Былы млын-вятрак у Навагрудку

Былы млын-вятрак у Навагрудку

Былы млын-вятрак у Навагрудку

14 января 2020 2493

На заходнім краі пляцоўкі Малога замка калісьці стаяла магутная баявая вежа. Яна была пабудавана ў канцы ХІІІ – першай палове ХІV ст. з палявога каменя і цэглы. Вежа была прамавугольнай у плане (12,3 х 10,9 м), таўшчыня яе сцен дасягала 2,6 м. Фундамент уваходзіў у зямлю на глыбіню каля 2-х метраў. Ён быў складзены з вялікіх валуноў. Тэхніка будаўніцтва нагадвала вежы Навагрудскага замка –  Шчытоўку і Касцельную. Вежа была ўзведзена над старажытным уездам на Малы замак.


На рубяжы XV і XVІ ст. старажытную вежу разбурылі і перабудавалі. Да ўсіх чатырох сцен падмурка зрабілі прыкладкі таўшчынёй у 1 метр і вымуравалі новую 8-гранную вежу з цэглы. Вежа прастаяла да сярэдзіны XVII ст., яе разбурылі падчас ваенных дзеянняў. У канцы  XVII ст. на месцы былой баявой вежы быў пабудаваны каменны млын з выкарыстаннем будаўнічага матэрыялу вежы-папярэдніцы. На планах горада канца XVIІI ст. замест вежы ўжо значыцца млын-вятрак.

Вятрак. Ян Булгак. Пач. ХХ ст.

На фотаздымку вядомага фотамастака Яна Булгака пачатку ХХ ст. відаць, што вятрак не пашкоджаны і знаходзіцца ў добрым стане. Вядома, што ўжо перад самай вайной будынак млына выкарыстоўваўся пад жыллё. А ў другой палове ХХ стагоддзя жыхары Малога замка прыстасавалі яго руіны пад вяндлярню, а затым пад дрывотню.

27 чэрвеня 1996 года пабудове быў нададзены статус «Гістарычна-культурная каштоўнасць канца XVII ст.  «Рэшткі каменнага млына». А рашэннем Навагрудскага райвыканкама ад 10.06.1998 г. №202 рэшткі былога ветрака былі перададзены ў бязвыплатнае карыстанне Пятру Аляксандравічу Сільвановічу. Паміж камітэтам па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і Пятром Сільвановічам было заключана ахоўнае абавязацельства. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя і прызначаны  навуковы кіраўнік. Пачаліся падрыхтоўчыя работы па рэканструкцыі ветрака, устаноўлены драўляныя апорныя стойкі, ачышчаны падвал, а сцены ветрака, каб ачысціць іх ад пылу і бруду, паліты вадой. Але 20 мая 1999 года падчас урагану сцены вежы абваліліся.

Замак. Акварэль Ю.Пешкі

Нягледзечы на тое, што ад вежы нічога не засталося, Пётр Аляксандравіч вырашыў не здавацца і адбудаваць вятрак. У  2001 годзе ён атрымаў дазвол на права правя­дзення работ па аднаўленні каменнай часткі млына ў Навагрудку. Планавалася, што ўладальнік выканае праектную дакументацыю і пачне рэканструкцыю вежы-млына. У Пятра Сільвановіча было шмат цікавых задумак. Напрыклад, зрабіць у сценах ветрака музей, у якім наведвальнікам будзе паказаны працэс вырошчавання зерня і выпякання хлеба. На першым паверсе планавалася ўстанавіць жорны, каб наведвальнік змог убачыць, як мелецца мука. Паверхам вышэй павінны былі дэманстравацца прадметы этнаграфіі і побыту: ткацкія станкі, ганчарныя колы, кавальскія гораны. Шматлікія прадметы і прылады працы селяніна і рамесніка можна было б не толькі ўба­чыць, але і паглядзець, як яны працуюць. Вельмі добрая задумка. Гэта быў бы сапраўдны інтэрактыўны музей. Тут маглі б працаваць рамеснікі (ганчары, кавалі), якія адразу б прадавалі свае вырабы турыстам. А ў верхняй частцы ветрака павінна было размясціцца кафэ з аглядальнай пляцоўкай, з вышыні якой наведвальнікі змаглі б убачыць панараму Навагрудка.

Але смелыя планы Пятра Сільвановіча, на жаль, не ажыццявіліся. Сёння мы толькі можам спадзявацца, што калі-небудзь знойдзецца чалавек, апантаны ідэяй адбудовы млына-ветрака, як Пётр Аляксандравіч Сільвановіч, і тэрыторыя Малога замка паступова ператворыцца ў музей пад адкрытым небам, куды будуць прыходзіць тысячы турыстаў з розных куткоў свету.

Наваградак. Замкавая гара. Вежы і руіны царквы. Сяр. ХІХ ст.

Галіна Кавальчук, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея

Варта пачытаць:

Вяртанне праз стагоддзі. Навагрудская сінагога

Вяртанне праз стагоддзі: сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе