Аграэкатурызм. Чарашлянская зямля – сапраўдны рай для аматараў актыўнага адпачынку

Аграэкатурызм. Чарашлянская зямля – сапраўдны рай для аматараў актыўнага адпачынку

Аграэкатурызм. Чарашлянская зямля – сапраўдны рай для аматараў актыўнага адпачынку

14 сентября 2019 5080

У жывапісным мястэчку, што размешчана ў асяроддзі лясоў, лугоў і хваёвага бору, знаходзіцца вёска Чарэшля. У самым цэнтры населенага пункта раскінулася прыгожае возера Чарэшля, а непадалёку яшчэ тры возеры – Пясочнае, Святое і Глухое, маюцца шматлікія затокі, побач працякае рака Пліса і нават блізка ў раку Нёман ўпадае Заходняя Бярэзіна. Вёска Чарэшля – сапраўдны рай для аматараў актыўнага адпачынку. Аблюбавалі гэты куточак Навагрудчыны і рыбакі. У гэтым краі нарадзіўся і вырас гаспадар аграсядзібы «Чарэшля» Міхаіл Анатольевіч Зуевіч.



Міхаіл Анатольевіч – адзін з пачынальнікаў аграэкатурызму на Навагрудчыне. Ужо 10 гадоў як на сваёй аграсядзібе ў чарашлянскім азёрным краі гаспадар прымае гасцей. Зараз сваім месцам адпачынку гэты маляўнічы куток выбіраюць не толькі турысты з Беларусі, Расіі, Польшчы, але і з краін Прыбалтыкі, Германіі, Ізраіля, Францыі, Англіі. У кнізе гасцей сядзібы Чарэшля ёсць запіс акцёра і тэлевядучага Алега Гарбуза, дэлегацый з Ізраіля, турыстаў з Каліфорніі… За гэтыя гады ўжо накоплены ў гаспадара багаты вопыт у арганізацыі адпачынку. Так, па выніках бездакорнай работы ў сферы гасціннасці ў 2017 годзе Міхаіл Анатольевіч Зуевіч атрымаў узнагароду Guest Review Fwards 2017.




– У мінулым годзе адпачывалі госці са Швейцарыі, сёлета адпачываюць беларусы, чакаем гасцей з Польшчы, – расказвае падчас нашай сустрэчы Міхаіл Анатольевіч і праводзіць экскурсію. – Найбольш запатрабаваны ў апошні час у беларусаў, у тым ліку навагрудчан, туры выхаднога дня, катанне на байдарках і веласіпедах. Сама ж аграсядзіба «Чарэшля» прадстаўляе сабой гасцявы домік, які мае пакой з камінам і пакой з рускай печкай ў сельскім доме, дзе могуць размясціцца госці, сенавалам, месцам для паркоўкі і разбіўкі палатачнага лагера. Не так даўно зрабіў яшчэ адзін пакой для адпачынку на другім паверсе, таму коль­касць турыстаў павялічылася. Адразу тут могуць размясціцца ад 7 да 10 чалавек. У мінулым годзе пабудаваў яшчэ і летні домік.



Здзіўляе і адначасова захапляе ўтульны двор, а дакладней – гэта сапраўдны міні-музей! Сабраныя сведчанні мясцовай даўніны служаць добрай памяццю пра продкаў, спрыяюць цікавасці да гістарычнай спадчыны, урэшце, добраму густу. Міхаіл Анатольевіч ахвотна паказвае і расказвае пра рарытэтныя прадметы, бо з кожнай рэччу звязаны нейкі жыццёвы сюжэт.



Тут і разнастайныя вырабы з карчакоў і камянёў, баня, альтанка. У гаражы гаспадар абсталяваў яшчэ адзін спальны пакой. Адпачыць можна на ложку, які зроблены з саней. Тут і сталярныя інструменты знайшлі сваё месца на сценах, музей лапцяў са скуры і лыка. За гаражом маецца лазня з ледзяной купельняй, да слова, у доме маюцца гарачая вада і выгоды. Пры ўсім гэтым гаспадар імкнецца захаваць аўтэнтычнасць: здымкі архітэктурных помнікаў размешчаны на сценах, кросны, абразы з ручнікамі. Самае ж галоўнае – кожнага госця чакае ўважлівае стаўленне гаспадара. Што яшчэ патрэбна для добрага адпачынку!



Тата гаспадара сядзібы Анатолій Міхайлавіч для гасцей праводзіць і майстар-класы па пляценні беларускіх лапцей. Гэтыя майстар-класы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Можна паназіраць за яго працай, паспрабаваць самому, а пазней абуць лапці, якія на вашых вачах зрабіў майстар. У аграсядзібе пабываў канал Бі-бі-сі, які здымаў фільм пра пляценне лапцей. Яшчэ тут можна навучыцца вырабу кошыкоў з лазы. Гаспадары займаюцца пчалярствам, таму духмяным мёдам ласуюцца госці, прапануюцца і стравы нацыянальнай беларускай кухні.



Самыя розныя варыянты актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды прапануе гаспадар аграсядзібы ў в. Чарэшля. Турыстам Міхаіл Анатольевіч арганізоўвае і праводзіць сплавы на байдарках па рэках Бярэзіне, Нёмане і Плісе.

– Сёлета мы правялі ўжо тры сплавы, на наступны месяц запланаваны яшчэ адзін, – гаворыць Міхаіл Анатольевіч. – У аграсядзібе спецыяльна распрацаваны асобны водны маршрут «Чарашлянская кругасветка» і зялены маршрут «Сцежкамі Любчанскага краю». Агульная працягласць маршруту складае каля 90 км і праходзіць уздоўж рэк Нёмана і Плісы. А ў г.п. Любча, аг. Шчорсы і Уселюб можна азнаёміцца з багатай гісторыяй краю. Перамяшчацца паміж населенымі пунктамі турысты могуць на веласіпедах ці пешшу. Распрацаваны для турыстаў яшчэ спецтур «Чарэшля партызанская» і экасцежка «Чарашлянскія ваколіцы». Усё гэта можа зацікавіць прыхільнікаў актыўнага адпачынку, аматараў беларускай этнаграфіі і прыхільнікаў багатай прыроднай, гістарычнай і культурнай спадчыны.




Падчас нашай сустрэчы Міхаіл Анатольевіч з задавальннем расказаў пра цікавыя мясціны краю, завіталі разам мы і на азёры.

– Знакаміта мястэчка Чарэшля сваёй старажытнай гісторыяй. Першае ўпамінанне вёскі датуецца 1652 годам. Цікавыя і назвы былі ў мястэчка – Чарэшля, Чэрэсла, Чэрэшка. Менавіта ад на­звы вёскі і пайшла назва возера. Вёска раскінулася на адным беразе возера, а на супрацьлеглым – лясныя абшары, багатыя грыбамі і ягадамі, – расказвае Міхаіл Анатольевіч. – Прыгожае возера Чарэшля раскінулася ў самым цэнтры населенага пункта Чарэшля. Возера злучана з ракой Нёман. І зімой, і летам маляўнічае возера прываблівае аматараў рыбалкі. Тут ловіцца таўсталобік, белы амур, шчупак, акунь, лешч, карась і інш.  Навагрудскім лясгасам на возеры было арганізавана платнае рыбалоўства, а з мая гэтага года тут можна рыбачыць бясплатна.

За два кіламетры ад вёскі на паўночным усходзе на пясчанай дзюне знахо­дзіцца археалагічная стаянка чалавека, якая адносіцца да позняга палеаліту і пачатку мезаліту. Датуецца 3-м тысячагоддзем да н.э., адносіцца да нёманскай культуры. У 1975 г. было прынята рашэнне аб стварэнні ў вёсцы Чарэшля музея «Партызанскай славы». Пазней стала называцца бібліятэкай-музеем. Галоўная частка экспазіцыі знаходзіцца ў лесе, дзе ў гады вайны дыслацыравалася брыгада імя Дзяржынскага, і займае плошчу каля 5 га.

Захавана дарога і насып, якія людзі ўручную насыпалі да драўлянага моста праз Нёман. Мост быў знішчаны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта нагадваюць варонкі ад скінутых авіябомбаў і рэшткі драўляных апор.

Непадалёку ад вёскі Чарэшля, акружанае лесам, раскінулася возера Глухое.


– Глухое – таму што знахо­дзіцца ў лесе, сюды ведаюць дарогу нямногія, – расказвае Міхаіл Зуевіч. – Акрамя таго, што тут ловяць рыбу рыбакі, мясцовыя жыхары восенню збіраюць журавіны. Гэта адно з некалькіх мясцін на Навагрудчыне, дзе расце гэтая ягада.

Далей мы накіраваліся на возера Пясчанае. Мясцовыя жыхары называлі гэта возера проста – возерам у лесе. Пазней пачалі называць яго Пясчаным з-за пясчанага дна і берага. Так з таго часу і з’явілася ў возера назва – Пясчанае.



Не саступае па прыгажосці, таямнічасці і загадкавасці яшчэ адно возера, якое мясцовыя жыхары называюць Святым. Паводле легенды, на месцы возера стаяла царква. У вёсцы жылі звычайныя людзі, сваё суцяшэнне знаходзілі яны ў царкве. Напалі на гэтую вёску ворагі, і тады людзі схаваліся ў царкве. У той час, як ворагі рабавалі і палілі вёску, людзі маліліся ў царкве і прасілі дапамогі. Царква правалілася пад зямлю, а на гэтым месцы ўтварылася дзіўнае па сваёй прыгажосці і глыбіні возера. Існуе і другая легенда – на беразе возера быў крыж, да якога прыходзілі мясцовыя жыхары, маліліся.



Хто хоць адзін раз пабыў у чарашлянскім краі, абавязкова завітае сюды яшчэ не раз. І нягледзячы на тое, што аграсядзіба «Чарэшля» знаходзіцца ў сапраўднай глыбінцы, яе наведваюць турысты з розных куткоў свету. Гаспадар Міхаіл Анатольевіч Зуевіч запрашае ў госці навагрудчан, а таксама ўсіх аматараў актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды завітаць у Чарэшлю, дакрануцца да гісторыі і самабытнай культуры Беларусі. А таксама адпачыць на берагах цудоўных азёр, якія штогод запаўняе мноства адпачывальнікаў, што прыязджаюць сюды ў надзеі нацешыцца сонечнымі ваннамі, здабыць спакой і мір, сузіраючы прыгажосць навакольнага пейзажу.

Вольга Пісар, «НЖ»