Наталля Жышко: «Салідарнасць, згуртаванасць, узаемадапамога, яднанне жыхароў краіны дзеля агульнай мэты – вось што прывядзе Беларусь да росквіту»

Наталля Жышко: «Салідарнасць, згуртаванасць, узаемадапамога, яднанне жыхароў краіны дзеля агульнай мэты – вось што прывядзе Беларусь да росквіту»

Наталля Жышко: «Салідарнасць, згуртаванасць, узаемадапамога, яднанне жыхароў краіны дзеля агульнай мэты – вось што прывядзе Беларусь да росквіту»

10 Февраля 2021 505

Усебеларускі народны сход, як і кожная знакавая падзея нацыянальнага маштабу, гэта магчымасць кінуць позірк у недалёкае мінулае, зрабіць пэўныя параўнанні і высновы. Аб значнасці народнага форуму, падрыхтоўцы да яго ў нашым раёне і галоўнай павестцы сходу наша размова з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталляй Жышко.


– Тэматыка форумаў кожны раз новая, яна закранае ўсе слаі насельніцтва, на ваш погляд, на што будзе зроблены акцэнт у 2021 годзе?

– Формы народаўладдзя ў выглядзе з’ездаў, сходаў уяўляюць сабой абмеркаванне пытанняў прадстаўнікамі ўсіх рэгіёнаў краіны, працаўнікамі розных галін, членамі шырокага кола партый і грамадскіх аб’яднанняў. І ў бягучым годзе на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўлены інтарэсы і праблемы ўсіх слаёў насельніцтва. Фармат сходу, як бы яго ні крытыкавалі, добра зарэкамендаваў сябе. На Усебеларускім народным сходзе збіраюцца людзі, каб вырашыць сацыяльныя, эканамічныя і іншыя праблемы, важныя для ўсёй дзяржавы і для кожнага асобна ўзятага чалавека.

На ўсіх сходах у абавязковым парадку прымалася Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяць гадоў.

Яшчэ адзін значны момант – 2021 г. аб’яўлены Годам народнага адзінства. На маю думку, з гэтага вынікае некалькі важных складнікаў: год пачынаецца з найважнейшай падзеі – Усебеларускага народнага сходу, у 2021 годзе мы будзем успамінаць 80-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны – страшнага гора, якое напаткала наш народ і аб’яднала ў цяжкі час.


Патрыятызм выступаў і выступае галоўным аб’ядноўваючым фактарам, які дапамагае народу пераадолець нягоды, выстаяць у складаныя перыяды гісторыі. Наўрад ці можа лічыцца цывілізаваным грамадства, калі яго грамадзяне не будуць адчуваць патрэбы ўзбагаціць і прымножыць гістарычную спадчыну, беражліва ставіцца да сваёй Айчыны, культурных і гістарычных каштоўнасцей. Таму тэма народнага адзінства вельмі трапная.

Далейшае развіццё будзе мець дзяржаўная маладзёжная палітыка. Відавочна, што ўжо нямала зроблена ў гэтым накірунку, але трэба шукаць нейкія новыя пункты росту, каб рухацца далей.

– Як у нашым раёне была арганізавана работа па падрыхтоўцы прапаноў да абмеркавання на народным форуме?

– Усебеларускі народны сход – важная для краіны падзея і не толькі сама па сабе. Выключна важная яшчэ і тая работа, якая вядзецца як бы «за кадрам», на падыходах да форуму. Гэта дыялогавыя пляцоўкі, работа грамадскіх прыёмных, збор меркаванняў і прапаноў ад прадстаўнікоў самых розных сфер па пытаннях далейшага развіцця краіны, уключаючы эканоміку, грамадска-палітычнае ўладкаванне. У гэтым ключ да поспеху ўсяго сходу, які на самым высокім узроўні падвядзе вынікі папярэдняй працяглай работы ў гэтым кірунку, выпрацуе і замацуе актуальныя для краіны рашэнні і арыенціры. Людзі ўскладаюць вялікія надзеі на дэмакратычны фармат агульнанацыянальнага дыялогу.

Так, з снежня 2020 года і па сённяшні дзень у раёне праведзена 9 дыялогавых пляцовак. Ад удзельнікаў паступіла вялікая колькасць прапаноў, якія ахопліваюць асноўныя бакі жыцця грамадства. Меркаванні навагрудчан знайшлі сваё адлюстраванне ў ліку тых ініцыятыў, якія былі накіраваны ў рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага народнага сходу.


Людзей нашага рэгіёну хвалююць пытанні будаўніцтва жылля для маладых сямей, патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў, дарожны падатак і магчымасці зняць з уліку аутамабіль, работа органаў мясцовага кіравання і надання сельскім выканаўчым камітэтам большых паўнамоцтваў. Напрыклад, часта гучыць пытанне выдзялення ўчасткаў пад забудову ў сельскай мясцовасці. Гэта дазволіць развіваць вёску, папаўняць кадры ў сельскай гаспадарцы, прытармазіць працэс закрыцця школ. Узнімаюцца пытанні даступнага крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу і падтрымкі прадпрымальніцтва. Не сакрэт, што пандэмія ўдарыла па турыстычнай сферы і аграсядзібах – гэта таксама важны вектар развіцця эканомікі краіны і нашага рэгіёну, які мае вялікі патэнцыял у гэтым накірунку. Удзяляюць жыхары ўвагу рамонту і будаўніцтву дарог мясцовага значэння. У прыярытэце і захаванне традыцый шчаслівай сям’і – таму сямейны капітал і сацыяльная інфраструктура таксама вельмі важны складнік развіцця. Людзей хвалюе, якія крокі будуць зроблены ў гэтым накірунку.

Значная роля пры падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу была адведзена і рабоце ў грамадскіх прыёмных РА ГА «Белая Русь» і раённага аб’яднання прафсаюзаў, акія ўжо арганізавалі 13 сустрэч. Работа ў грамадскіх прыёмных дазваляе вывучаць і фарміраваць грамадскае меркаванне па надзённых пытаннях. Гэта месца стала яшчэ адной пляцоўкай для дыскусій, рашэння праблем, абмеркавання перспектыў развіцця рэгіёну.

– Як вы лічыце, якую ролю ў жыцці грамадства, асабліва калі ўлічваць апошнія падзеі, адыгрывае Усебеларускі народны сход? 

– Гэты форум ў гісторыі суверэннай, незалежнай Беларусі ўжо зарэкамендаваў сябе як эфектыўны інстытут народаўладдзя. У 1996 годзе I Усебеларускі народны сход дапамог кансалідаваць грамадства нашай краіны, пераадолець палітычныя супярэчнасці і эканамічныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася наша краіна пасля распаду СССР. І кожны наступны народны форум вырашаў многія праблемныя пытанні і выклікі, з якімі сутыкалася Беларусь. Так, у 2001 годзе народны сход прыняў сучасную беларускую мадэль развіцця пасля цяжкага эканамічнага крызісу ў 1990-я гады.


У цэнтры ўвагі наступных форумаў былі задачы, якія садзейнічалі стварэнню сацыяльна-арыентаванай эканомікі: выпрацаваны механізмы аказання дзяржпадтрымкі шматдзетным і маладым сем’ям у будаўніцтве і набыцці жылля, пачаўся маштабны працэс мадэрнізацыі заводаў, актыўна пачала развівацца ІТ-сфера, медыцына.

У 2016 годзе на форуме быў вызначаны адзін з галоўных прыярытэтаў: мір – самая вялікая каштоўнасць. Беларусы на фоне падзей, якія адбываліся ў гэты час у суседняй Украіне, добра ўсвядоміла, што страціць мір вельмі лёгка, а шлях ад міру да вайны вельмі кароткі.

Калі задумацца, то па сваім ідэалагічным напаўненні Усебеларускі народны сход сыходзіць каранямі ў далёкае мінулае, калі нашы продкі тысячу гадоў таму збіраліся ў гарадах на народнае веча і вырашалі надзённыя на той момант праблемы.

Сёння мы павінны аб’яднаць намаганні, каб вызначыць будучыню нашай краіны. Упэўнена, што толькі шляхам канструктыўнага дыялогу, заснаванага на інтарэсах далейшага стваральнага развіцця Беларусі, можна прынесці карысць грамадству і дзяржаве.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота «НЖ» і БелТА