базе аграрнага кале­джа быў створаны вучэбна-­кансультацыйны цэнтр. Для яго закуплена абсталяванне, трэнажоры, мэбля, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Цэнтр правёў шэраг заняткаў для навучэнцаў каледжа і школьнікаў з дэманстрацыяй магчымасцей электрычнай і цеплавой энергіі, вады. У межах дзейнасці праекта ў 2018 годзе на базе аграрнага каледжа для навучэнцаў адкрылася новая спецыяльнасць – ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, што дазволіць рыхтаваць спецыялістаў у галіне экалогіі і аднаўляльнай энергетыкі. Для вучэбна-практычных заняткаў на базе аграрнага каледжа рэалізаваны 3 малыя пілотныя праекты, у выніку якіх адукацыйная ўстанова атрымала ветраўстаноўку магутнасцю 2,8 кВт, панэль з цеплавымі сонечнымі калектарамі і 3 крамянёвыя панэлі.


Шырокая адукацыйная работа была арганізавана ў кале­д­жах,  школах і дзіцячых садках як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці, праведзены шэраг выступленняў і сустрэч. Для дзяцей і падлеткаў выдадзена экалагічная казка  Міхася Зізюка «Энерджы і дзеці з 5 «А» на тэмы экалогіі, энергазберажэння і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Трэба адзначыць, што дзейнасць праекта была заўважана і на еўрапейскім узроўні. У мінулым годзе праект – адзіны з усіх беларускіх праектаў – выйшаў у фінал прэстыжнага еўрапейскага конкурсу і трапіў у лік шасці фіналістаў на атрыманне ўзнагароды ЕС у вобласці  ўстойлівай энергетыкі для краін «Усходняга партнёрства».

Рэалізацыя дадзенага праекта надала магутны штуршок для росту патэнцыялу і развіцця ініцыятыў мясцовых улад, насельніцтва і бізнесу ў сферы «зялёнай» эканомікі. Навагрудчына зрабіла важкі ўнёсак у экалогію і эканомію прыродных рэсурсаў, паказала сябе рэгіёнам са спрыяльным інвестыцыйным кліматам. Дзякуючы чаму, сёння ў раёне рэалізуецца чарговы сумесны з ЕС экалагічны праект у сферы перапрацоўкі палімераў і раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў.

Міхась Зізюк,
удзельнік праекта