Выжыць насуперак смерці. Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння ганаровага грамадзяніна Навагрудчыны Джэка Кагана

Выжыць насуперак смерці. Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння ганаровага грамадзяніна Навагрудчыны Джэка Кагана

13 апреля 2019 3134
7 красавіка споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння ганаровага грамадзяніна Навагрудчыны Джэка Кагана. Чатырнаццацігадовым палеткам ён, страціўшы ўсіх сваіх родных і стаўшы інвалідам, не толькі змог выжыць у гета і ўцячы праз тунэль, але і пабудаваць новае жыццё ў Англіі. Праз сорак пяць гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны Джэк Каган вярнуўся на малую радзіму і стаў першым, хто расказаў грамадскасці горада пра яўрэйскую абшчыну і Халакост на Навагрудчыне, дапамог увекавечыць памяць загінулых і паказаў родную зямлю нашчадкам вязняў навагрудскага гета. Джэка Кагана не стала тры гады таму, ён памёр у Лондане. У яго трое дзяцей, унукі, праўнукі. Ён стварыў фінансавую кампанію, якая зрабіла яго мільянерам. А падлеткам, перанёсшы ампутацыю пальцаў ног, ён ляжаў у бараку навагрудскага гета і рыхтаваўся да смерці. «Спачатку я пападу ў рай. Няма прычыны, каб адправіць мяне ў ад, таму што мне толькі чатырнаццаць гадоў і я нікому не зрабіў шкоды. І калі мне зададуць пытанне: «Чаго б ты хацеў? Ты можаш мець усё, што хочаш». Маім адказам будзе: «Калі ласка, можна мне свежую булачку з маслам».

Д. Каган, Д. Коэн «Халакост і супраціўленне на радзіме А. Міцкевіча»

88_4

Усё перакрэсліла вайна

Да 1939 года сям’я Ідэля Кагана (імя Джэк ён узяў у эміграцыі), як і многія яўрэйскія сем’і Навагрудка, займалася бізнесам. Незвычайным было тое, што два браты Янкель (бацька Джэка) і Мошэ ажаніліся з дзвюма сёстрамі. Так і жылі ўсе ў адным доме і ўсё рабілі разам. У кожнай сям’і было па двое дзяцей. Каганы мелі майстэрню, дзе шылі боты і рабілі вупраж для коней, і два магазіны. Маці Джэка была жанчынай з дзелавой хваткай, яна вяла справы. Цётка займалася гаспадаркай і дзецьмі. Але вайна ўсё перакрэсліла. У суботу, 26 ліпеня 1941 года, мясцовая паліцыя зрабіла аблаву на яўрэяў. Схопленых мужчын вывелі на Рыначную плошчу. 88_3 «Я быў на рынку, убачыўшы эсэсаўцаў, схаваўся ў руінах згарэлага дома. Я чуў выстралы і гукі аркестра. Эсэсаўцы выбралі 52 яўрэяў і расстралялі. Жанчынам-яўрэйкам загадалі змыць кроў з булыжнай маставой». Доўгія гады Джэк Каган думаў, што гучанне музыкі яму падалося, а потым даведаўся, што, калі немцы расстрэльвалі яўрэяў, то сапраўды аркестр іграў Штрауса. 6 снежня 1941 года ўсіх яўрэяў сабралі каля будынка суда. Цэлы дзень іх пратрымалі на дваццаціградусным марозе і толькі вечарам адчынілі дзеры будынкаў. Два дні людзей не выпускалі, а 8 снежня пачалася селекцыя. Сям’ю Джэка пакінулі ўжывых. А вось дзядзьку і яго сям’ю разам з іншымі 5 500 яўрэямі расстралялі каля вёскі Скрыдлева. Выжыць змог толькі стрыечны брат Берл (у эміграцыі ўзяў імя Дов Коэн), які потым уцёк з гета і быў у партызанскім атрадзе Тувія Бельскага.

«Я падпісаў сабе смяротны прыгавор»

Гета на Перасецы, якое было створана пасля масавай акцыі расстрэлу, лічылася адкрытым. Вязні працавалі ў майстэрнях і ў былых казармах. Бацька Джэка быў шорнікам, маці шыла рукавіцы, Джэк вазіў на тачцы каменне. Яму толькі споўнілася трынаццаць, работа была цяжкай, і іх часта білі. Пасля другога масавага расстрэ­лу на Літоўцы моладзь пачала ўцякаць з гета. Джэк таксама пачаў рыхтавацца да ўцёкаў. Выйсці з гета было нескладана, аднак куды ісці, калі мала хто адважыцца дапамагчы яўрэю. 22 снежня 1942 года ён усё ж такі вырашыў уцякаць. Разам з іншымі ўцекачамі Джэк накіраваўся ў абход горада да дома Баброўскіх, дзе была назначана сустрэча з партызанамі. Калі перахо­дзілі рэчку, лёд праламаўся і валёнкі Джэка імгненна прапіталіся вадой, да іх стаў прыліпаць снег. Кожны крок даваўся ўсё цяжэй. Калі дабраліся да дома Баброўскіх, партызан ужо не было. Да наступнага прыходу партызан патрэбна было чакаць тры дні. Жонка Баброўскага дала Джэку міску гарачага супу, але пакінуць у доме іх не маглі. Трэба было ісці ў лес. Джэк разумеў, што там ён замерзне, таму вырашыў вярнуцца ў лагер. Ён выбраўся на дарогу і стаў чакаць. Міма праязджаў чалавек на санях, і Джэк употай забраўся на іх. Яму пашчасціла, што селянін ехаў па Перасецы на вуліцу Карэліцкую. Праз некаторы час юнак быў ужо ў гета. Пальцы на абедзвюх нагах Джэка былі адмарожаны і пачарнелі. Не было ні ўрача, ні медыкаментаў, ні перавязачных матэрыялаў – у гета не было нічога. Праз некалькі дзён зубны ўрач вырашыў ампутаваць яму пальцы. 88_2 «Мяне трымалі чатыры чалавекі, яны заціскалі мне рот, каб ахова не чула, як я крычаў. Калі ўрач рэзаў мяса, не балела, але калі ён браў зубныя шчыпцы для касцей, гэта было пакутай. Горш за ўсё было ўсведамляць, што я падпісаў сабе смяротны прыгавор: я знаходзіўся ў лагеры і не мог хадзіць». Цяпер кожны дзень для Джэка быў напоўнены болем і чаканнем чарговага кавалачка хлеба. З-за гразі ў бараку было шмат вошай і клапоў, якія запаўзалі пад павязкі на яго нагах і вярэдзілі раны. Ён ніяк не мог прывыкнуць да холаду і голаду, аднак, нягледзячы ні на што, вельмі хацеў жыць.

Выратаванне

7 мая 1943 года ў гета была чарговая расправа. Джэк чуў, як білі людзей, а праз некаторы час раздаліся выстралы. Ён павярнуўся да сцяны і ціха ляжаў – галасіла сэр­ца. У гэты дзень не стала яго маці, сястры і цёткі. Цяпер ён застаўся адзін з бацькам. Вязні разумелі, што нікога не пакінуць ўжывых, і прынялі рашэнне арганізаваць пабег. Як успамінае Джэк Каган, слова «тунэль» змяніла ўсю атмасферу ў лагеры. У вязняў з’явілася надзея. У ліпені баць­ку Джэка адправілі ў лагер у Калдычэве, дзе ён загінуў пры спробе ўцячы. Адзіным выратаваннем для Джэка застаўся дзядзька, які падкормліваў, часам хто-небудзь дзяліўся кавалачкам хлеба ці даваў крышку нішчымнага супу. Праляжаўшы паўгода ў бараку, Джэк быў вельмі худы і слабы, але спрабаваў ха­дзіць. Ён нават пачаў удзельнічаць у будаўніцтве тунэля. Кожны вечар разам з іншымі ён па ланцужку перадаваў маленькія мяшочкі з зямлёй. Уцёкі былі назначаны на 26 верасня 1943 года. 88_1 «Сябры прыйшлі пажадаць мне поспеху, быццам я быў адзіны, хто ўцякаў. Я зразумеў, што яны мелі на ўвазе. Яны думалі, што я не змагу выкарыстаць шанс застацца ўжывых. Я адчуваў, што яны шкадуюць мяне. Усе яны пайшлі са слязамі на вачах. Аднак я не баяўся» Джэк і яго сябар Песах Абрамовіч, у якога не было пальцаў на адной назе, былі сярод апошніх, хто пакідаў лагер праз ту­нэль. Разумеючы, што яны не змогуць рухацца хутка, сябры вырашылі не бегчы ў лес, а ісці полем, абмінаючы горад, па тым жа маршруце, як і ў першы раз. Ліў дождж, па ўзаранай зямлі было цяжка ісці, ногі правальваліся. Джэк адчуваў, што раны зноў адкрыліся, боль быў нясцерпным. На пяты дзень блуканняў яны сустрэлі ў лесе людзей, якія размаўлялі на ідышы. Гэта было выратаваннем. Так юны Ідэль Каган апынуўся ў славутым яўрэйскім партызанскім атрадзе братоў Бельскіх.

Ад жабрака да мільянера

Калі Навагрудчыну вызвалілі, партызанскі атрад Бельскага калонай вярнуўся ў горад, дзе ўсе атрымалі даведкі, што з’яўляліся партызанамі. Такі дакумент быў і ў пятнаццацігадовага Джэка. Ён вярнуўся ў родны горад, але дом яго згарэў, а з родных застаўся толькі стрыечны брат Берл. Жыць не было дзе, ісці няма куды, ён інвалід. Спачатку Джэк запісваецца ў школу, але вучыцца не можа, таму што павінен працаваць, каб пракарміць сябе. Пачынае Каган з продажу вады. Потым стаў ездзіць у Маскву і іншыя гарады: у адным месцы ён купляў нейкую рэч, а ў другім з нацэнкай яе перапрадаваў. Калі ў 1945 годзе выхо­дзіць загад, згодна з якім былыя польскія грама­дзяне атрымалі дазвол на выезд у Поль­шчу, Джэк і яго стрыечны брат Берл пакідаюць Беларусь. У Польшчы браты былі нядоўга. У Джэка была стрыечная сястра ў Лондане. Ён едзе да яе і там уладкоўваецца на працу. Аднак Каган вырашае, што павінен паехаць у Палесціну, толькі вось застацца там не атрымалася, і ён вярнуўся ў Вялікабрытанію. Спачатку працуе краўцом на фабрыцы па пашыве сумак, а ўжо праз тыдзень узначальвае закройны цэх. А праз пятнаццаць месяцаў ён заснаваў уласную кампанію. Яго наступны бізнес – канцылярскія тавары з пластмасы. Гэта тое, што сапраўды прынесла яму поспех. Да слова, Джэк Каган не вучыўся ва ўніверсітэтах. Ён зарабіў мільёны дзякуючы ўласнаму практычнаму розуму. А тое, што яму давялося перажыць, зрабіла яго па-сапраўднаму загартаваным чалавекам. 88_6 Пакінуўшы бізнес, Джэк Каган свой час, энергію і грошы прысвяціў таму, каб увесь свет даведаўся пра мужнасць і стойкасць вязняў навагрудскага гета і патрызан атрада Бельскага. Ён устанавіў помнікі на месцах масавых расстрэлаў, з яго дапамогай быў створаны Музей яўрэйскага супраціўлення. За ўклад у захаванне памяці аб навагрудскай абшчыне ў 2010 годзе яму было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Навагрудскага раёна. І ён ім вельмі ганарыўся. Неверагоднае жаданне жыць, мужнасць і сіла духу Джэка Кагана, яго любоў да малой радзімы і вялікае імкненне аднавіць гістарычную праўду пра Халакост і супраціўленне яўрэяў на Навагрудчыне вучаць нас верыць у тое, што нават адзін чалавек можа змяніць свет вакол сябе. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Варта пачытаць: Жалобны шлях асуджаных на смерць Трагедыя,  якую нельга забыць