Навагрудская сінагога

Навагрудская сінагога

Навагрудская сінагога

29 Ноября 2019 1319

Яўрэі ў Навагрудку з’явіліся ў ХV ст. У сярэдзіне ХVІ ст. іх прысутнасць у горадзе была ўжо даволі значнай. У XVII-XVIII стст. абшчына настолькі вырасла, што яўрэі пачалі сяліцца па-за межамі спецыяльна адведзеных для іх раёнаў горада.

Інвентары ХVІ ст. сведчаць, што ў адпаведнасці з гарадскімі ўмовамі навагрудскім яўрэям было выдзелена 20 гарадскіх пляцаў і 2 магазіны на рынку паміж хрысціянамі. У 1636 годзе па распараджэнні Уладзіслава Вазы, польскага караля, навагрудскім яўрэям было дазволена будаваць каменныя дамы і крамы, а ў 1646 годзе ім быў выданы дазвол на некаторыя вольнасці – уладанне дамамі, участкамі, крамамі, на права гандлю, на будаўніцтва рэлігійных святынь і могілак.

Яшчэ да таго, як яўрэйская абшчына выкупіла у караімаў Вялікага Княства Літоўскага генэзу – сховішча для світкаў Торы, пабудаваную імі ў 1648 годзе, і пачаў выкарыстоўваць яе ў якасці сінагогі, яўрэі Навагрудка збіраліся ў сваіх дамах, каб разам маліцца ў Шабат і іншыя святы, а таксама вывучаць Тору.

IMG_5237

Сінагога ва ўсе наступныя часы заставалася для навагрудскіх яўрэяў не толькі асноўным месцам, дзе яны збіраліся дзеля малітвы, але і цэлым Сусветам, які падпарадкоўваў сабе ўсё рэлігійнае жыццё абшчыны.

Сінагога, у перакладзе з грэчаскай мовы, азначае «сход», «дом для сходаў», памяшканне, якое служыць для яўрэяў месцам правядзення богаслужэнняў. У адрозненне ад хрысціянскай царквы, сінагога не з’яўляецца храмам, а толькі памяшканнем для агульнай малітвы. Сінагога ў жыцці яўрэйскай абшчыны займае галоўнае месца.

Навагрудская сінагога знаходзілася недалёка ад Рыначнай плошчы, на вуліцы Яўрэйскай, дзе здаўна быў адзін з яўрэйскіх кварталаў горада. Яна называлася Вялікай халоднай сінагогай і размяшчалася за касцёлам Святога Міхала. Зараз гэта вуліца Савецкая.

Гэта быў вялікі каменны будынак, пабудаваны ў стылі барока. Па апісаннях унутранага выгляду сінагогі, у цэнтры малітвеннай залы было ўзвышэнне – біма, абмежаваная чатырма васьміграннымі слупамі і перакрытая крыжападобным скляпеннем. Вуглавыя часткі інтэр’ера таксама мелі крыжовыя скляпенні.

Унутры памяшкання знахо­дзіўся ўмывальнік, дзе служыцелі культу перад пачаткам службы амывалі рукі і ногі. Непадалёку ад яго размяшчалася нешта падобнае да шатра, гэта было Свяцілішча, закрытае спецыяльнай занавескай. Сюды маглі заходзіць толькі свяшэннаслужыцелі. Там стаяў Каўчэг Запавету, у якім знаходзіліся Скрыжалі Запавету. Каля адной са сцен стаяла шафа, у якой захоўваліся світкі Торы. Унутры былі размешчаны дапаможныя памяшканні ў выглядзе галерэі для знаходжання там жанчын.

Функцыі сінагогі былі больш шырокімі, чым правядзенне богаслужэнняў. Адной з галоўных яе задач было распаўсюджванне рэлігійнай адукацыі. Пры сінагогах звычайна былі школы, у якіх дзеці вывучалі Тору. Адной з самых вядомых была іешыва «Бейт Іосеф», якую заснаваў равін Іосіф Гурвіц. Вядома, што ў пачатку ХХ ст. у Навагрудку працавала сямікласная яўрэйская школа «Тарбут», прыватныя рэлігійныя школы. Было таксама некалькі хедэраў.

Цэнтрам жыцця яўрэяў была абшчына, ці кагал. Кіраваў кагалам старшыня. Значную ролю ў жыцці кагалу меў равін. Яўрэі ахоўвалі свае рэлігійныя традыцыі на працягу некалькіх сотняў гадоў існавання навагрудскай абшчыны. Самым першым навагрудскім равінам, аб якім маюцца звесткі, быў Шалом Лур’е, які жыў у ХVІ ст. У канцы ХVІІІ-пачатку ХІХ стст. на працягу 43 гадоў у Навагрудку працаваў самы вядомы ў Расіі равін Мошэ Дуд. Пазней навагрудскую абшчыну ўзначаліў Аляксандр Зіскінд – дзед вядомага ўсім Аляксандра Гаркаві.

Вядомымі рэлігійнымі дзеячамі Навагрудка ў розныя часы былі Шмуэль Вільнер, Ізраіль бен Іегуда, Давід бен Мошэ і іншыя. Вядома, што ў міжваенны перыяд у Навагрудку кантарам быў Эліэзер Рабіновіч, які вёў у сінагозе хор.

Сінагога ў Навагрудку працавала бесперапынна да Другой сусветнай вайны. Пасля вайны ў будынку сінагогі быў зроблены склад. У 1964 годзе сінагогу разбурылі. Цяпер на яе месцы знаходзіцца аўтастаянка.

IMG_5235

Галіна Кавальчук, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея

Варта пачытаць:

Вяртанне  праз стагоддзі. Праваслаўная царква ў імя Прасвятой Багародзіцы ў Навагрудку

Вяртанне праз стагоддзі: сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе

Вяртанне праз стагоддзі: Навагрудская ратуша