Крок за крокам Мясцовы некамерцыйны культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы» рухаецца да дасягнення пастаўленых мэт па захаванні гістарычна-культурнай спадчыны і адраджэнні сядзібы Храптовічаў. І сёння вынікі плёнай працы валанцёраў відавочныя. Вельмі важным этапам стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці паміж аддзелам культуры Навагрудскага райвыканкама, Шчорсаўскім сельвыканкамам і фондам «Шчорсы і Храптовічы».
Перад пачаткам любой маштабнай справы знаходзіцца нямала скептыкаў, якія будуць лічыць усё запланаванае марнай тратай часу. Адраджэнне сядзібы Храптовічаў, на першы погляд, таксама здаецца зусім нерэальным. Аднак аб’яднаныя агульнай мэтай мясцовыя ўлады і кіраўніцтва фонду «Шчорсы і Храптовічы» за апошні час вырашылі некалькі вельмі важных пытанняў, а валанцёры і іншыя энтузіясты добра папрацавалі ў «Мураванцы» і парку. Работа не спыняецца і сёння.
– Задача сённяшняга дня – гэта прывядзенне ў парадак «Мураванкі» (былога гаспадарчага двара) і расчыстка паркавай тэрыторыі, – гаворыць кіраўнік фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда. – У парку расце шмат рэдкіх раслін і дрэў, таму праводзіць гэту работу без кансультацыі адпаведных спецыялістаў нельга. Сёлета Навагрудскі райвыканкам заключыў дагавор з інстытутам эксперыментальнай батанікі аб даследаванні парку, і мы ўжо атрымалі папярэднія рэкамендацыі, а ў хуткім часе чакаем пісьмовае заключэнне. Акрамя таго, з валанцёрамі пастаянна працуюць члены Асацыяцыі спецыялістаў ландшафтнай індустрыі Беларусі, з якой фонд наладзіў добрае супрацоўніцтва.
Вынік расчысткі ўжо бачны – тэрыторыя, якая больш нагадвала непраходны лес, паступова становіцца паркам.
– Сёлета добра папрацавалі мы і ў «Мураванцы» – ад зарасніку і хмызняку ачышчана значная тэрыторыя, – расказвае Г. Булда. – Але ўсім зразумела, што касіць такую вялікую плошчу кожны год сіламі людзей будзе вельмі складана і зусім нерацыянальна. Самы аптымальны варыянт – выкарыстанне тэхнікі. Аднак тэрыторыя для гэтага пакуль не прыстасавана. Пасля абмеркавання гэтага пытання са старшынёй райвыканкама Анатоліем Маркевічам, які адраджэнне сядзібы трымае пад уласным кантролем, у бліжэйшы час у «Мураванку» будуць накіраваны адпаведныя спецыялісты, каб да канца восені ліквідаваць праблему з няроўнасцямі тэрыторыі.
– Я вельмі рада, што фонд не проста знайшоў падтрымку мясцовых улад. Мы становімся адной камандай у гэтай важнай для Навагрудчыны і ўсёй краіны справе. І падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве – яркае таму пацвярджэнне, – адзначыла Ганна Булда.
– Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж аддзелам культуры райвыканкама, сельвыканкамам і фондам «Шчорсы і Храптовічы» накіравана на арганізацыю сумесных дзеянняў па аднаўленні ансамбля былога палаца Храптовічаў у Шчорсах і «Мураванкі» шляхам правядзення работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, кансервацыі і рэстаўрацыі пабудоў, аднаўленні прыродна-ландшафтных аб’ектаў, – расказаў старшыня Шчорсаўскага сельвыканкама Алег Марушка. – Непасрэдна сельвыканкам узяў на сябе абавязкі (у межах сваёй кампетэнцыі) па аказанні арганізацыйна-тэхнічнай, адміністрацыйна-прававой, матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі. Таксама прыкладзём усе намаганні для прыцягнення да работы мясцовых арганізацый і жыхароў. Вядома, усе намечаныя планы мы не рэалізуем у кароткія тэрміны – гэта доўгі шматгадовы працэс. Але мы з аптымізмам глядзім у будучыню.
Зараз у Шчорсах працуюць валанцёры трэцяй змены летніка-2018. Усе 17 чалавек – студэнты другога курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Да справы рабяты падышлі сур’ёзна і адказна, метр за метрам прыводзячы паркавую тэрыторыю ў парадак.
– Толькі сумеснымі намаганнямі і ва ўзаемадзеянні можна захаваць нашу спадчыну і адрадзіць сядзібу Храптовічаў, – упэўнена Ганна Булда. – Месца незвычайнае – гістарычна важнае, культурна вызначальнае і вельмі прыгожае. Таму, упэўнена, з часам стане вельмі запатрабаваным не толькі ў беларусаў, але і ў турыстаў з іншых краін свету. Запрашаем усіх да супрацоўніцтва – будзем рады любой дапамозе. Усю неабходную інфармацыю можна атрымаць на нашым афіцыйным сайце chreptowicz.com.
Анастасія Пятрова, «НЖ».
Варта пачытаць:
Фонд «Любчанскі замак» арганізаваў правядзенне летніка «Любча над Нёманам»