З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 1)

З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 1)

З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 1)

18 марта 2020 1743

Многа баёў і паходаў давялося правесці партызанам атрада імя Катоўскага пад кіраўніцтвам Міхаіла Міхайлавіча Чайкоўскага. Запомніўся мне бой па разгроме вялікага паліцэйскага гарнізона ў вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёна. У аперацыі ўдзельнічалі ўсе падраздзяленні брыгады імя Дзяржынскага Лідскага партызанскага злучэння. Наш атрад быў на галоўным напрамку. Вечарам 21 сакавіка 1944 года народныя мсціўцы выйшлі з месца дыслакацыі ў Любчанскім раёне, пераправіліся праз Нёман і размясціліся паблізу вёскі Барова.

У 4 гадзіны ночы, прыбыўшы з аператыўнай нарады ў штабе брыгады, Чайкоўскі сабраў камандзіраў рот і ўзводаў, палітработнікаў. Тут жа былі камісар атрада Мікіта Іванавіч Чанцоў і начальнік штаба Аляксандр Мікітавіч Ляошка. Чайкоўскі (на здымку) сядзеў ля стала, на якім была раскінута тапаграфічная карта з нанесенай баявой абстаноўкай. Яго смуглявы твар з шэрымі, заўсёды ўсмешлівымі вачыма, быў спакойны. Апрануты камандзір быў у суконны казакін, прастрочаны чорнай мярлушкай. На галаве крыху ссунутая на патыліцу кубанка з такога ж футра. Нарада працягвалася нядоўга. Чайкоўскі растлумачыў абстаноўку, баявую задачу і аддаў загад. Заданні атрымалі і палітработнікі. Міхаіл Міхайлавіч паведаміў, што сам будзе рухацца ў штурмавой групе левага фланга.


Малодшыя камандзіры разышліся па сваіх пад­раздзяленнях. Неўзабаве роты пайшлі на зыходныя рубяжы. Я ішоў на правым флангу з ротай Канстанціна Думбасара ў аддзяленні Віктара Бульбенкі і ўпаўголаса размаўляў з адзінай у атрадзе дзяўчынай-партызанкай Людмілай Сечка.

На шляху да Лугамавіч нас дагнаў камандзір атрада.

– Які настрой, арлы? – справіўся Міхаіл Міхайлавіч.

– Выдатны! – адказалі байцы.

Чайкоўскі саскочыў з каня і пайшоў побач з намі.

– А ноч жа якая! Хоць і халаднавата яшчэ, але пахне вясной.

– Набліжаецца не толькі вясна, – дадала Людміла, – блізіцца вызваленне роднай Беларусі.

Я слухаў гэту размову, адказваў на пытанні блізкага сябра і не ведаў, што размаўляю з Міхаілам у апошні раз. У апошні раз бачыўся і з Людмілай (на здымку).


Да ўказанага часу брыгада выйшла на месца бою. Сігнал да атакі раздаўся, як толькі пачало днець. Грымнуў выстрал з гарматы, і тут жа ўзвілася ракета. У адзіным парыве партызаны рынуліся на штурм акопаў, якімі вораг акружыў абаронны рубеж. Скрытнасць нашых дзеянняў і раптоўны налёт застаў гарнізон знянацку. Некаторыя з тых, хто сядзелі ў акопах, выскачылі і пачалі ўцякаць.

Але пасля першага замяшання вораг сабраўся і ўзмац­ніў агонь па наступаючых. Нам прыйшлося залегчы. Прыціснуліся да зямлі і суседзі справа – байцы атрада «Бальшавік». Агонь быў такі шчыльны, што і ўзняцца не было ніякай магчымасці. Асабліва люта агрызаўся кулямёт у дзоце. Вось у гэты крытычны момант паўзком і кароткімі перабежкамі імкнецца наперад Людміла Сечка. Яна адцягвае на сябе ўвагу варожых кулямётчыкаў, падпаўзае ўсё бліжэй да дзота і страляе з аўтамата па яго амбразуры.

З другога боку народных мсціўцаў вёў у бой Міхаіл Чайкоўскі. Ствол яго аўтамата быў раскалены ад бесперапынных чэргаў. Раптам камандзір на момант спыніўся, пахіснуўся і ўпаў на зямлю. Да яго падпаўзлі фельчар  Васіль Шчагарцоў і старшына Васіль Каранеўскі. Нерухомае цела Чайкоўскага вынеслі з поля бою. Камандаванне прыняў начальнік штаба атрада Аляксандр Ляошка. А крыху пазней пачулі другую сумную вестку: смяротна паранены Людміла Сечка і камандзіры аддзяленняў Віктар Бульбенка і Мікалай Шэнін. Катоўцы працягвалі наступаць і дзейнічаць мужна і самааддана, помсцячы за загінулых таварышаў. У першай палове дня акупацыйны гарнізон быў разгромлены.

Старшы лейтэнант Міхаіл Чайкоўскі яшчэ пры жыцці за баявыя заслугі  быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а пасмяротна – ордэнам Айчыннай вайны першай ступені. Гэтым жа ордэнам былі пасмяротна ўзнагароджаны Людміла Паўлаўна Сечка, Віктар Фёдаравіч Бульбенка, Мікалай Яфімавіч Шэнін. На брацкай магіле ў Любчы Навагрудскага раёна ўзвышаецца велічны абеліск, якім увекавечана памяць загінулых народных мсціўцаў. На мармуровай пліце вялікі спіс. Ён пачынаецца з імя Міхаіла Міхайлавіча Чайкоўскага – вернага сына савецкага народа і выхаванца камсамола.

У памяць аб загінулым названа вуліца ў  пасёлку Любча. Калі на дамах прыбівалі шыльды з назвай вуліцы, Мікалай Міхайлавіч Пранкевіч асабліва хваляваўся.

«Чайкоўскага», – паўтараў ён пра сябе. І ўспаміны вярталі яго зноў у тую баявую маладосць. Памятае ён першую сустрэчу з камандзірам, які акінуў яго позіркам і спытаў:

– Сур’ёзна рашыў ваяваць? Табе ж  яшчэ 18-ці няма ...

Не чакаў  такога пытання Мікалай Пранкевіч, але не разгубіўся:

– Несур’ёзна не ваююць, – адказаў ён і заўважыў, як партызаны, якія стаялі побач з камандзірам, усміхаліся.

– Тады ўсё ў парадку, – падбадзёрыў камандзір, – на поўным сур’ёзе ўсе разам  будзем знішчаць фашыстаў...

Мікалай Пранкевіч вылучаўся адвагай і кемлівасцю ў баявых паходах. Праз год яго прызначылі камандзірам аддзялення. Ён не забываў аб даверы, аказаным яму Чайкоўскім.

У пасёлку Любча Мікалай Пранкевіч пасяліўся ў пасляваенны час і больш сарака гадоў  выкладаў гісторыю ў мясцовай сярэдняй школе. Кожны раз, ідучы  на заняткі, ён затрымліваўся каля помніка-бюста Людміле Сечка, устаноўленага перад школьным будынкам.

Гісторыя гераічнай Навагрудчыны стваралася на вачах Пранкевіча – удзельніка тых падзей. І ён, выкладчык гісторыі, расказваў на ўроках аб тых, хто навекі ўвайшоў у айчынную гісторыю. Расказваў, як Людміла з першых дзён вайны дабравольна ўключылася ў барацьбу з акупантамі. Устанавіла сувязь з групай партызан, перадавала ім зброю, адзенне, прадукты, звесткі аб дзеяннях гітлераўцаў. А потым сама прыйшла ў партызанскі атрад імя Катоўскага. Адпраўлялася на разведку альбо на канспіратыўныя сустрэчы ў Карэлічы, Мір, Баранавічы, Навагрудак. У самых складаных сітуацыях, рызыкуючы жыццём, яна знаходзіла аптымальнае выйсце і прыносіла каштоўныя звесткі.

Аб загінулых за незалежнасць Айчыны памятае наш народ, таму адна з навагрудскіх вуліц названа імем Людмілы Сечка. Справы герояў працягваюць наступныя пакаленні. Народную памяць аб змагарах яны павінны перадаць як сваеасаблівую эстафету сваім нашчадкам.

Працяг будзе.

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін