Сядзіба Чамброва

Сядзіба Чамброва

Сядзіба Чамброва

03 октября 2018 2744

Сядзіба Чамброва знаходзілася паміж вёскамі Валеўка і Радагошча. Першымі вядомымі ўладальнікамі Чамброва былі Курчы герба Радван. У ХVІІІ стагоддзі гэты маёнтак належаў сям’і Узлоўскіх, а ў пачатку ХІХ стагоддзя быў набыты навагрудскім адвакатам Карповічам. Пасля маёнтак належаў яго сыну Юліяну, які быў жанаты на Караліне з роду Булгакаў, а апошнім уладальнікам быў унук Кароль, жанаты на Марыі Паплаўскай. Чамброва знаходзілася ва ўласнасці роду Карповічаў больш за сто гадоў.

12_2 12_3

Адразу пасля набыцця Чамброва адвакат Карповіч на ўзгорку пабудаваў драўляны дом у класічным стылі. Гэта быў невялікі дзевяцівосевы прамавугольны будынак на падмуроўцы. Да дома з боку заезду прылягаў порцік з чатырма калонамі, размешчанымі парамі. Пад порцікам была ўсталявана тэраса. Будынак быў пакрыты высокім гладкім дахам з гонты. Каля ўваходу ў дом у цэнтры столі быў выразаны з дрэва голуб, які сімвалізаваў Святога Духа.

Па звестках, якія захаваліся, унутры дома знаходзілася дзесяць пакояў з калідорам і сходамі, якія вялі на другі паверх. З правага боку ад сяней знаходзілася сталовая. Прама з сяней быў уваход у вялікую залу. Насупраць уваходу вісеў цёмны абраз у пазалочанай раме, намаляваны Юліянам Карповічам, і партрэт Адама Міцкевіча. З залы дзверы вялі ў кабінет гаспадара, у якім захоўвалася вялікая калекцыя матылёў і жукоў, якую сабраў Кароль Карповіч. З правага боку ў зале быў куточак, які называлі «зялёны салонік». Там размяшчалася копія абраза Святога Ежы, які намаляваў Юліян Карповіч, і люстэрка ў чорнай раме.

У Чамброве знаходзілася вялікая бібліятэка з выданнямі класікаў, альбомамі, калекцыямі малюнкаў і гравюр, вялікай колькасцю штотыднёвікаў, газет, а таксама багаты сямейны архіў. Перад домам быў разбіты газон, абсаджаны кветкамі і кустамі. З левага боку газона знаходзіўся флігель, з правага – доўгі будынак стайні.

Дом у Чамброве прываб­ліваў не толькі сваёй архітэктурай і навакольнымі краявідамі, але і тым духам, той атмасферай, якая ў ім панавала. Многія лічылі чамброўскі двор адным з прататыпаў міцкевічаўскага Сапліцова. І, магчыма, па гэтай прычыне ў 1928 годзе тут здымалі фільм па паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

У Чамброве часта бываў знакаміты фатограф Ян Булгак, якога звязала з Чамбровам сваяцтва. Яго родная цётка Караліна Карповіч, уладальніца маёнтка, была яго хроснай маці.

Значная частка маёмасці чамброўскага двара была разрабавана яшчэ ў час Першай сусветнай вайны. А ў 1943 годзе дом Карповічаў у Чамброве быў спалены. Пасля пажару ад чамброўскай сядзібы засталіся мураваныя скляпы, фундаменты і высокі падмурак з камянёў. Сёння можна ўбачыць рэшткі ліпавай алеі і невялікую каплічку. Памяць пра сваё радавое гняздо захоўваецца нашчадкамі роду Карповічаў, якія жывуць у Варшаве і наведваюць свае родныя мясціны.

12_1

Вольга Пісар, «НЖ»