У вёсцы Несутычы адкрылі і асвяцілі адноўленую капліцу Святога Крыжа

У вёсцы Несутычы адкрылі і асвяцілі адноўленую капліцу Святога Крыжа

У вёсцы Несутычы адкрылі і асвяцілі адноўленую капліцу Святога Крыжа

17 сентября 2023 444

Напярэдадні Дня народнага адзінства, 16 верасня, у вёсцы Несутычы ўрачыста адкрылі і асвяцілі капліцу Святога Крыжа. Абрад здзейсніў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, фундатары, вернікі, мясцовыя жыхары і шматлікія госці. Набажэнства ўпрыгожыў спевамі дыяцэзіяльны хор «Cantate Domino» з Гродна.


Вёска Несутычы заўсёды жыла сваім асобным, непаўторным жыццём. Трапляеш сюды – і нібыта па-за часам застаюцца гарадская мітусня, штодзённыя клопаты. Вось і ў цудоўны вераснёўскі дзень давялося завітаць сюды на свята з нагоды адкрыцця і асвячэння капліцы.


Напачатку іерарх біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы на старадаўнім месцы культу, дзе людзі з даўніх часоў збіраліся на сумесную малітву. Затым была асвечана капліца Святога Крыжа.


– Тут, у Несутычах, з’явілася сапраўдная «жамчужынка», якая ўпрыгожвае не толькі гэты населены пункт, але ў ва ўсёй нашай краіне з’явілася «жамчужынка» архітэктуры. А яшчэ гэта і кропелька духоўнасці, якая адчыніла свае дзверы пасля аднаўлення. У капліцы мы бачым Крыж Езуса Хрыста. Падышоўшы да яго, кожны вернік, не толькі католік, але праваслаўны, прадстаўнік іншага веравызнання зможа ўзнесці да Бога малітву, якая прынясе свой плён, якая зробіць нас лепшымі, дапаможа Богу дакрануцца да нашага сэрца, – адзначыў у прывітальным слове біскуп Юрый Касабуцкі. – Гэта нагода падзякаваць Богу за дар, благаслаўленне сумеснай працы людзей, дзякуючы якім мы маем такую прыгожую капліцу і нагоду сустрэцца разам.



Вітала ўсіх гасцей свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко.


– Глыбока сімвалічна, што адкрыццё адноўленай капліцы праходзіць напярэдадні Дня народнага адзінства. Дзякуючы гэтаму дню ў нашай дзяржаве ў міры і згодзе дзесяцігоддзямі жывуць прадстаўнікі розных канфесій: католікі, праваслаўныя, мусульмане і іўдзеі. Адкрыццё капліцы – пацвярджэнне таго, што пакуль мы адзіныя, незалежныя, наша краіна будзе эканамічна развітая, палітычна моцная, духоўна багатая і культурна шматгранная. І правільна адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі, што калі мы разам, то дзякуючы божаму благаславенню ў нас усё атрымаецца. Ідэйным натхняльнікам аднаўлення капліцы з’яўляецца пробашч парафіі Святога Міхала Архангела ксёндз Юрый Жэгарын. А ажыццявіць гэту ідэю дапамог у большай ступені старшыня СВК «Нягневічы» Юрый Куцко. Усе сумесна, разам: работнікі гаспадаркі вырасцілі і сабралі багаты ўраджай, будаўнікі будавалі, святары маліліся і атрымалася адна вялікая добрая справа. Кожнаму з нас жадаю адзінства думак і дзеянняў, каб усе справы атрымоўваліся. Навагрудчына – такая зямля, якая штогод дае магчымасць дзякаваць Богу за тое, што ў нас атрымоўваецца адкрыццё новых аб’ектаў. Мы памятаем і захоўваем сваю спадчыну. Паважаныя прысутныя, прыміце шчырыя словы віншавання з Днём народнага адзінства, жадаю здзяйснення добрых спраў на карысць Навагрудчыны.


Падчас урачыстага адкрыцця капліцы шмат шчырых слоў падзякі гучала ў адрас старшыні СВК «Нягневічы» Юрыя Куцко, які ў сваім выступленні адзначыў, што менавіта сённяшнія і былыя работнікі СВК «Нягневічы» падтрымалі рашэнне і ўнеслі свой матэрыяльны ўклад у добрую справу. Многія работнікі гаспадаркі пражываюць у гэтым населеным пункце. А таксама Юрый Георгіевіч адзначыў, што дадзены аб’ект не толькі ўпрыгожыць вёску, але і стане данінай павагі роднаму краю ад усіх землякоў.


Словы ўдзячнасці адрасавалі жыхары вёскі Несутычы за аднаўленне святыні на іх малой радзіме. Культурна-рэлігійны аб’ект капліца Святога Крыжа будзе ўключана ў турыстычны маршрут «Святая радасць Беларусі: канфесіянальная Навагрудчына».


Справачна.


На карце Навагрудскага павета канца XVI cт. паселішча Несутычы пазначана як шляхецкі маёнтак. Капліца ад Навагрудскай парафіі згадваецца тут з сярэдзіны XVIII cт.: драўляны, а пазней мураваны будынак стаяў на мясцовых могілках, у алтары было змешчана Укрыжаванне, магчыма, перанесенае сюды з зачыненага касцёла езуітаў у Навагрудку.

У 1850 г. уладальнік Несутычаў і старшыня навагрудскага суда Пётр Абламовіч, згодна з тэстамэнтам свайго брата Адама (1849), «явил желание перестроить каплицу, чтоб было где служить заупокой». Пры гэтым адзначаецца, што капліца ўжо 100 гадоў як існуе і што пабудавалі яе не Абламовічы, а магчыма Францкевічы, ад якіх маёнтак у 1770-я гг. перайшоў да Абламовічаў. Аднак аднавіць месца культу Абламовічам не дазволілі.

З другой паловы XVIII cт. дзейнічала ў Несутычах і прыдарожная каплічка, пабудаваная ў самым цэнтры вёскі, пры скрыжаванні.

Па задумцы стваральнікаў (мясцовых землеўладальнікаў Абламовічаў, пра што сведчыла мемарыяльная чыгунная пліта на алтарным фасадзе, якая не захавалася), сама капліца з’яўлялася быццам бы алтаром святыні пад адкрытым небам, скляпенні якой стваралі кроны дрэваў, высаджаных як калоны касцёла, а ўваход быў пазначаны прыступкамі з бутавага каменя. Капліцу пабудавалі ў стылі барока з цэглы і атынкавалі.

У пасляваенныя гады могілкавая капліца была знішчана, металічны крыж з яе ўмуравалі пры ўваходзе на могілкі, а сапраўдны шэдэўр — велічнае алтарнае Укрыжаванне — вернікі перанеслі ў прыдарожную капліцу і ўмацавалі ў алтарную сцяну.

Мясцовыя жыхары пастаянна павязвалі ручнікі-аброкі на фігуры Езуса, рэшткі іншага Укрыжавання. З 2022 г. распачалося аднаўленне капліцы.

Автор: Ольга Писар, «НЖ»