Мясцовы некамерцыйны культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы» працягвае сваю дзейнасць па захаванні аднаго з самых вядомых і знакавых месц Навагрудчыны – сядзібы Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы. Правядзенне летнікаў, суботнікаў, культурна-масавых мерапрыемстваў – усё накіравана на тое, каб надаць гісторыка-культурнай каштоўнасці другое дыханне.
Вось ужо ў другі раз у Шчорсах арганізавана работа летняга валанцёрскага лагера. У мінулым годзе студэнты і магістранты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў займаліся ўборкай паркавай тэрыторыі. Сёлета лагер будзе працаваць ужо не ў адну, а ў тры змены і сілы валанцёраў будуць накіраваны на прывядзенне ў парадак «Мураванкі». Летнік пачаў працаваць з 16 ліпеня.
Першымі на Навагрудчыну завіталі студэнты архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сямнаццаць рабят пад кіраўніцтвам старшыні фонду Ганны Булды адразу ўзяліся за справу.
– Нашы валанцёры займаюцца расчысткай «Мураванкі» – комплексу гаспадарчых пабудоў сядзібы Храптовічаў, які знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад былога палацава-сядзібнага комплексу, – расказвае Г. Булда. – Тэрыторыя вялікая, зарослая кустамі і травой, таму работы ў нас шмат. Працуюць не толькі валанцёры. Добраахвотнікамі вызваліся супрацоўнікі кампаніі IHS Markit з Мінска. Дапамагаюць нам таксама сезонныя рабочыя Шчорсаўскага сельвыканкама і Навагрудскага лясгаса. Вельмі старанна працуюць нашы валанцёры. Дзень за днём, крок за крокам мы прыводзім у парадак тэрыторыю «Мураванкі».
Рабяты працуюць па шэсць гадзін на дзень. Увечары – культурная праграма. Сапраўды, каб добра працаваць, трэба і добра адпачываць. Ганна стараецца, каб вольны час валанцёраў быў цікавым, разнастайным і карысным. Так, 18 ліпеня адбыўся канцэрт аўтара і выканаўцы песень Юліі Міцько. Калі дазваляе надвор’е, працуе летні вулічны кінатэатр. Да слова, наведаць яго можа кожны жадаючы ў сераду, пятніцу і суботу. Пачатак сеанса ў 21.00.
Максім КАРПІШЫН:
– Я не першы раз удзельнічаю ў валанцёрскім летніку на Навагрудчыне – у мінулым годзе быў у складзе атрада, які працаваў у Любчанскім замку. Спадабалася, таму вырашыў працягваць займацца валанцёрствам. У Шчорсах работа зусім іншая, але не менш важная. Мне вельмі падабаецца займацца справай, якая прыносіць карысць грамадству. Акрамя таго, люблю працаваць на прыродзе, бываць у прыгожых мясцінах беларускіх глыбінак, асабліва на Гродзеншчыне. Тут столькі знакавых з гістарычнага і культурнага пункту гледжання месц, у тым ліку і на Навагрудчыне. Добра, што ёсць такія неабыякавыя людзі, як Іван Пячынскі і Ганна Булда, якія займаюцца такой важнай справай – захаваннем і аднаўленнем гістратычнай спадчыны нашай краіны.
– Мы толькі ў пачатку свайго шляху і пакуль не маем рэсурсаў для правядзення адпаведных работ па рэстаўрацыі рэшткаў будынкаў. Але і навядзенне парадку – вельмі патрэбны этап, – гаворыць Г. Булда. – Аднак калі навагрудчане не ўсвядомяць, што захаванне сядзібы Храптовічаў – гэта наша агульная місія і не стануць актыўнымі ўдзельнікамі спраў фонду, то ўся наша работа будзе дарэмнай. Мы спадзяёмся на далучэнне мясцовых жыхароў і ўсіх неабыякавых людзей да дзейнасці фонду па сваіх сілах і магчымасцях. Запрашаем усіх да супрацоўніцтва. Усю неабходную інфармацыю можна атрымаць на нашым афіцыйным сайце chreptowicz.com.
Анастасія Зайко, «НЖ»
Варта пачытаць:
Фонд «Любчанскі замак» арганізаваў правядзенне летніка «Любча над Нёманам»